У авечак і коз, якіх у нас агулам амаль 50, зараз нараджаюцца маленькія. Бывае, і ноччу трэба ўстаць пракантраляваць, ці ўсё добра, ці сталі тыя ягняткі і казляняткі на ногі, ці п’юць малако, ці прымае іх маці.
Беларускія фермеры ў Польшчы: «На гэты год у нас грандыёзныя для эмігрантаў мэты — набыць зямлю і дом»
Сям’я беларусаў пераехала з Браслаўшчыны ў вёску недалёка ад Закапанаў. Суразмоўніца «Салідарнасці» Юлія распавяла нам пра цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца прыватным гаспадаркам у Беларусі і ў Польшчы. І пра тое, колькі каштуе мара быць сапраўдным уладальнікам.
— Кожны фермер, дзе б ён ні жыў і якую б не меў адукацыю, калі займаецца жывёлагадоўляй, павінен ведаць, як рабіць уколы ўнутрымышачна ці падскурна, як прымаць роды, цягнуць гэтае малое, як аказаць першую дапамогу, спыніць кроў ці, калі хтосьці штосьці зламаў, накласці шыну. Ты гэта мусіш ведаць усё роўна, бо гэта здараецца, і звычайна здараецца ў пятніцу ўвечары, — дзеліцца Юлія.
Па прафесіі яна перакладчыца, але ў дзяцінстве марыла стаць ветэрынарам. Яе мара ажыццявілася арыгінальным чынам — Юлія стала фермерам.
Пайшоў пяты год, як яны з мужам Аляксеем з’ехалі з Беларусі, дзе марылі займацца сваёй справай на зямлі. У эміграцыю беларусы адправіліся з шасцю сабакамі, двума конямі і болем у сэрцы ад разбітых надзей.
За чатыры апошнія гады Юлія і Аляксей у новай краіне абзавяліся гаспадаркай, якая працягвае расці — акурат зараз ідзе самы адказны перыяд акотаў. Муж і жонка таксама наладзілі вытворчасць сыроў і іх продаж.
Наперадзе самы вялікі клопат любых эмігрантаў — трэба набыць дом і стаць сапраўднай фермерскай гаспадаркай, каб мець роўныя з еўрапейцамі правы.
«Шкоду ў калгасе вешаюць на людзей, яны менавіта як прыгонныя сяляне»
— Снежань быў напружаны, — кажа Юлія. — Трэба было адправіць шмат заказаў, а з надыходам новага году пачаўся час акотаў. Наогул калі ў цябе гаспадарка, трэба звыкнуцца з думкай, што не важна, які месяц ці дзень, у цябе ўсё роўна ёсць праца, якую трэба зрабіць.
З намі па-ранейшаму ўсе нашы сабакі, якіх мы перавезлі з Беларусі, плюс узялі яшчэ аднаго. Іх трэба выгуляць. Коней таксама трэба вывесці на шпацыр, пакарміць-папаіць.
Акрамя гэтага, наша асноўная праца — гэта выраб сыру. Зараз, у зімні перыяд, калі ў нашых жывёл няма свайго малака, мы купляем каровіна ў фермера-паляка, з якім супрацоўнічаем ужо тры гады.
Ён жыве недалёка ад нас, за 11 кіламетраў, і займаецца толькі каровамі, у яго добрая якасць малака, мы вельмі задаволеныя. Робім свежы сыр і тварог, таксама ёсць сыры, якія стаяць на вытрымцы.
Усе продажы адбываюцца праз сацсеткі, бо ў нас няма свайго склепу. Сыры адпраўляю па заказах поштай, летам — толькі асобныя віды ў тэрмабоксах, а шмат пакупнікоў прыязджаюць самі ці мы дастаўляем.
— Сыр — поштай?
— Так, у Польшчы ёсць вельмі добры сэрвіс InPost. У 11 гадзін кур’ер забірае ў нас сыры, на наступную раніцу а 10-й яны ўжо ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве — дзе заўгодна.
Акрамя асобных замоваў супрацоўнічаем з невялікімі бізнесамі. У цёплы сезон да нас едзе шмат наведвальнікаў, у тым ліку арганізаваныя туры. Мы робім для іх экскурсію па ферме, падчас якой можна паглядзець на жывёл, пасябраваць з імі, пакарміць, таксама можна паспрабаваць нашы сыры і набыць.
— І ў вас, і ў Аляксея прафесіі, вельмі далёкія і ад жывёлагадоўлі, і ад вырабу сыру. Тым не менш вы яшчэ ў Беларусі пачалі гэты цярністы шлях і завялі ўласную гаспадарку.
