Адкуль у беларускага Заслаўя «ўкраінскі» герб
Тлумачым для тых, хто яшчэ не ведае гісторыю сімвала старажытнага горада.
Залаты трызубец на сучасным гербе беларускага Заслаўя ў многіх, напэўна, выклікае наўпроставыя асацыяцыі з галоўным сімвалам Украіны. І не толькі ў турыстаў з Расіі, але і ў тых з беларусаў, хто слаба знаёмы з мінуўшчынай сваёй краіны.
Пры гэтым далёка не ўсе ведаюць, што на самай справе гісторыя абодвух гербаў цесна пераплеценая. Запоўнім гэты прабел.
Для пачатку нагадаем, што сучасны герб Заслаўя быў зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 жнiўня 1999-га. У тым жа годзе ён быў зацверджаны рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў.
Апісанне герба гучыць так: у чырвоным полі іспанскага шчыта залаты трызубец.
Трызубец — гэта стылізаваная выява княжацкага знака. Князем гэтым быў Ізяслаў — сын кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны.
Пасля няўдалага замаху жонкі князь Уладзімір заснаваў горад Ізяслаўль, куды і выслаў Рагнеду з сынам. Ад бацькі Ізяслаў атрымаў у спадчыну тамгу, родавы знак — пячатку з трызубцам.
Пячатка Ізяслава
У 1953 годзе на раскопках у Ноўгарадзе была адшуканая пячатка, якую падрабязна вывучыў і апісаў савецкі археолаг Валянцін Янін. Ён прыйшоў да высновы, што гэта княжацкі знак мог належыць Ізяславу Уладзіміравічу. Там жа знайшлі і пячатку кіеўскага князя Уладзіміра, бацькі Ізяслава.
Вучоны прыйшоў да высновы, што размешчаны на пячатцы княжацкі знак сына вельмі падобны на тамгу яго бацькі. Адрозніваўся княжацкі знак Ізяслава толькі дадатковым кружком на вяршыні левага зубца. На аверсе пячаткі захаваўся чытэльны надпіс «Изас[лав]вос».
Тлумачэнне акадэміка Яніна на гэты конт цытуе кніга «Гербы і сцягі Беларусі»:
— У аснове развіцця княжацкага знака ляжала атрыманне ў спадчыну бацькавай тамгі з даданнем (або адабраннем) той ці іншай яе дэталі. У выніку кожны знак спалучае ў сабе прыкметы «радавыя», г.зн. тыя, што дазваляюць усталяваць прыналежнасць знака да пэўнай галіны княжацкага дома, і індывідуальныя, г.зн. якія дазваляюць усталяваць прыналежнасць знака пэўнай асобе.
А вось што пра трызубец Ізяслава кажа гісторык Ігар Марзалюк:
— Бадай што першым афіцыйным сімвалам маладой дзяржаўнасці нашых зямель можна і патрэбна лічыць графічную пячатку полацкага князя Ізяслава, сына вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаслававіча і гордай полоцкай князёўны Рагнеды. (…)
Адціснутая на свінцовай пласцінцы пячатка ўтрымлівае варыянт знака Рурыкавічаў, уладароў Старажытнай Русі, — трызубец з крыжом наверсе і надпісам «Ізяслаў».
Нездарма зараз менавіта трызубец Ізяслава з’яўляецца гербам Заслаўя. Горада, які быў заснаваны сынам гордай полацкай князёўны і Уладзіміра Святаслававіча, хрысціцеля Русі — Ізяславам. Тым самым Ізяславам, пры якім Полацкая зямля адрадзіла ўласную дынастыю і зноў стала самастойнай.
Марзалюк нагадвае, што «суверэнітэт Полацкай зямлі ўвасабляўся ў асобе князя, тагачасная дзяржаўная сімволіка адпавядала княскаму гербу-трызубу».
І напрыканцы прыгадаем сучасны герб Украіны. Зацверджаны ён у 1992 годзе. Асноўным геральдычным сімвалам украінскага герба з’яўляецца залаты трызубец на сінім фоне — княжацкі знак Уладзіміра Вялікага.
Читайте еще
Избранное