Бяляцкі: «Беларускае грамадства, якое базуецца на асновах дэмакратыі, правоў чалавека, нельга загнаць у клетку»

10 цытат палітвязня, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, у якога сёння дзень нараджэння.  

Фота Уладзь Грыдзін, RFE/RL

— Яшчэ ў 80-я гады, калі мы, маладыя, займаліся беларускімі справамі, мая будучая цешча казала сваёй дачцэ: «Глядзі, па Сашу яшчэ прыедзе машына, забяруць і звязуць». Яны тады добра памяталі, як гэта было ў 30-я гады і пасьля вайны.

І гэтая боязь нікуды не падзелася, яна перайшла ў нашае грамадства. Улады працягваюць культываваць страх як метад кіраваньня людзьмі.

1987 год. Алесь Бяляцкі бярэ шлюб з Наталляй Пінчук

***

— Калі на трэцім курсе ўніверсітэту ў Гомелі, у 1981 годзе, у першы дзень заняткаў я пачаў пастаянна размаўляць на беларускай мове, усе зь мяне іржалі. Мабыць, нязвыкла было і не зусім складна атрымлівалася.

Мінулі два месяцы, і калі я пачынаў зь неабходнасьці гаварыць па-руску, усе ізноў зь мяне іржалі. Зноўку было нязвыкла.

Высновы: пачынай! І ўсё атрымаецца!

Фота з Фэйсбуку Алеся Бяляцкага

Трэба патрабаваць спыніць усялякі палітычны перасьлед. Бо інакш вызваленьне палітзьняволеных ня мае ніякага сэнсу — адных вызваляць, а праз пару месяцаў дабавяць новых.

***

— Мы прыйшлі да сваёй незалежнасці ў недаспелым стане. Беларусы не выспелі як нацыя.

У 1930-х гадах беларуская інтэлігенцыя ў БССР была амаль уся выбітая. Тое самае адбывалася і ў Заходняй Беларусі, дзе беларусам не давалі магчымасць падымаць галаву, не было ні беларускіх гімназіяў, ні свайго ўніверсітэта.

Пасля вайны ўлады актыўна праводзілі палітыку русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. З нас, як з той гліны,  ляпілі савецкі народ – без мовы, без гісторыі і без сваёй культуры.

***

— Зняволенне не стала для мяне трагедыяй. Не было ніякага адчування, што мяне перамаглі. Гэта была барацьба за праўду, за свае ідэалы да самага апошняга дня, пакуль мяне не выпусцілі.

21 чэрвеня 2014-га Алеся Бяляцкага сустракалі ў Мінску пасля вызвалення з бабруйскай калоніі па амністыі. Жонка Бяляцкага Наталля Пінчук побач з мужам, трымае яго за руку). Фота Grigori Sapejinski/RFI

Незалежнасць Беларусі будзе мець устойлівасць і перспектыву, калі яна будзе моцна звязана з дэмакратычнымі прынцыпамі пабудовы дзяржавы і грамадства. Бо немагчыма, каб несвабодны народ бараніў сваю свабоду.

— Новая генерацыя палітыкаў, неабстраляная, нявопытная, ня звыклая да гульні бяз правілаў, праходзіць турэмныя ўніверсітэты — разьвейваюцца ілюзіі, атрымліваецца суровы вопыт. Важны этап, бо немагчыма забыць перажытае і цалкам зразумела куды ісьці далей.

Без трагічных падзеяў апошняга году нам усім было б цяжэй разьвітвацца зь мінулым, цяжэй зразумець — дзе сябры, а дзе непрыяцелі. Мы ўсе пасталелі і памудрэлі за гэты апошні год.

***

— У нашай гісторыі за апошнія 100 гадоў былі такія адчайныя, здавалася б, безнадзейныя сітуацыі, што, здаецца, усё, гамон… Але ж, дзякуючы самаахвярнасці нашых папярэднікаў, неяк выходзіла на лепшае.

Трэба больш рабіць для Беларусі, у розных накірунках, але з адзінай мэтай — мець вольную, дэмакратычную і заможную Беларусь. Вось тады ўсё у нас будзе добра.

***

— Мне падабаецца жыць. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсць шчасце.

«У зняволенні можна пражыць без перадач, але без пачуцця свабоды – ніяк», — гаварыў Алесь Бяляцкі ў 2014 годзе на прэс-канферэнцыі пасля свайго вызвалення. Фота Сяргей Балай

***

— Беларускае грамадства, якое базуецца на асновах дэмакратыі, правоў чалавека — яго ня зьнішчыць, яго нельга загнаць у клетку, загон, трымаць пад замком, як хочуць зрабіць беларускія ўлады. Я думаю, што нас чакаюць лепшыя часы.

Фота з Фэйсбуку Алеся Бяляцкага

***

Павіншуйце Алеся Бяляцкага з днём нараджэння: СІЗА-1, 220030, г.Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.

У матэрыяле выкарыстаны інтэрв’ю Алеся Бяляцкага «Салідарнасці», Радыё Свабода, публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў» і на старонцы Бяляцкага ў Фэйсбуку.