— Так, я філолаг-перакладчык з ангельскай і італьянскай моваў, а муж — эканаміст. Нейкі час мы сапраўды працавалі па сваіх прафесіях у Мінску, пасля сышлі з найму, адкрылі сваю справу —інтэрнэт-краму. А потым захацелася стаць сапраўднымі гаспадарамі на зямлі, і ў 2015 годзе мы набылі хутар на Браслаўшчыне.
Нам спадабалася тое, што там шмат прыроды, шмат турыстаў. Мы разлічвалі, што калі там рабіць нейкі добры прадукт, то можна будзе няблага жыць.
Гэта сапраўды папулярны раён, але калі разбірацца больш дэталёва, то ў ім няма ніякіх буйных прадпрыемстваў, мясцовае насельніцтва зарабляе толькі на турызме, амаль у кожнай хаце здаюць пакоі.
Яшчэ ва ўсе часы людзі ў прыграніччы жылі з мяжы, вазілі цыгарэты, бензін у Даўгаўпілс. І да 2019 года яны насамрэч быццам бы някепска жылі.
Мы там пачалі рабіць і прадаваць сыр, завялі гаспадарку — і ўпершыню сутыкнуліся з калгасамі. І гэта, скажу вам, шмат у чым было жахліва.
Вялікай праблемай было набыць сена і збожжа для жывёлы. Калгасаў шмат, у іх багата палёў, але прыватніку сена ніхто не прадае, бо ёсць разнарадка.
Адразу пасля сенакосу, пакуль гэтыя палі яшчэ не заліла вадой, пакуль тэхніка яшчэ на хаду, бо пасля жніва звычайна ўсё хутка выходзіць з ладу, мы прапаноўвалі выкупіць частку сена.
Звычайна нам адмаўлялі і тлумачылі тым, што не хопіць сваім, калгасным. Але часта мы бачылі, як пачыналіся дажджы, а сена працягвала стаяць на палях.
І трактары ўжо не маглі заехаць у тую дрыгву. Таму сена гніло, забраць яго ўжо ніхто не мог — і калгасныя каровы стаялі галодныя, і мы не змаглі нічога вывезці.
І зімой заўсёды бачылі на палях салому ў гуртах, якія маглі стаяць ненакрытыя спецыяльнымі тэнтамі, што ў Беларусі рэдка практыкуецца, бо тыя тэнты дарагія. У такія моманты было шкада і працы людзей, і паліва, і жывёлу, якая не даядае.
А, бывала, зімой калгаснікі ўсё ж дабіраліся да тых катушак, а яны ўжо спарахнелыя, там нават цвіль пайшла. І гэтым хтосьці быў вымушаны карміць жывёлу.
Нам жа заставалася шукаць сена па ўласных гаспадарках. У іх на Беларусі іншая праблема — амаль няма тэхнікі, і каб прадаць тое сена, трэба знайсці трактар, касілку, прэс і г.д.
І нават калі чалавек з усім пералічаным знаходзіўся, звычайна ён быў адзін на ўсе вёскі вакол, і ў яго, канешне, усё сена было распісана.
Зрабіць болей, каб усім хапала, яму не дазваляў надзел, бо ў Беларусі нельга купіць і складана ўзяць у арэнду зямлі столькі, колькі хочаш. А калгас свае палі скасіць яму не дазволіць па той жа прычыне, што і нам. Вось такое кола.
Мы ў ім паварыліся, ведалі ўжо ўсіх старшынь калгасаў, уласнікаў гаспадарак.
Наогул у беларускай вёсцы шмат што не адпавядае рэчаіснасці. Бяда, калі ў цябе з ацяплення дагэтуль печка.
Гэта ў Польшчы пасля мы ўбачылі, што лясы бываюць прыватныя, бадай у кожнай хаце на вёсцы ёсць свой надзел лесу. Ты ідзеш туды і нарыхтоўваеш сабе дровы, вядома, па пэўных правілах, але нарыхтоўваеш, бо ты гаспадар.
У Беларусі ты не можаш пайсці ў лес і ўзяць сабе дровы, нават з дрэваў, якія паваліліся. Больш за ўсё ў той сітуацыі мне было шкада старых. Ім трэба запаўняць шмат папер, выпісваць тыя дровы, пасля чакаць, каб хтосьці іх прывёз. І каштуе гэта не адну пенсію.
