Барыс Гарэцкі: «Сярод беларусаў шмат тых, хто хоча абараняць Кіеў»
Намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў — пра тое, што адбываецца сёння ў сталіцы Ўкраіны.
— Раніцай, калі з’явілася інфармацыя пра пачатак вайны і абстрэлы, многія людзі павыходзілі на вуліцу. Яны пілі каву-гарбату і чыталі навіны. Ніхто не пабег у бомбасховішча, — распавёў «Салідарнасці» Барыс Гарэцкі, наш калега, які зараз жыве ў Кіеве. — Быў невялікі адрэзак часу, калі гучалі сірэны, але гэта хутка скончылася. Панікі не было. Людзі чакаюць, што рабіць далей.
Паводле Барыса, на вуліцах Кіева шмат людзей з валізамі і заплечнікамі. Калега мяркуе, што людзі выязджаюць з горада альбо едуць у больш бяспечныя месцы.
— Транспарт працуе, ёсць чэргі на запраўках і вялізныя заторы на выездах з горада. Я сам не бачыў, але па тэлевізары паказваюць.
Сярод беларусаў шмат тых, хто хоча абараняць Кіеў. Раніцай, калі піў каву, чуў, як людзі казалі, што запісваюцца ў тэрытарыяльную абарону.
Учора я правёў апошні мірны вечар з сябрам-украінцам. Ён рэзервіст, удзельнічаў у АТО. Сёння ён сабраў рэчы і пайшоў у ваенкамат.
Барыс з жонкай і дзецьмі пайшлі паглядзець бомбасховішча, якое знаходзіцца ў школьным падвале, недалёка ад дома, дзе жыве сям’я.
— Вельмі прыкра, што нападзенне адбылося з беларускай тэрыторыі. Думаю, што ўкраінцы не здадуцца, армія будзе абараняць краіну, і людзі будуць дапамагаць.
Разважаючы пра пагрозы для беларускіх журналістаў ва Ўкраіне, Барыс Гарэцкі адзначыў:
— Калі мы хочам заставацца эфектыўнымі і працаваць у беларускай журналістыцы, трэба паклапаціцца пра ўласную бяспеку. Бо калі мы сядзім у бамбасховішчы, мы не можам быць эфектыўнымі.
З другога боку, сюды едзе вялізная колькасць журналістаў. Да многіх мах калег прыходзяць прапановы папрацаваць на еўрапейскае, сусветнае ці беларускае выданне, таму што ўсе хочуць тут цяпер мець карэспандэнта.
Читайте еще
Избранное