Филин

Юлія Кот

Фрыдман: «У любым разе, разлікі Лукашэнкі на дапамогу Расіі большыя, чым у Асада»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у каментары Филину — пра тое, як правіцель успрыняў падзенне «братэрскага» рэжыму.

У Сірыі ідзе гульня асноўных сусветных гульцоў, і гэта ўрок для Беларусі. Такую заяву зрабіў Лукашэнка, каментуючы нядаўнія падзеі для супрацоўнікаў прадпрыемства аварыйна-выратавальнай тэхнікі «ПАЖСНАБ» у Барысаве.

Башар Асад, на думку Лукашэнкі, дыктатарам не быў: «Які Асад дыктатар? Урач па прафесіі, я яго ведаю даўно… Ён ніколі нікога не забіваў». І, вядома ж, правіцель абвінаваціў у цяперашніх падзеях Захад і амерыканцаў, якія нібыта паклалі вока на сірыйскія нафту і газу.

Устрымаемся ад кпінаў наконт аўдыторыі, на якую беларускаму правіцелю цяпер даводзіцца агучваць сваю «міжнародную палітыку», — хто слухае, перад тымі і выступае. Але ж зазначым, што гэта першая рэакцыя Лукашэнкі на звяржэнне рэжыму Асада.

Дагэтуль беларускі МЗС выказваў падтрымку «прэзідэнту, ураду і народу братэрскай Сірыі», аднак пасля захопу Дамаска як быццам вады ў рот набраў.

Вельмі асцярожна выказалася наконт сітуацыі і прэс-сакратарка Лукашэнкі: «Безумоўна, мы ўважліва назіраем за развіццём падзей, хоць і не з’яўляемся зацікаўленым гульцом у рэгіёне».

Але відавочна, што падзенне «братэрскага» рэжыму не пакінула Лукашэнку раўнадушным. Якія высновы ён для сябе зрабіў, і ці баіцца аналагічнага сцэнару, альбо разлічвае на моцнае плячо Крамля?

— Канешне, ён баіцца, — адзначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Кожны дыктатар баіцца такога сцэнару, і кожнаму назіраць за тым, што адбылося, вельмі непрыемна. Тым больш, што на вяку Лукашэнкі такіх гісторый ужо хапала — і адбываліся яны з людзьмі, якіх ён ведаў. Кадафі, Мілошавіч, які ўвогуле апынуўся за кратамі, а цяпер Асад, з якім было супрацоўніцтва і сяброўскія сустрэчы.

— Гэта блізкі да яго тып дыктатара: Асад таксама да апошняга змагаўся, не жадаючы аддаваць уладу. І думаю, Лукашэнку гэтая гісторыя зачапіла.

Не ў тым сэнсе, што ён параўноўвае становішча ў Сірыі і ў Беларусі, гэта розныя гісторыі. Але сам факт, што рэжым абрынуўся, што армія вырашыла не падтрымліваць дыктатара, што паляцелі сцягі, помнікі — канешне, гэта вымушае задумацца пра тое, якая будучыня чакае яго самога.

Аналітык зазначае: і сам правіцель, і ягоная прапаганда імкнуцца паказаць, што іх гэта як быццам не датычыцца — але сама падача і танальнасць заяў сведчыць аб адваротным. Пры гэтым прамаўчаць на тэму Асада зусім Лукашэнка таксама не мог: тады пачаліся б развагі наконт «спужаўся», «прымярае на сябе лёс сірыйскага дыктатара» — і ён вымушана адрэагаваў, як мог.

— Што да заяў датычна Захаду і амерыканцаў — я б нават не выключаў, што ён у гэта верыць, бо такія канспіралагічныя наратывы распаўсюджаныя ў расійскай прапагандзе, а Лукашэнка вядомы спажывец такіх звестак, — дадае Аляксандр Фрыдман.

Суразмоўца згадвае, як у свой час у даследчых праектах ён вывучаў канспіралагічныя наратавы, што распаўсюджваліся кампартыяй, КДБ, «Штазі». І, гартаючы ўнутраныя аналітычныя нататкі спецслужбістаў, у якіх ім не было сэнсу хлусіць самім сабе, ён прыйшоў да высновы: так, яны сапраўды верылі ў тую канспіралогію, якую потым неслі «ў масы».

— Гэта быў той фрэйм, праз які яны назіралі за светам. У Лукашэнкі таксама такі ёсць, пра змовы вялікіх дзяржаў, пра тое, што за ўсім глядзяць амерыканцы.

— Паказальныя ў сірыйскіх падзеях дзеянні, а мо бяздзейнасць, Расіі амаль да апошняга моманту. Які ўрок з гэтага вынес Лукашэнка, ці разлічвае на дапамогу Крамля?

