Апаратная параза Натальлі Качанавай
Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём камісіі ў справе фармаваньня новага ўраду кіраўніка сваёй адміністрацыі Дзьмітрыя Крутога. Што азначае гэтае прызначэньне, аналізуе на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

У савецкія часы крэмлінолягі, заходнія экспэрты ў справах СССР вызначалі ярархію чальцоў палітбюро адпаведна іх месцам на трыбуне Маўзалею на сьвяткаваньні 7 лістапада ў Маскве: хто стаіць бліжэй да генэральнага сакратара, той мае большую палітычную вагу.
Калі Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём камісіі для фармаваньня новага ўраду кіраўніка сваёй адміністрацыі Дзьмітрыя Крутога, стала зразумела, што Круты цяпер займае на «трыбуне Маўзалею» асаблівае месца.
Сама гэтая камісія — інстытут даволі дзіўны. Перад прызначэньнем папярэдніх прэмʼераў Лукашэнка такіх органаў публічна ніколі не ствараў.
Тут ясныя дзьве рэчы. Першая — што канчатковае рашэньне аб тым, хто ўзначаліць урад, будзе прымаць Лукашэнка, як і раней прымаў. Другая — што ў кожнай бюракратычнай сыстэме падобныя важныя прызначэньні прынамсі абмяркоўваюцца з колам найвышэйшых чыноўнікаў. Іншымі словамі, нейкая нефармальная камісія заўсёды ёсьць.
Пытаньне: навошта гэтым разам яе стварылі фармальна, публічна, ды яшчэ і з прызначэньнем старшыні? І гэты старшыня — не Лукашэнка, што было б натуральна.
Так выглядае, што гэтая камісія — аналяг трыбуны Маўзалею ў савецкія часы, карцінкі, якая дакладна вызначае ярархію месцаў у кіраўніцтве рэжыму.
І прызначэньне старшынём камісіі Крутога — дэманстрацыя і намэнклятуры, і грамадзтву, што менавіта гэтая асоба цяпер — другі нумар. Ён той, хто раіць Лукашэнку, каго прызначыць прэмʼерам. Значыць, ён стаіць вышэй за гэтага будучага прэмʼера, кім бы той ні быў.
Можна сабе ўявіць, якія нябачныя апаратныя бітвы адбываліся за месца на чале гэтай камісіі. Паводле Канстытуцыі, пераемнік Лукашэнкі ў выпадку яго сыходу — старшыня Савету Рэспублікі. Лукашэнка апошнім часам Натальлю Качанаву нахвальваў, апавядаў, што менавіта яна ледзь не прымусіла яго пайсьці на сёлетнія выбары. Але прызначыў «творцам прэмʼераў» не яе, а яе канкурэнта.
Стварэньне камісіі для фармаваньня ўраду сьведчыць хутчэй пра тое, што Раман Галоўчанка прэмʼерам не застанецца. Навошта разводзіць такую бурную дзейнасьць, каб проста перапрызначыць яго?
Шанец, што ён усё ж захавае пасаду, застаецца. Але, магчыма, атрымаўшы ў намесьнікі моцную фігуру, якая сканцэнтруе паўнамоцтвы. А на Галоўчанку застанецца адказнасьць за магчымае пагаршэньне эканамічнага стану.
Але ў кожным разе — застанецца Галоўчанка ці прызначаць прэмʼерам новую асобу — над ім будзе яшчэ адзін паверх падпарадкаваньня: старшыня камісіі ў справе фармаваньні ўраду.
Лукашэнка, пачынаючы з навагодняга звароту, некалькі разоў казаў пра пераемнасьць, прыход новага пакаленьня. На прэсавай канфэрэнцыі 26 студзеня ён тлумачыў, што размова не ідзе пра прыход гэтага новага пакаленьня на яго месца ці, прынамсі, не пра хуткі прыход.
Але і само стварэньне камісіі, і прызначэньне яе старшынём не самога сябе можа быць невялічкім крокам у кірунку транзыту ўлады. Той транзыт неканечне ж павінен рабіцца адным урачыстым абвяшчэньнем і зацьвярджэньнем афіцыйнага пераемніка.
Можа рабіцца і спакваля, такімі вось манэўрамі ў бізантыйскім стылі. Як бы наўпрост нічога не гаворыцца. Але ўсім робіцца зразумелым, за кім замацаванае другое месца на той «трыбуне Маўзалею».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное