Общество

Ганна Ваніслаўская

«Дзіма свядома ехаў на вайну. Ён лічыў, што Расія не мела права ваяваць супраць Украіны, таму прыйшоў нам на дапамогу»

«Салiдарнасць» распавядае пра гісторыю кахання беларускага добраахвотніка Дзмітрыя Рубашэўскага, які загінуў ва Украіне, і ягонай жонкі Галіны.

Галіна і Дзмітрый. Усе фота з асабістага архіву суразмоўцы «Салiдарнасцi»

Іх пазнаёміла вайна. Дзмітрый ваяваў разам з братам Галіны і прыехаў на ягонае пахаванне.

— У нашых стасунках мала было рамантычнага, бо пазнаёміліся мы ў цяжкі для мяне момант, калі на вайне ў Данецкай вобласці загінуў мой малодшы брат, — успамінае Галіна (пераклад з украінскай – С.). — Гэта было у траўні 2018-га.

Дзіма быў узводным майго брата. Яны былі сябрамі і пабрацімамі, разам ваявалі. Ён перадаў рэчы брата, сцяг, фотаздымкі пераслаў. І так у нас пачалося ліставанне. Дзіма мяне падтрымліваў.

Дзіма не рамантычны, ён заўжды казаў: калі ты нешта хочаш, ты мне проста скажы. Заляцанняў з яго боку не было. Проста ў адзін момант ён прызнаўся, што я яму падабаюся, і ён хоча прыехаць у госці. Я сказала «так».

У нас не было букетнага перыяду, таму што ён вайсковец і ўвесь час быў на вайне. Каб вы разумелі, мы з ім ажаніліся, у шлюбе былі тры гады, а дома ён правёў толькі год, калі сплюсаваць час, які мы былі разам. Уся наша сувязь — праз тэлефон, ліставанні, размовы.

У нас не было кахання з першага позірку. Ён мяне падтрымліваў, цікавіўся маімі справамі, як на працы. А потым я зразумела, што гэта той чалавек… (Плача). Гэта чалавек, з якім я сапраўды гатовая пражыць сваё жыццё. На якога гатовая пакласціся. Якому гатовая давяраць. Я ведала, што ён зробіць усё, каб у нас усё было добра.

Пасля ранення ў траўні 2019-га Дзіма патрапіў у лякарню. Ён тады страціў вока. У бальніцы ён паводзіў сябе горш за малое дзіця. Не любіў ляжаць, прымаць лекі, казаў: я вылекуюся і так. А ў бальніцы трэба нешта прымаць, ну, нічога не зробіш, а яму вельмі цяжка было, ён вельмі капрызіў.

У яго была рана на твары, яму сказалі, каб не здзіраў болькі, бо сляды застануцца, а ён не слухаў. Хацеў, каб хутчэй зажывала.

Ён дрэнна бачыў, адна рука была загіпсаваная, другая перабінтаваная, бо была ў асколках. Ён не мог ні памыцца — нічога. Ногі таксама былі ў асколках і перабінтаваныя. Я яго мыла і вадзіла курыць. Гэта было свята для яго — пакурыць некалькі разоў на дзень.  

Я казала: вытрымала цябе ў бальніцы, то вытрымаю ўсё жыццё.

Праз паўтара месяцы мы прыехалі дадому, ён кажа: давай ажэнімся, пакуль я дома. 21 ліпеня мы абвянчаліся, а 6 жніўня ён паехаў ваяваць.

Галіна і Дзмітрый вянчаліся ў грэка-каталіцкай царкве. Маладыя былі ў вышыванках: жаніх — у беларускай кашулі, нявеста — у сукенцы з вышыўкай.  

— Яны вельмі падобныя, нашыя вышыванкі, — кажа «Салiдарнасцi» Галіна. — Перад уваходам у царкву Дзіма падараваў мне пярсцёнак, заручыны такія былі. Ён вельмі доўга цягнуў, не ведаў, калі гэта зрабіць.

Ён апусціўся на адно калена і даў мне пярсцёнак. Гэта было вельмі нечакана. І мяне крыху супакоіла, бо я вельмі перажывала, як усё атрымаецца.

…Мне часам здавалася, што мае бацькі Дзіму любілі больш, чым мяне. Яны да яго вельмі добра ставіліся, як і ён да іх.