— Для адказу трэба паглядзець на падзеі праз оптыку Лукашэнкі. Што для яго дрэнна ў такіх варунках: што саюзнік не ўпісаўся, не стаў ваяваць за Асада. Усё так, і гэта яму не спадабалася. Але ж Масква яго ўсё ж выцягнула, а не кінула, з ім не адбылося тое, што ў свой час было з Кадафі, якога жорстка забілі.

Таму Лукашэнка ацэньвае сітуацыю з гледзішча ўласных інтарэсаў. А ягоны ўласны інтарэс — выратаваць сябе і свой клан. У гэтым сэнсе Расія зрабіла для Асада ўсё належнае. А на большае, мяркую, Лукашэнка не вельмі-то і разлічвае.

Бо якім можа быць лёс Беларусі, калі Расія ўмяшаецца? Калі нават сабе ўявіць, што ў 2020-м Крамлю давялося б умяшацца — хутчэй за ўсё, яны проста анэксвалі б Беларусь, зрабілі тое самае, што і з Крымам. І якая ж тут выгада Лукашэнку і ягонай уладзе.

У любым разе, на маю думку, разлікі Лукашэнкі на дапамогу Расіі большыя, чым у Асада.

Хаця б таму, што Беларусь — не Сірыя. У адрозненне нават ад той жа Украіны, якую яшчэ трэба «вярнуць», Беларусь фактычна ў іхняй кішэні. А калі ў цябе з кішэні выцягнуць тое, што ты ўжо лічыў сваім і на гэта разлічваў, само сабой, гэта выклікае пачуццё агрэсіі і жаданне дзейнічаць яшчэ больш рашуча.

— Што будзе далей у тым ліку з патокамі сірыйскіх бежанцаў, якія ішлі праз Беларусь, і заявы якіх аб прытулку шэраг еўрапейскіх краін прыпыніў? Было б іроніяй лёсу, калі б тыя, хто знаходзіцца ў краінах-суседках, вярнуліся ў Беларусь, а адтуль дадому…

— У такім выпадку, мяркую, Лукашэнка будзе першым, хто зачыніць мяжу. Дый не пайдуць яны з Еўропы ў Беларусь ці ў Расію — у скрайнім выпадку, вернуцца наўпрост у Сірыю.

Аляксандр Фрыдман бачыць у гэтым іншы сэнс: тое, што Еўропа дзейнічае так рашуча і прыпыніла разгляд заяў на прытулак з Сірыі, — гэта прэвентыўны захад, на выпадак, калі беларускі і расійскі рэжым вырашылі б зноў узмацніць міграцыйны крызіс.

— Тэарэтычна Пуцін і Лукашэнка могуць зноў арганізаваць уцёкі людзей з Сірыі, калі новы рэжым будзе яшчэ больш жорсткім — можна і з Турцыяй дамовіцца, і з іншымі апартуністамі. Але еўрапейскія краіны даюць зразумець, што гэты варыянт не пройдзе.

Больш за тое, калі ён усё ж паспрабуе дзейнічаць, як у 2021 годзе, прабіць еўрапейскую мяжу — ёсць рызыка застацца разам з гэтымі мігрантамі на тэрыторыі Беларусі, а Лукашэнку гэта наўрад ці трэба.

Што да лёсу сірыйскіх уцекачоў — часта праходзіць інфармацыя, што толькі ў Германіі іх мільён чалавек. Але гэта не зусім дакладна. Так, каля мільёна чалавек перабраліся ў Нямеччыну, але адлік трэба браць з 2015-2016 гадоў, і шмат хто з гэтых людзей ужо атрымалі грамадзянства Германіі і іншых еўрапейскіх краін.

Зараз яшчэ дзейнічаюць больш ліберальныя ўмовы, гэта магчыма не толькі праз 8, а праз 5 і нават 3 гады, калі ты ведаеш мову і працуеш — і хапае сірыйцаў, якія адпавядаюць гэтым крытэрыям, атрымалі грамадзянства, пусцілі карані, і ніхто не плануе вяртацца.

Дый рэальных магчымасцяў іх дэпартацыі таксама няма. Таму падобны дыскурс — звычайны папулізм, шмат у чым перадвыбарчы, бо палітыкі разыгрываюць міграцыйную карту.

Падобныя размовы, зазначае аналітык, могуць пачацца і адносна грамадзян Украіны, якія падаліся на прытулак. Але ўсё ж стаўленне да ўцекачоў з Блізкага Усходу, пераважна мужчын-мусульман, і стаўленне да ўкраінскіх жанчын з дзецьмі, у еўрапейцаў вельмі рознае.