Такія велічэзныя праблемы дарэчы ёсць шмат дзе ў сельскай мясцовасці на Беларусі. Яшчэ дзесьці пад Мінскам сітуацыя лепшая, але калі ад’ехаць хаця б на 150 км далей, то пачынаецца сапраўдны жах.
— Вам даводзілася мець стасункі з кіраўнікамі дзяржаўных гаспадарак. Цікава, як яны сябе адчуваюць, ведаючы пра ўсё гэта?
— Усе гэтыя людзі на дзяржаўных пасадах любяць казаць: «А што я магу зрабіць, я чалавек паднявольны». То-бок яны гэта ўсведамляюць, як і тое, што нічога нікому не належыць. Іх цікавіць, каб капаў іх заробак, бо яны на заробку.
У той жа час калгаснікі не кожны раз бачаць грошы, у іх часцяком усё ў сшытках. І ў крамы яны ходзяць імаверна дагэтуль «па сшытках». Прынамсі, калі мы з’язджалі ў 2021 годзе, у крамах «Белкаапсаюза» дакладна так і было.
А бывае, што ў іх не проста няма заробку, а нават мінус, таму што калі, напрыклад, некалькі цялят памерла, страту раскідваюць на даярак і ветэрынараў. Так, шкоду ў калгасе вешаюць на людзей, яны менавіта як прыгонныя сяляне.
Пасля размоваў з ветэрынарамі наогул было цяжка, бо яны скардзіліся, што нічога не могуць зрабіць, калі няма корму і жывёла памірае ад гэтага, калі галодныя цяляты ядуць камяні. І гэта мне расказвалі не пра нейкі адзінкавы выпадак.
«У Польшчы, як і ва ўсім Еўразвязе, ёсць датацыі на кожны гектар сельскагаспадарчай плошчы»
— Ёсць меркаванне, што галоўная праблема ўсяго, што адбываецца ў нашай сельскай гаспадарцы, гэта менавіта калгасы, тое, што ў краіне няма прыватнай уласнасці.
— Я згодная з гэтым.
Тая ж Віцебшчына — цудоўны рэгіён для жывёлагадоўлі, бо там добрыя пашы. Увесь свет пакутуе ад таго, што няма прэснай вады. А Беларусь, дакладна Віцебшчына, і ёсць крыніца прэснай вады.
Але справу хаця б часткова аддаць у прыватныя рукі і не перашкаджаць. Лічу, што прыватная ўласнасць, развіццё бізнесу — галоўныя фактары поспеху Польшчы.
Тут няма такой вялікай прорвы паміж багатымі і беднымі. Сярэдні клас шматлікі і жыве даволі добра.
— Як жыве звычайная ўласная гаспадарка ў Польшчы?
— Калі возьмем польскую вёску, то тут сапраўды многім ад «прадзедаў спакон вякоў засталася спадчына», то-бок у сям'і ёсць дом і ёсць działka (участак зямлі, надзел). Гэта дзялка можа быць проста зямля, а можа быць зямля і лес. І, нагадаю, гэта ўсё прыватнае і перадаецца ў спадчыну.
Нават савецкія часы не змянілі гэты парадак, можа, што тады і адбіралі, але потым усё вярнулі. І сёння малады чалавек, які атрымаў усё гэта ў спадчыну, вырашае, што з гэтым рабіць.
Не ўсе абавязкова становяцца фермерамі, хтосьці абірае іншае, напрыклад, агратурызм ці нейкія варштаты, там, майстэрні, вытворчасць. Кожны можа рабіць сваю невялічкую справу — і ніхто табе слова не скажа.
Што тычыцца непасрэдна сельскай гаспадаркі, то тут, згодна з сусветнай тэндэнцыяй, моладзь сапраўды з’язджае ці ў горад, ці ў іншыя краіны. Пра гэту праблему ведаюць і яе не хаваюць.
Але ў тых, хто застаецца і вырашае працаваць на зямлі, у кожным двары вы ўбачыце некалькі трактароў. Не адзіны на ўсю вёску, а літаральна ў кожнай сядзібе і трактар, і мноства прыладаў да яго: касілкі, прычэпы — усё, што патрэбна.
У адным з трох двароў напэўна будзе нават і камбайн для збору збожжа, напрыклад. І калі ідзе сенакос, людзі гуртуюцца — у аднаго тое, у другога іншае — і робяць усе.
А якія добрыя ў іх сельскагаспадарчыя пабудовы! Гэта цікавая гісторыя. На панямецкіх землях, якія ідуць ад Уроцлава, Катавіцэ, Шчэціна і далей на поўнач, хлявы вялікія і прыгожыя, таму што яшчэ за нямецкімі часамі на жывёлагадоўлю там давалі добрыя крэдыты.