Галіна, як вы лічыце, чаму ваш муж вяртаўся на вайну? Ён страціў вока, былі праблемы з другім вокам…

— Ён мне адразу, яшчэ да таго, як мы пажаніліся, сказаў: «Ну ты ж ведаеш, што я да канца». Я кажу, што так, ведаю і прымаю гэта.

Ён змагаўся з пачатку 2016 года. Там яго браты, сябры, там яго сям'я. Гэта справа, якую ён хацеў давесці да канца, да перамогі. Дзіма прыехаў, каб дапамагчы нам перамагчы. Там былі тыя, каму ён быў патрэбны і хто яму таксама быў патрэбны.

Галіна кажа, што муж вельмі хацеў дзяцей.

— І як планавалі так і выйшла. Я адразу зацяжарыла.

Пра тое, што стане татам, Дзмітрый даведаўся з смс жонкі:

— Ён ужо быў на вайне, калі я напісала яму паведамленне, скінула фота тэсту. Дзіма быў вельмі шчаслівы.

Вырашылі: калі будзе дзяўчынка — я абіраю імя, а як хлопчык — Дзіма выбярэ. Як даведаліся, што чакаем дачку, я прапанавала тры варыянты, і ён выбраў адзін. Дачушку назвалі Дарынкай.

Дзіма вельмі не любіў фатаграфавацца, але я так хацела зрабіць цяжарную фотасесію, што ён пагадзіўся.

Калі я ляжала ў лякарні (у мяне было крывацячэнне, пагроза страты дзіцяці), Дзіму адпусцілі з фронту, і ён штодня прыязджаў да мяне і прывозіў ежу з Макдональдса, бо я нічога іншага не ела.

А як упершыню мне дазволілi схадзіць у душ, Дзіма стаяў каля мяне, бо лекар сказаў, што мне можа стаць дрэнна, і хтосьці мусіць быць побач. Калісьці я яго вадзіла ў душ у лякарні пасля раненняў, а тут ён мяне…

На родах ён не хацеў прысутнічаць, казаў, ты будзеш мучыцца, а я табе не змагу дапамагчы. Я не хачу бачыць, як ты пакутуеш. Давай без мяне.

Я разумела, што насамрэч ён мне не дапаможа. І таму асабліва не настойвала, каб ён быў на родах.

Калі я была ў дэкрэтным адпачынку, Дзіма браўся за любую працу, каб мець нейкія сродкі. Уладкавацца было вельмі праблематычна, яго ніхто не хацеў браць, бо ён замежнік, без дакументаў. Але я разумела, што ён зробіць усё, каб у нас з дзіцем усё было добра.

У яго быў рытуал: калі ехаў на службу (Дзіма на той час быў у 24-й брыгадзе), то заўсёды перад выхадам з дому, клаўся побач са мной на пяць хвілін, цалаваў.

Як Дарынцы споўніўся год, Дзіма з 24-й брыгадай паехаў на вайну на ўсход. З чэрвеня па лістапад мы не бачыліся, і дачка яго не памятала. Для яе тата існаваў на фотаздымку і ў тэлефоне.

Калі Дзіма прыехаў, ён увесь час гуляў з ёй. Я, напрыклад, раніцай даўжэй спала, ён яе забіраў, гуляў з ёй. Разам кніжкі чыталі, танцавалі, спявалі. Мінула два тыдні ў адпачынку, і Дзіма з’ехаў на вайну і не вярнуўся…

Дзмітрый Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 года пры выкананні баявога задання на Харкаўшчыне, паблізу сяла Ізюмскае.

Пра тое, што адбылося з татам, трохгадовая Дарына не ведае.

— Я ёй не казала, бо яна ж маленькая. Яна ўжо разумее, што тата ў яе мусіць быць, але мне пакуль цяжка растлумачыць ёй, што і як.

Галіна да апошняга верыла, што з каханым нічога дрэннага не здарыцца:

— Я ніколі пра гэта не думала. Дзесьці глыбока, на падсвядомасці, было, але ад сябе такія думкі адганяла. Лічыла, што ён несмяротны.

Ягоная гібель для мяне была нечаканай. Хоць усе кажуць, ну як, гэта ж вайна. Так, я ўсё разумею, але пра гэта ніколі не думаеш, бо цяжка. Проста верыш, што ўсё будзе добра. І ў размовах мы ніколі гэтую тэму не краналі — абыходзілі.

