Женщины

Марына Міхайлава

Амерыканская беларуска, якая палепшыла якасць жыцця мільёнаў жанчын па ўсім свеце

Яна нарадзілася і да 16 год жыла ў Ракаве, але вядомай стала значна пазней у ЗША. На жаль, нават памятнага знаку на месцы дома, дзе жыла яе сям’я, да сёння ў аграгарадке няма. Але можа з’явіцца ў новай Беларусі? «Салiдарнасць» згадвае цікавыя факты пра швачку і прадпрымальніцу Іду Кагановіч (Разенталь).

Першыя крокі бізнес-ледзі

Іда Кагановіч, якая з’явілася на свет у студзені 1886-га, была старэйшай з сямі дзяцей у сям’і. Маці яе трымала ў мястэчку Ракаў лаўку з рознай драбязой, а бацька, Аўраам, займаўся вывучэннем і перапісваннем свяшчэннай Торы.

Прадпрымальніцкая жылка маці перадалася і Ідзе — па некаторых звестках, яна ўжо ў 13 год адкрыла сваю ўласную майстэрню па пашыву адзення, а ў памочніцы ўзяла адну з малодшых сястрычак.

За каханнем праз акіян

Праз пару год дзяўчына адправiлася вучыцца і, калі атрымаецца, на заробкі — у Варшаву, якая была адным з цэнтраў прыцягнення для ўсёй заходняй часткі тагачаснай Расейскай імперыі.

Вызначылася беларуска не толькі сваім майстэрствам, але і, як сказалі б сёння, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй: Іда мела вельмі прагрэсіўныя феміністычныя погляды, выступала за роўныя правы жанчын і мужчын, за права голасу і адсутнасць дыскрымінацыі.

На гэтай глебе, дарэчы, яна падчас адной з паездак да бацькоў на вакацыі пазнаёмілася з будучым мужам Уільямам Разенталем. Разам яны ўступілі ў яўрэйскую сацыялістычную партыю Бунд.

Неўзабаве, каб Уільяма не прызвалі ў армію і амаль напэўна не адправілі на руска-японскую вайну, вырашылі з’ехаць за акіян — і з разрывам у некалькі месяцаў перабраліся ў ЗША.

Ужо ў Амерыцы пара ажанілася, а праз год у іх нарадзіўся сын Льюіс.

Як «Зінгер» да Нью-Ёрку давёў

Для многіх іншых на тым бы гісторыя і скончылася, але сядзець за мужам альбо даверыць клопат аб сабе дзядзьку з цёткай было зусім не ў характары беларускі. Іда набыла з рук швейную машынку «Зінгер» і брала замовы на дом.

Яна шыла па здымках у модных часопісах нават самыя складаныя рэчы і знаходзіла агульную мову з патрабавальнымі кліентамі, таму, нягледзячы на ўсе цяжкасці эмігранцкага жыцця, за дзесяць год стала досыць вядомай як адказная і таленавітая швачка.

Рэкамендацыі праз сарафаннае радыё дазволілі ёй пашырыць бізнес: наняць некалькіх памочнікаў, займець заможных кліентаў. Потым сям’я, ужо з двума дзецьмі, перабралася ў Нью-Ёрк, ды пасялілася не дзе-небудзь, а на Манхэтэне. 

Іда ўладкавалася малодшай кампаньёнкай на працу ў атэлье эксклюзіўнага адзення Enid Frocks, з гаспадыняй у іх склаліся цёплыя стасункі: тая адразу зразумела, што перад ёй дасведчаная майстрыха, і раілася з Ідай па важных пытаннях датычна працы атэлье.

Станікі замест гарсэтаў

На той час у заходнім свеце адбывалася модная рэвалюцыя: з падачы французскіх куцюр’е жанчыны пачалі адмаўляцца ад нязручных гарсэтаў. У 20-ыя гады да гэтага дадалася мода на андрагіннасць.

Дамогшыся нарэшце права галасаваць і быць выбранымі, вучыцца нароўні з мужчынамі, працаваць па-за межамі дома, жанчыны пажадалі і цалкам змяніць гардэроб. Але тунікі і сукенкі-футаралы, пад якія хударлявыя паненкі дзеля зручнасці перацягвалі грудзі ўцягваючай палоскай і танчылі джаз, смалілі цыгарэты, вадзілі аўтамабілі, аказаліся некамфортнымі для ўладальніц іншых тыпаў фігур.

Выратавальную для жанчын ідэю гаспадыня атэлье Энід Бісет, Іда і яе муж Уільям прыдумалі сумесна. У 1921 годзе яны адкрылі краму адзення пад назвай Maiden Form. Але мадэльеркі разумелі, што бінты і бандажы, якія носіць большасць кліентак, робяць усе сукенкі «плоскімі» — і прыдумалі падзяліць суцэльную паласу тканіны на дзве часткі-чашкі, злучаныя эластычнай палоскай.

Анатамічна зручныя, падтрымліваючыя ўкладкі для грудзей назвалі «бюстгальтарам цнатлівай формы» і спачатку прадавалі як неад’емны аксесуар да сваіх сукенак. Гэтыя мадэлі разыходзіліся ўлёт! Укладкі ж сталі настолькі папулярнымі, што іх пачалі вырабляць і прадаваць асобна.

…І парашуты замест станікаў!

