Гурневіч: «Хоць латышы ў баявым змаганні не складалі большасці ў сваёй арміі, але яны таленавіта выкарысталі акно магчымасцяў»
Беларусы ніколі ў гісторыі не хацелі ваяваць за Беларусь, таму ў нас усё так кепска. Ёсць такі выраз. З нагоды Дня незалежнасці Латвіі (Dievs, svētī Latviju) я проста з цікаўнасці глянуў, як змагаліся латышы, піша Дзмітры Гурневіч.
І гэта пацьвярджае тэзіс, як шмат у гісторыі вырашаюць выпадковасці, на якія бенефіцыяр гэтай гісторыі меў не такі вялікі ўплыў. (І ў гэтым няма трагедыі).
Незалежнасць Латвіі ўрад Карліса Улманіса абвясціў тады, калі краіна была пад нямецкім кантролем, у 1918 годзе. Але адразу пасля гэтага пачаўся наступ бальшавікоў на Латвію. Улманіс разам з немцамі абвясцілі мабілізацыю, каб бараніцца ад чырвоных. Але жадаючых латышоў было ня шмат, гэта былі сотні людзей. Касцяк складалі немцы (мясцовыя і салдаты, якія сюды трапілі падчас І сусветнай). Улманіс абяцаў ім пашпарты і зямлю.
У бальшавіцкай жа латыскай арміі, якая хацела стварыць бальшавіцкую Латвію, 80% салдат былі латышамі. Яны ішлі туды дзеля таго, каб атрымаць зямлю, якая была ў вялікай ступені ў руках немцаў. Немцы былі нацыянальна меншасцю ў Латвіі, складалі каля 10%, але былі буйнымі землеўласнікамі.
Немцы баяліся, што Улманіс іх кіне, таму ўчынілі путч, і разагналі яго ўрад. Улманіс жа са сваёй камандай уцёк у Ліепае і быў вымушаны чатыры месяцы правесці на караблі «Саратаў». Ён то стаяў у порце Ліепаі, то плаваў па моры. Судна ахоўвалі французскія і ангельская жаўнеры. Латвію ўрад не кантраляваў. Немцы прызначылі больш лаяльны сабе.
Бальшавікі ў гэты час паспяхова занялі Рыгу і ў выніку ўсю амаль краіну. Дарэчы, падчас захопу Рыгі 4 латыскія роты, лаяльныя Улманісу, перайшлі на бок бальшавікоў. І магчыма б у бальшавікоў і атрымалася збудаваць чырвоную Латвію. Але… яны заняліся ўлюбёнай справай – тэрорам, барацьбой з рэлігіяй. І замест таго, каб раздаваць зямлю жаўнерам, якія паспяхова занялі Латвію, бальшавіцкі ўрад Латвіі пачаў рабіць там саўгасы/калгасы. Салдаты расчаравіліся і чырвонае войска дэмаралізавалася.
Немцы тым часам перлі і пачалі перамагаць бальшавікоў. Менавіта немцы, бо латышоў там быў мізэр. Улманіс хоць і плаваў на караблі, але здолеў дамовіцца з эстонцамі, што ўзамен за перадачу Эстоніі 12 памежных «сельсаветаў», эстонцы створаць латыскую вайсковую адзінку, якая пойдзе на бальшавікоў з Поўначы. Запісалася 600 эстонскіх латышоў.
Як бы там ні было з лічбамі, армія Латвіі, складзеная пераважна з немцаў, усё ж перамагла бальшавікоў. Улманіс не сядзеў на караблі склаўшы рукі. Ён вёў перамовы з прадстаўнікамі Антанты і тыя паспрыялі ягонаму вяртанню ў Рыгу, ціснучы на немцаў. У выніку латышоў на полю бою падтрымалі палякі (12 тысяч палякаў і 8 тысяч латышоў). Яны прымусілі расейцаў прызнаць Латвію ў жніўні 1920 году.
Дзяржава сталася фактам. І хоць праз 20 год бальшавікі ізноў яе акупуюць, гэтых двух дзясяткаў год хапіла, каб у нацыі стварыўся моцны стрыжань. Хоць латышы ў баявым змаганні не складалі большасці ў сваёй арміі, але яны таленавіта выкарысталі акно магчымасцяў. Яно ў іх, праўда, было крыху шырэйшае.
Читайте еще
Избранное