Истоки

Вераніка Бялова

Акудовіч: «Беларуская і ўкраінская рэвалюцыі вельмі паказальныя ў сэнсе нашых нацыянальных характараў»

Чаму беларусы так любяць саюзы, якое наша галоўнае адрозненне ад украінцаў і як, амаль не маючы ў сваёй гісторыі аўтакратаў, мы атрымалі на сваю галаву Лукашэнку?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні «Салідарнасць» спрабуе знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі разам з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

 

Цімафей Акудовіч

«Беларусы на фоне суседніх нацый крыху прытарможваюць»

— Адкуль увогуле з’явіліся беларусы? Хто прыдумаў так называцца і калі сам народ пачаў усведамляць сябе менавіта беларусамі?

— Гэта няпростае пытанне. Тая супольнасць людзей, якія жывуць на дадзенай тэрыторыі, адрознымі пачала ўсведамляць сябе даўно — як мінімум у часы Вялікага княства Літоўскага, а можа, і раней. Але пры гэтым яны называлі сябе па-рознаму — Літвой, Руссю, неяк яшчэ. То бок, ліцвіны і русіны, жывучы ў адной дзяржаве, разумеючы, што яны адрозныя ад Русі ўкраінскай, ад Літвы балцкай, усё роўна называліся па-рознаму.

А вось такая цэнтралізацыя сэнсаў у нас адбылася значна пазней. Менавіта праект «Беларусь» пачаў выкрышталізоўвацца ў ХІХ ст., а канчаткова сфармаваўся толькі ў ХХ ст. Мы ў гэтым сэнсе спецыфічная нацыя.

Таму можна сказаць, што беларусы як адрозная супольнасць пачала фармавацца амаль тысячу год таму, але як монаэтнічная супольнасць, як нацыя аб’явіла сябе толькі ў ХХ ст.

— З-за гэтага многія даследчыкі называюць беларусаў запозненай нацыяй. На фоне суседзяў мы сапраўды спазняемся?

— Думаю, што правільна так казаць. Мы крыху пазней пачалі фарміравацца, чым, напрыклад, украінцы, літоўцы, латышы, эстонцы, — калі ўзяць блізкія да нас нацыі без эліт, «сялянскія» нацыі.

Беларусы ў параўнанні з суседнімі нацыямі, якім гадоў па 200, крыху прытарможваюць. Па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах.

— І што гэта за прычыны?

— У даследчыкаў ёсць шмат таму тлумачэнняў. Гісторык Павел Церашковіч апісаў сукупнасць такіх прычын.

Напрыклад, рэлігійныя. Большасць беларусаў праваслаўныя, а праваслаўныя ў ХІХ ст. былі менш адукаваныя. У гэтым сэнсе латышы, літоўцы, эстонцы прасунуліся наперад, бо ў іх было больш пратэстантаў, менавіта сярод сялянства. Адукацыя, вось гэтае ўменне чытаць і пісаць ўплывае на фармаванне нацыянальнай свядомасці.

Далей менавіта адрознасць моў. Беларуская мова, як ні круці, блізкая да польскай і да рускай. І гэта затарможвала наша развіццё, бо літоўцы, латышы, эстонцы выдатна разумелі, што яны іншыя проста з-за мовы. У нас гэта было складаней.

Таксама працэс фармавання нацыі затарможвала наяўнасць вялікай колькасці запрыгоненых сялян. У балтыйскіх народаў у ХІХ ст. вольных сялян было ў 2-3 разы больш.

Яшчэ адна прычына — цалкам прыналежнасць тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі, што ну ніяк не спрыяла развіццю нацыянальных рухаў. Напрыклад, ва ўкраінцаў была Галіччына, якая знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі, у палякаў — тое ж самае. Нават ў літоўцаў былі землі, якія мелі дачыненне да Прусіі, і ў іх была магчымасць развіваць нацыянальную ідэнтычнасць ў больш спрыяльных умовах.

Сума гэтых фактараў і прывяла да таго, што Беларусь запазнілася (і зараз запозніваецца) з нацыянальным развіццём.

«Тутэйшыя людзі ніколі не хадзілі ў агрэсіўныя ваенныя паходы. Не мелі такіх амбіцый, хаця магчымасці мелі»

— Як наша гісторыя адбілася на нацыянальным характары? Якія найбольш важныя гістарычныя падзеі сфарміравалі беларускі характар. Ці наадварот, як беларускі характар зрабіў магчымымі тыя ці іншыя падзеі?

— Тут адразу трэба сказаць, што тэма нацыянальнага характару — не навуковая. Гэта спроба сфармуляваць метафару на падставе разумення гісторыі.

Калі мы кажам пра нейкі тутэйшы характар, то праз гісторыю можна прасачыць вялікую схільнасць тутэйшых людзей да заканатворчасці, да падпарадкаванасці закону. Мне падаецца гэта вельмі важны аспект. Адсюль жа выходзіць і тэма пра мірнасць беларусаў. У тым сэнсе, што мы хутчэй схіляемся да дыпламатычнага вырашэння праблем, чым да ваеннага развязвання канфлікту.