Больш як паўгады Іда Разенталь вяла перамовы з прафсаюзам працаўнікоў лёгкай прамысловасці, каб пераканаць іх, што выраб станікаў трэба паставіць на канвеер. І дасягнула мэты: у 1925-м у Нью-Джэрсі быў адкрыты першы завод Maidenform, які вырабляў выключна станікі.

Уільям Разэнталь, які стаў прэзідэнтам іх кампаніі, быў яшчэ і мастаком — а таму, хоць у ЗША і іншых краінах ужо былі запатэнтаваныя станікі, стварыў мноства іншых дызайнаў.

Яны разам з Ідай прыдумалі станікі для цяжарных і для маці, якія кормяць немаўлят — з засцежкамі спераду, падоўжаныя станікі і адмысловыя станікі для поўных, а таксама рэгулюемыя брэтэлі, рэгулюемые па шырыні засцежкі і стандарт чашак розных памераў — А, B, C, D, E, F,  — усё тое, што сёння падаецца нам такім звыклым.

Іда ж напоўніцу праявіла дзелавую хватку бізнес-ледзі: не толькі дамовілася з прафсаюзамі, але і распачала маштабную рэкламную кампанію (да Maidenform вытворцы бялізны не прасоўвалі так «гучна» сваю прадукцыю).

Фірма перажыла не толькі Вялікую дэпрэсію, хоць у гэты час з кампаніі сышла Энід Бісет, але і мела поспех па-за амерыканскім рынкам, у Еўропе і Лацінскай Амерыцы. А ў гады Другой сусветнай вайны кампанія пераабсталявала вытворчасць для дапамогі арміі і стала вырабляць не толькі бялізну для Жаночага армейскага корпусу, але нават парашуты для ВПС ЗША.

Яшчэ адным ваенным аксесуарам, які вырабляў брэнд, былі так званыя «галубіныя гняздзечкі»: камізэлькі з эластычнай тканіны прышпільвалі на сябе дэсантнікі, а пасля прызямлення ў зоне баявых дзеянняў даставалі са «станіка» галубоў і адпраўлялі птушак з пасланнем на дамашнюю базу.

Ідэя на  мільёны

Калі ў даваенныя гады аб’ём вытворчасці станікаў даходзіў да 500 тысяч адзінак на год, потым кампанія вырасла да некалькіх заводаў, уключыла ў асартымент камплекты бялізны і купальнікі — і, прыкладам, у 1950 годзе выпускала каля 12 мільёнаў станікаў у 15 стылях.

А дзёрзкая і яркая рэкламная кампанія, якую запусціла Іда Разенталь, з агульным слоганам «Мне прыснілася, што я <займаюся паўсядзённай альбо незвычайнай справай> у маім станіку» мела ашаламляльны поспех.

Плакаты, размешчаныя ўздоўж трасы, часам проста спынялі рух, мелі больш як 160 сюжэтаў, а агулам рэкламная кампанія доўжылася 20 гадоў. Тады ж на прылаўкі трапіла знакамітая мадэль Chansonette, — за форму гэты станік празвалі «куляй», і за наступныя 30 год яго набылі звыш 90 мільёнаў разоў! Так Разенталі сталі мультымільянерамі.

Іда Разенталь шмат прасоўвала прадукцыю ў розных краінах свету. Пабывала ў 1963 годзе і ў СССР, адкуль вярнулася шакаваная і распавяла амерыканскім медыя: савецкія жанчыны дагэтуль носяць тое, што мелі амерыканкі 40 год таму, нязграбныя і неэластычныя станікі на гузіках…

Яна перажыла мужа на 20 год і памерла ў 1973 годзе ад пнеўманіі, пасля чаго кантроль над кампаніяй перайшоў да яе дачкі Беатрыс. Брэнд, хоць і быў перакуплены пасля банкруцтва кампаніі пры ўнучках Іды, не сышоў у мінулае, і да сёння выпускае класічную, карэктуючую, спартыўную і іншыя віды бялізны для жанчын.

Помнік, якога няма

У многіх рускамоўных крыніцах Іду прадказальна прадстаўляюць як «рускую эмігрантку». Але ж мы помнім, што менавіта беларуска апранула амерыканак — а следам увесь цывілізаваны свет — у зручныя і прыгожыя станікі.

На малой радзіме, на Валожыншчыне, у гонар Іды Разенталь і яе вынаходніцтва нават планавалі паставіць памятную скульптуру, а крэатыўныя актывісты нават угаворвалі мясцовыя ўлады — вы падумайце! — зладзіць фестываль станіка, які мог бы стаць адной з турыстычных «фішак» краю.

Планавалі. Хацелі. Нават запусцілі кампанію па зборы сродкаў і прыдумалі дызайн адмысловай крыштальнай кампазіцыі, якая магла з’явіцца ў Ракаве ўжо ў 2013-2014 годзе. Але… не зраслося, ні з тым, ні з другім.

Грошай на ўвекавечанне памяці знакамітай зямлячкі не вылучылі нават айчынныя кампаніі-вытворцы бялізны, а раённую і тым больш пасялковую адміністрацыю, відаць, напалохала сама ідэя фестывалю станікаў — а раптам якая «парнаграфія»?

Словам, нават памятнага знаку на месцы дома, дзе жыла сям’я Кагановічаў, да сёння ў Ракаве няма. Але, можа, з’явіцца ў новай Беларусі?