І пабудовы для жывёл там ледзь не лепшыя, чым гаспадарчыя дамы, бо сваё жыллё будавалі з рэштаў таго, што заставалася ад будоўлі менавіта падсобных памяшканняў. Такія былі часы.
А зараз можна ўбачыць гэтыя старыя нямецкія двары, дзе, напрыклад, стайня напраўду выглядае лепей за дом. Вось такая асаблівасць.
Акрамя таго, што ў людзей ёсць свая зямля, у Польшчы, як і ва ўсім Еўразвязе, ёсць датацыі на кожны гектар сельскагаспадарчай плошчы. Можна падаць заяву аб тым, што вы займаецеся фермерскай дзейнасцю і маеце патрэбу ў субсідыях.
Напрыклад, у вас ёсць лугі для пашы. Яны павінны быць скошаны два разы — у чэрвені і ў верасні. Прыляціць дрон, праверыць. Калі ўсе патрабаванні выкананыя, напрыканцы года атрымаеце датацыю.
Калі вы заявіце, што ў вас расце пшаніца, то ў вас насамрэч павінна расці пшаніца і яе трэбы сабраць. Але калі ў вас, напрыклад, 10 гектараў, вы не можаце ўсё засеяць пшаніцай, у вас павінна быць «прыродная зона», «зона збожжа» і проста поле, дзе аднаўляецца зямля.
Гэта тут абавязковыя патрабаванні. І каб атрымаць датацыю ад Еўразвязу, іх трэба выконваць. Я чула, што грошы там не надта вялікія, але яны кампенсуюць частку асабістых выдаткаў.
Спадзяюся, у наступным годзе і мы таксама зможам атрымаць такую датацыю.
— Калі выканаць умовы не атрымаецца, можа, нават не па сваёй віне, што будзе?
— Калі ты не звяртаўся за датацыяй і сам працуеш за свае грошы, то табе нічога не будзе. Але калі ты прэтэндуеш на дапамогу і не выканаў умовы не праз нейкія перашкоды, а праз сваю адказнасць, то будзе штраф.
Аднак калі гэта, напрыклад, паводка ці нешта падобнае, то, чула, што прадугледжана іншая кампенсацыя.
— А ў Беларусі, калі не выканаў паказчыкі, могуць і ў турму пасадзіць.
— Так, у Беларусі ў цябе амаль ніякіх правоў і, як ужо казалі, ніякай маёмасці. Можа быць нават на паперы пазначана, што ў цябе ёсць нейкая ўласная маёмасць, але калі сельсавет пажадае ў цябе забраць зямлю, на якой яна стаіць, ён усё забярэ.
У Польшчы ніхто не можа забраць тваю маёмасць. Наогул ніхто не можа за цябе вырашаць.
Няма тут і абмежаванняў, як у Беларусі. Напрыклад, там ты мусіш прадаваць свой тавар толькі сам, супрацоўнічаць з рэстарацыямі ці іншым бізнесам не можаш.
Тут можна супрацоўнічаць з кім заўгодна, наша задача — зрабіць усе неабходныя тэсты, то-бок несці адказнасць за якасць сваёй прадукцыі.
У Польшчы таксама ёсць праверкі, але адносіны адрозніваюцца. Для іх галоўнае, каб у цябе насамрэч усё функцыявала правільна.
Калі нешта не так, растлумачаць, папросяць, дапрацуйце, калі ласка. Ты зробіш і дашлеш фота. Без нерваў і стрэсу. Памятаю, як першы раз сутыкнуліся з праверкай санэпіднагляду на гастранамічным фестывалі.
У Беларусі іх заўжды баяцца. І я таксама хвалявалася, хоць у нас было ўсё неабходнае. Як яны нас хвалілі, што мы так добра падрыхтаваліся, што зрабілі ўсе, што трэба. Я не чакала, што гэта будзе так нармальна, па-чалавечы.
Нашы суседзі тут звычайна збіраюць сена і нешта пакідаюць сабе, а нешта абавязкова прадаюць, у тым ліку нам. У каго вялікія палі, наогул запрашаюць нашых жывёл проста так, каб яны ўсё з’елі, бо гэта дапамога: не трэба выкарыстоўваць тэхніку, асабліва на якіх-небудзь пагорках, дзе тэхнікай убіраць нязручна.
Палі ў іх якасныя, там заўсёды добрыя газоны, усе файна скошана, зямля з натуральнымі ўгнаеннямі.