Зрэшты, апроч часоў ранняга ВКЛ, тутэйшыя людзі ніколі не хадзілі ў агрэсіўныя ваенныя паходы. Амаль што нікога ніколі не заваёўвалі. Не мелі такіх амбіцый, хаця магчымасці мелі.

Таму вось гэтая паслухмянасць і схільнасць да дыпламатыі, на маю думку, ёсць асаблівасці тутэйшага характару. Але, паўтаруся, гэта вельмі агульныя метафары і ніяк не кажуць пра тое, што ўсе беларусы мірныя і дыпламатычныя.

— Гісторык Святлана Куль-Сельверстава назвала беларусаў суперпрыстасаванцамі, у тым сэнсе, што мы ў досыць неспрыяльных умовах змаглі выжыць, прыстасаваўшыся да абставін. Вы згодныя з такім азначэннем?

— Наконт прыстасаванства, напэўна, не зусім пагаджуся. Калі мы маем на ўвазе пад гэтым словам жаданне дзесьці схавацца, растварыцца, то, напэўна, не. Якраз мы можам адзначыць, што беларусы знаходзілі сваё месца ў розных імперыях — у Рэчы Паспалітай, у Расійскай імперыі, у Савецкім саюзе. У тым ліку на досыць высокіх пасадах.

Таму калі і казаць пра прыстасаванства, то, мне падаецца, гэта было прыстасаванства не дзеля асабістай карысці, а менавіта дзеля развіцця і паляпшэння той сістэмы, якая панавала на той момант у Беларусі.

Продкі беларусаў вельмі аддана ўкладваліся і ў старадаўнюю Русь, і ў ВКЛ, і ў Рэч Паспалітую. Калі мы бярэм ХІХ ст., часы Расійскай імперыі, то ідзе раздзяленне беларусаў на тых, хто змагаўся з Імперыяй, і тых, хто спрабаваў зрабіць яе лепш, наколькі гэта было магчыма.

Слова прыстасаванства мне не вельмі падабаецца. Хутчэй мне больш падабаецца гаворка пра дыпламатычнасць і спробу вырашыць праблемы мірным шляхам, што не заўсёды добра, але часам і карысна.

Адзін з вашых артыкулаў на «Менскім часе» называецца «Чаму беларусы не такія смелыя, як украінцы». Сапраўды, чаму?

— Гэта якраз пра тое ж самае. Калі казаць пра нацыянальны характар, то ва ўкраінцаў — ну так гісторыя склалася, геаграфія — ёсць большая схільнасць да прамога канфлікту і вырашэння праблемы праз канфлікт. Вось нешта не спадабалася — арганізавалі Майдан, скінулі аднаго гетмана — паставілі другога. Для іх важна адразу хутка разабрацца з праблемай.

А ў беларусаў зусім іншае. Мы можам доўга цярпець, думаць, пасля прапанаваць законапраект, як палепшыць сітуацыю, прыглядацца, наладжваць дыпламатычныя адносіны. І гэта вядзецца здаўна. Можна ўспомніць пра Статуты ВКЛ.

Тыя ж, хто хацеў пабушаваць, хто хацеў большай вольніцы, ехалі на «дзікія землі», на казаччыну.

Мне падаецца, беларуская і ўкраінская рэвалюцыі вельмі паказальныя ў сэнсе нашых нацыянальных характараў. Ва ўкраінцаў гэта майдан, нягледзячы ні на якія страты. А ў беларусаў такі вельмі прадуманы заклік да дыялогу.

Па сутнасці ўвесь 2020 год — гэта быў той самы заклік да ўладаў сесці за стол перамоў, прапанова абмеркаваць, як жыць далей, чаго ўлада, праўда, не ўбачыла.

— Гэтыя рысы беларускага характару нам замінаюць ці ўсё ж дапамагаюць?

— Гледзячы дзе. Напэўна, у мірныя часы, у часы спакойнага развіцця падзей больш дапамагаюць, даюць магчымасць спакойна развівацца, будаваць нешта. У часы экзістэнцыйнага выбару, напэўна, больш шкодзяць. Бо ў сітуацыях, калі трэба рэзка рэагаваць, мы сядзім, доўга думаем і сумняемся.

Як любая нацыянальная рыса гэта мае свае пазітыўныя і негатыўныя характарыстыкі.

«Саюз лукашэнкаўскай Беларусі з Расіяй відавочна нясе пагрозу беларускай дзяржаўнасці»

— У адным са сваіх інтэрв’ю вы называеце Беларусь «краінай саюзаў». Уменне беларусаў ствараць і ўваходзіць у гэтыя саюзы – гэта добра ці дрэнна?

— Саюзы ў гісторыі — гэта нармальная справа. Але, мне падаецца, на нашай тэрыторыі іх аж неяк зашмат атрымалася. Кожная наша дзяржаўная сістэма была сістэмай саюзаў. Прычым максімальна розных. Нават не саюзаў, а сімбіёзаў, бо саюзных дамоў тут насамрэч заключалася не так шмат.

