У людзей, якія не дакранаюцца да сілавых міністэрстваў, да судовай сістэмы, ёсць ілюзіі, што ў нас усё не настолькі дрэнна, і немагчыма пасадзіць кагосьці, не маючы на гэта падстаў. І я думаў: выйду, распавду аб тым, як ёсць насамрэч. А калі выйшаў, аказалася, ужо ўся краіна ўсё ведае — што можна сесці і за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, а суд скажа, што так і трэба. Але тады быў у той самай ілюзіі, як усе беларусы, у тым ліку прадпрымальнікі.
Кныровіч: «У людзей, якія не дакранаюцца да сілавых міністэрстваў, да судовай сістэмы, ёсць ілюзіі, што ў нас усё не настолькі дрэнна»
Прадпрымальнік — пра бізнес і чыноўнікаў у 1990-я, турэмны досвед і як зніклі наіўныя ўяўленні адносна законнасці ў Беларусі.
— Зараз сабе немагчыма ўявіць, але было шмат свабоды <у прадпрымальніцтве>, — згадвае блогер і бізнесмен, чалец КР Аляксандр Кныровіч у эфіры Радыё Свабода. — Гэта не быў настолькі зарэгуляваны эканамічны асяродак, як зараз, і працаваць было значна прасцей.
Мы разумеем, што з 1991 па 1994 год у Беларусі адбыўся спад эканомікі на 40%, яна знаходзілася на дне. Але для прадпрымальнікаў гэта азначала, што потым будзе буйны рост — умоўна, ты ўваткнеш рыдлёўку, і тая будзе расцвітаць. Мы пражылі гэты этап напрыканцы 1990—пачатку 2000-х, калі для бізнесу было значна менш абмежаванняў.
Да таго ж была зусім іншая атмасфера. Мы маглі прыйсці да намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва і нешта папрасіць не таму, што мы прынеслі грошы ці нейкую выгаду для яго, а таму, што гэта патрэбна краіне — і ён мог пагадзіцца і прыняць рашэнне на карысць радзімы. Потым гэта сышло.
На думку прадпрымальніка, чынавенства ў Беларусі не магло стаць не карумпаваным: «Іх заробкі суадносна з іх адказнасцю вельмі малыя, і гэта спараджае карупцыю. Калі ты маеш міністра, у якога заробак, як у афіцыянта ў Парыжы — якія да яго пытанні?»
— Калі мяне «закрылі», калі я апынуўся ў СІЗА КДБ і паглядзеў на абвінавачанні ў свой адрас, здзівіўся, як малое дзіця: так магчыма наогул — пасадзіць чалавека за краты нібыта праз тое, што ён не заплаціў падаткі метадам сплаты іх у большым памеры? А яны ўсё рабілі ўсур’ёз.
У нас у краіне кал 400 тысяч чалавек — прадпрымальніцкі клас, сярод іх ёсць ІП, ёсць малыя прадпрыемствы і г.д. І я ўпэўнены, што адсоткаў 80 з іх знаходзіцца ў тых самых адносінах да рэчаіснасці: нібы тое, што адбываецца з іншымі, не можа адбывацца з табой.
Самае дзіўнае і характэрнае для Беларусі, гаворыць Аляксандр Кныровіч, што на актывах групы будаўнічых кампаній «Сармат», якой ён кіраваў звыш 20 гадоў, у выніку не «нагрэўся» ніхто: дзяржава разваліла бізнес, актывы былі прададзеныя менш чым за $1 мільён, а мільёны падаткаў і сотні працоўных месцаў проста перасталі існаваць.
Але пры тым, згадвае прадпрымальнік, у перыяд адноснай лібералізацыі гучала нават вострая крытыка наконт эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў (па сённяшнім часе гэта прызналі б «экстрэмізмам») і шмат хто быў упэўнены, што працэс лібералізацыі Лукашэнка працягне.
— Тое, што ён кудысьці сыдзе, я ніколі не верыў. У мяне і зараз няма такой думкі. Пакуль не памрэ, ён будзе сядзець на сваім троне, — разважае Кныровіч. — Але мы бачылі, як паступова скарачаецца прастора для дзяржаўнай прапаганды, інфармацыі, для бізнесу, і пашыраецца для недзяржаўнага сектару. І я не бачыў прычын, каб гэта не адбывалася далей — разлічваў, што яшчэ некаторы час усё ж такі будзе ісці развіццё.
Падзеі 2020 года прадпрымальнік успрымаў праз незалежныя медыя, якія на той час яшчэ даходзілі ў калоніі.
— У верасні 2020 года, калі тэлефанаваў блізкім, у мяне было толькі адно пытанне: пакуль людзі на вуліцах і плошчах, пакуль выходзяць добраахвотна, ці будуе нехта столевую структуру, якая магла б замацавацца і, калі хваля пойдзе ў адваротны бок, магла ўтрымацца? Пачуў, што ніхто гэтым не займаецца, усе ў нейкай эйфарыі, бо пабачылі, як нас шмат.
Пры тым паводзіны турэмшчыкаў у «Віцьбе» ніяк не памяняліся. Але трэба разумець, што для большасці з іх гэта проста служба, яны прыйшлі туды не дзеля палітычнай і асэнсаванай самарэалізацыі — проста праца. Адзіны, можа, афіцэр хадзіў і распавядаў па сакрэту, «можа будзе нешта»…
Час, праведзены ў няволі, Аляксандр Кныровіч не лічыць страчаным або найгоршым у жыцці:
— Яно ў мяне адно, для чагосьці дадзена, і тая самая турма была для чагосьці дадзена.
Канешне, ёсць псіхалагічны тэрмін — да 5 гадоў. Калі ты прабыў у месцах зняволення да 5 гадоў, можна казаць пра нейкі вопыт, пазітыўныя моманты, якія былі. Я значна лепш граю на гітары, была магчымасць патрэніравацца, прачытаў шмат кніг і шмат чаго зрабіў сам з сабой — гэта не мае дачынення да калоніі, але 4 гады і 7 месяцаў была магчымасць гэта рабіць. Таму для мяне гэтыя гады не страчаныя. Аднак я ніколі не глядзеў бы так на чалавека, які правёў за кратамі 10 і болей гадоў.
Я бачыў людзей, якія сядзяць 17 і 18 год з вялікага тэрміну, скажам, у 24 гады. У іх зусім іншая псіхіка, яны ўжо жыхары калоніі назаўжды.
Таму, калі тэрмін зняволення невялікі, то магчыма казаць пра ўрокі, змены, добры досвед. Але вось у мяне да калоніі былі болі ў сэрцы, зараз іх няма. Як да гэтага ставіцца: сказаць дзякуй Лукашэнку, што ён мяне пасадзіў? Напэўна не, я мог бы да гэтага прыйсці іншым шляхам.
Читайте еще
Избранное