Магчыма, каб мы больш часу жылі разам, то дайшлі б да яе. Але мы вельмі мала былі разам.

Дзіма заўсёды знаходзіў магчымасць штодня мне тэлефанаваць. І ў той дзень, калі адбылася наша апошняя размова, ён мне таксама званіў з самай раніцы, сказаў, што ў яго ўсё добра і заўтра патэлефануе…

Я прасіла яго забраць пасылку, якую даслала, там былі дакументы, прадукты, цукеркі. Ён патлумачыў, што не зможа ў бліжэйшы час. То, кажу, няхай валанцёры ежу возьмуць, бо шкада, калі сапсуецца.

Ён не меў часу больш размаўляць. Каб злавіць сувязь, ім трэба было выязджаць перад заданнем.

Ведаю, што ў апошні дзень ягонага жыцця яны абаранялі сяло. Дзіма стрэліў у палкоўніка расійскай арміі. Паколькі ў Дзімы не было правага вока, ён не меў агляду з правага боку і ня бачыў, што гэты палкоўнік быў яшчэ жывы, пры ім быў аўтамат. Ён выпусціў чаргу і трапіў у Дзіму. Муж атрымаў кулявое раненне шыі — яно аказалася смяротным.

А як Дзмітрый патрапіў ва Украіну і стаў абаронцам? Вы ведаеце гэтую гісторыю, ён распавядаў яе?

— Ён прыехаў у канцы 2015-га. Пад выглядам таго, што едзе на футбол, ён збіраўся на вайну. Першы раз не атрымалася, а потым, калі «Правы сектар» абвясціў, што набірае замежнікаў, ён далучыўся да яго. На пачатку 2016-га Дзіма ўжо ваяваў.

Ён свядома ехаў на вайну. Для яго несправядліва, калі замежная краіна вырашае нейкім чынам умяшацца ў справы іншай краіны, асабліва вайной. Ён лічыць, што кожная дзяржава павінна вырашаць свае праблемы самастойна. І Расея не мела маральнага права ўмешвацца ў нашы справы, а тым больш ваяваць супраць нас. Таму ён і прыйшоў нам на дапамогу.

Дзіма любіў Беларусь, ён вельмі хацеў паехаць дадому. Ён ніколі не адракаўся ад радзімы і марыў, каб яна таксама была вольная.

Ці былі ў вас нейкія супольныя мары? Вось, напрыклад, калі скончыцца вайна

— Мне вельмі хацелася, каб мы разам паехалі на мора, у Адэсу. І яшчэ мы хацелі набыць машыну, каб гэта зручна і практычна, калі ў цябе маленькае дзіця. Дзіма прымусіў мяне пайсці на курсы ваджэння. Хоць я панічна баялася машын.

Галіна кажа, што не толькі яна лічыць свайго мужа героем — такое ж меркаванне маюць усе, хто ваяваў з Дзмітрыем Рубашэўскім.

— Сябры Дзімы паважалі яго. Ён быў вельмі, як мне сказалі, адказны. І з ім не страшна было ісці ў бой, бо на яго можна было спадзявацца.

Яны лічаць, што ён, як ніхто, заслужыў званне Героя Украіны, таму што шмат зрабіў, хоць паводле дакументаў быў простым салдатам. Мне дапамагаюць, каб мы гэтага дамагліся. Адпаведная петыцыя апублікаваная на сайце афіцыйнага інтэрнет-прадстаўніцтва Уладзіміра Зяленскага. Яна набрала адпаведную колькасць галасоў (больш за 25 000 – С) і чакае разгляду.  

Калі Дзіма загінуў, Тайра (украінскі валанцёр-парамедык Юлія Паеўская – С.) пасля свайго вызвалення з палону пісала, што ён быў светлым чалавекам.

А пра вайну мы з ім не гутарылі. Дом домам, а вайна вайной. Гэта былі дзве асобныя тэмы. Пра яго як пра воіна я ведаю толькі ад ягоных сяброў. Ён не лічыў патрэбным несці вайну дадому, а я яго не распытвала. Ён мне сказаў: «Табе гэта не трэба. Вайна для тых, хто ваюе».