Старадаўняя Русь — гэта ўзаемадзеянне тутэйшых славян (і не толькі славян) з вікінгамі. Гэта наймаштабнейшы праект, ад аднаго мора да другога, вялізная тэрыторыя, якая змагла ў нейкіх аспектах аб’яднацца. Зразумела, старадаўняя Русь не была паўнавартаснай дзяржавай, але гэта быў моцны ідэалагічны сімбіёз.

ВКЛ — гэта ўжо неверагодны сімбіёз Літвы і Русі. Нечаканы абсалютна, калі раптам балцкія плямёны, якія плацілі даніну Русі, перакулілі сітуацыю і ў выніку атрымаўся чарговы цікавы саюз — зноў ад мора да мора. І ён быў магчымы толькі дзякуючы дамоўленасці.

Пасля Рэч Паспалітая — вялізны саюз паміж ВКЛ і Польшчай.

А вось затым у канцы ХVІІІ ст. адбыўся злом, калі гэтая саюзная дзяржава была знішчана і паламаная сілай. Гэта адна з самых важных і трагічных падзей нашай гісторыі.

Зразумела, наступныя 100 гадоў , калі Беларусь была захопленая Расійскай імперыяй, мы ні ў якім саюзе не былі.

Далей Савецкі саюз. Пры ўсім пры тым, што гэта ў пэўным сэнсе з’яўлялася працягам Расійскай імперыі, фармальна гэта таксама быў саюз. Так, БССР была падпарадкаваная, аўтаноміі было кот наплакаў, але ж.

І, напэўна, так атрымліваецца, што гэта і ёсць пэўная наша суперздольнасць. Паглядзіце, і зараз Святлана Ціханоўская ездзіць і дамаўляецца пра пэўныя саюзы, бо мы вымушаны гуляць на гэтым полі ў пошуку саюзнікаў, у пошуку сваёй сілы, раскіданай па ўсім свеце.

Можа быць, такое наша наканаванне. З аднаго боку, мы глядзім на гэта як на слабасць, бо мы пастаянна з кімсьці разам і не можам быць самі. А з іншага, можа прыйсці час, калі гэта стане нашай сілай.

— Але ж з іншага боку ёсць і саюз Расіі і Беларусі. Ці не згубім мы сваю дзяржаву, залезшы вось у такі чарговы саюз?

— Так, відавочна. Саюзы заўсёды нясуць пагрозы. Яны маюць як выгады, так і пагрозы. І Рэч Паспалітая вельмі ярка паказала гэта. У прынцыпе можна разважаць, што і саюз Літвы і Русі ў ВКЛ не да канца сфармаваўся і прывёў да шматлікіх праблем у наша гісторыі. Сама сутнасць саюзу шмат у чым спрычынілася да аслаблення гэтай дзяржавы.

І зараз фармальны саюз лукашэнкаўскай Беларусі з Расіяй відавочна нясе пагрозу беларускай дзяржаўнасці. У чарговы раз.

Проста трэба разумець, што гэта не новая для нас гісторыя, што мы такое ўжо праходзілі. Гэта значыць, што ў нас ёсць вопыт, і трэба не плакаць пра тое, што мы ідзем па коле, а дзейнічаць. Асэнсоўваючы ўсю гэтую гісторыю, думаць, як выбірацца з гэтага. Таму што пагроза рэальна ёсць.

— Вы ўзгадалі пра самую трагічную падзею нашай гісторыі, калі мы фактычна згубілі сваю дзяржаву — Рэч Паспалітую. Чаму гэта адбылося тады?

— Рэч Паспалітая была знішчаная па прычыне таго, што не адпавядала свайму часу. Яна жыла ў вельмі спецыфічнай сістэме сярэднявечнага рэспубліканізму, у той час калі Еўропа вельмі моцна цэнтралізавалася. І супрацьстаяць цэнтралізаваным дзяржавам без сваёй рэкруцкай арміі, без бюракратычнага апарату Рэч Паспалітая проста не змагла. Вось суседнія дзяржавы і вырашылі яе з’есці.

А чаму Рэч Паспалітая адстала і не перайшла на рэйкі цэнтралізаванасці, — гэта асобная тэма для абмеркавання. Мне падаецца тут вельмі важная ідэалагічная прычына, —канцэптуальная адмова Рэчы Паспалітай ад сваёй трэцяй складовай часткі. Рэч Паспалітая была саюзам двух народаў — Польшчы і Літвы і зусім забылася пра трэці народ — пра Русь.

Вялізныя тэрыторыі аказаліся па-за межамі сістэмы. Гэта і пра Украіну, і пра ладную частку Беларусі, асабліва ўсходнюю. Людзі не мелі свайго голасу, і гэта спрычынілася таксама да аслаблення вось гэтай супольнай дзяржавы Рэчы Паспалітай.

Ці дазволяць беларусы зноў зрабіць са сваёй краіны «Северо-Западный край», чым Лукашэнка падобны да Вітаўта і чым для нашай нацыі былі падзеі 2020 года, чытайце ў наступнай частцы інтэрв’ю, якое з’явіцца неўзабаве.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.