«Ці добры Лукашэнка?». Звычайна гэта першае пытанне да нас ад палякаў»
— Як польскія фермеры ставяцца да беларускіх калег?
— Спачатку насцярожана. У якасці «пароля» выкарыстоўваюць пытанне «Ці добры Лукашэнка?». Звычайна гэта першае пытанне да нас ад палякаў. І калі адказваеш, што ён злачынца, камунікацыя ідзе лепей.
Палякі вельмі адрозніваюцца сваім пазітывам і спакоем. Амаль адразу на новым месцы да нас прыйшлі суседзі: «Калі якія праблемы, не хвалюйцеся, звяртайцеся да нас, з усім дапаможам».
Яшчэ тут ніхто не любіць гэты савецкі перыяд, які працягваюць будаваць у Беларусі. Старэйшыя людзі шмат чаго памятаюць і кажуць, што ён перапыніў жыццё, пасля чаго іх краіна багата страціла. Нават мы памятаем, што ў 90-я гады ў іх нічога не было. Але паглядзіце, як развіваецца Польшча зараз.
— Колькі трэба зарабляць у Польшчы фермерам, каб хапала на ўсё і не давялося прасіць пазыкі ў склепе?
— Пакуль у нас выходзіць прыкладна 3 тысячы еўра. І гэта вельмі эканомнае жыццё. А яшчэ мы ўсё, што можна, адкладаем на пакупку свайго дома.
Некалькі гадоў мы шукалі гэты дом, які арандуем, бо з жывёламі знайсці жыллё складана: лепш каб побач не было шмат дамоў, каб нікому не перашкаджаць.
Зараз мы жывём у вёсцы хутарнага тыпу, дзе дамы раскіданыя па гарах. Гэта зручна для ўсіх. Мы бачым толькі аднаго суседа-фермера, яго гаспадарка метраў за 300 ад нас.
Выдаткі тут у нас, канешне, большыя, чым у Беларусі. Перш за ўсё гэта арэнда жылля, таксама мы шмат выкарыстоўваем электрычнасці і газу, бо ў нас вытворчасць. За ўсё аддаём 4 тысячы злотых (950 еўра).
Вялікі артыкул выдаткаў — корм для жывёлаў і ветэрынарыя: неабходныя вакцыны, прышчэпкі, прэпараты. Кожны прыём абыходзіцца мінімум у тысячу злотых (240 еўра).
Напрыклад, у перыяд акотаў, жывёлам трэба трохі іншая ежа, больш бялковая, на месяц — таксама тысяча злотых. Корм для сабак — яшчэ тысяча.
На малако, з якога вырабляем сыр, у сярэднім аддаём 2500 тысячы (590 еўра) у месяц. Да гэтага трэба дакласці сена, мы адразу купляем вялікую партыю, аналізы малака і гатовай прадукцыі, ну і нейкія закупкі для сябе.
— У Беларусі ў вас было сваё жыллё, было лягчэй?
— У 2020 годзе мы чакалі, што адбудзецца, каб разумець, ці ўкладацца ў сваю гаспадарку ў Беларусі і развівацца, ці з’язджаць. Мы прынялі рашэнне з’ехаць.
Так, там можа і было б танней жыць, але я ўжо проста не ўяўляю, як жыць, калі ты нічога не можаш сказаць, не можаш падзяліцца сваімі думкамі нават з суседзямі, бо страшна. Турысты — адны расейцы, нашы кліенты амаль раз’ехаліся.
Відаць, можна неяк варыцца ў сваёй бурбалцы і нічога не заўважаць вакол, маўляў, жыць паралельна палітыцы. Але для нас гэта немагчыма.
У Польшчы мы яшчэ не грамадзяне, але правоў у нас тут больш, свабода адчуваецца ва ўсім. Тут мы можам планаваць, і гэтыя планы не мары, якім не наканавана ажыццявіцца, а менавіта планы.
Бо тут можна разлічыць і заробкі, і будучыню. На гэты год у нас грандыёзныя для эмігрантаў мэты — набыць зямлю і дом. Зараз мы чакаем апошні дазвол.
Крэдыт нам, на жаль, не далі, і нам яшчэ не хапае дзесьці 30 тысяч еўра. Але гэта апошняя частка, і калі ў нас будзе дастаткова замоваў, мы ўсё зможам.
У Беларусі нават тыя, у каго ёсць грошы, не могуць планаваць, бо ніхто не ведае, што будзе заўтра, ці не прыедуць увогуле за табой якія-небудзь губазікі.
Читайте еще
Избранное