Людміла Тальяно: «Захацелася зрабіць малюнкі на адзежы, каб накінуць на сябе і павезці ў любую краіну. І каб Беларусь паехала з табой»
Як малявала Караткевіча, Калеснікаву і Зісера на худзі, куды паляцеў Лявон Вольскі і Ева з Суціным, а таксама чаму нам не павінна быць сорамна за нашыя жаданні, «Салідарнасці» распавяла мастачка Людміла Тальяно, якая ўжо тры гады жыве ў Тбілісі.
— Людміла, вельмі кранаюць худзі i сукенкi з партрэтамі выбітных суайчыннікаў, што вы прэзентавалі на выставе «Беларусы Беларусі». Як прыйшла гэткая ідэя?
— Праз год у Сакартвэла мне захацелася большай і асаблівай, не анлайн, камунікацыі з беларусамі. Каб сустрэцца, паабдымацца. І я пачала хадзіць на мерапрыемствы, якія ладзяць беларусы, у нас быў вельмі клёвы беларускі клуб «Кропка».
Мне вельмі падабаецца Тбілісі, ён даволі прыгожы і творчы. Тут шмат арту, шмат дызайну, грузінскія дызайнеры вельмі крутыя. Насамрэч хацелася зрабіць выставу яшчэ ў Менску, а ў Тбілісі ажно засвярбела.
На мой погляд, Беларусь жыве не толькі як краіна, Беларусь насамрэч жыве ў беларусах. Беларусы пасля 2020-га паехалі па ўсім свеце і павезлі Беларусь з сабою. Развіваюць і захоўваюць як мінімум мову. Па асяроддзі бачу, што нашы дзеці пачалі размаўляць на беларускай мове. Такога не было ў Беларусі, а зараз я бачу гэта паўсюль. Гэта вельмі важна для нашай агульнай беларускай будучыні і нашай краіны.
Самае каштоўнае, наш скарб – гэта людзі. Таму мне і захацелася зрабіць праект з партрэтамі выбітных беларусаў. Я працавала над ім паўгады. Пытала ў сваіх падпісчыкаў у інстаграме i фэйсбуку, каго б яны хацелі бачыць у гэтым праекце і чаму.
— Каго часцей называлі?
— У лiдарах каля 30 імёнаў, я намалявала 21 партрэт. Цікава, што называлі людзей даўняга мінулага: Сымон Будны, Ефрасіння Полацкая, Леў Сапега, Уршуля Радзiвiл.
Топчык, канешне, гэта Уладзімір Караткевіч, яго ўзгадалі амаль усе як улюбёнага аўтара. Адна дзяўчына даслала нават сваё даследванне творчасці Караткевіча з пункту гледжання сiнэстэзii:
«У Караткевіча ёсць неўласцівы большасці беларускіх аўтараў празрысты і светлы жоўты, вельмі сонечны колер. І таксама неўласцівы для большасці выразны ранішні блакітны».
Я была вельмі здзіўленая гэтай інфармацыяй, бо таксама адчуваю творчасць Караткевіча сіне-блакітнай.
Шмат называлі і сучаснікаў. Мяне як маланкай ударыла, калі сказалі пра Юрыя Зісера. Мне вельмі адгукнуўся яго падыход: рабі, што павінен, і будзе, што будзе. Дзейнічаць, рабіць па сумленні, негледзячы на абставіны і наступствы.
І я зачапілася за гэтую асобу, як за чалавека-легенду, які зрабіў магутную працу. Зісер насамрэч — гэта ж цэлая эпоха.
А яшчэ я прасіла падпічыкаў, каб яны не толькі называлі імёны, а давалі асацыяцыі пра гэтых людзей. Калі ўзгадалі Зісера, казалі пра розум, пра мецэнацтва, пра ўсім вядомы партал, пра чалавечыя каштоўнасці.
— А каго з жанчын раілі?
— Самая першая – Ефрасіння Полацкая. Спадабалася, як адна жанчына сказала: Ефрасіння яшчэ ў маладосці зразумела, што важна ў гэтым жыцці, і не пайшла замуж. То бок кінула гэтую патрыярхальную штуку і пачала рабіць важныя справы.
А яшчэ мне нагадалі, што яна жыла ў адзін час з грузінскай царыцай Тамар. І мне захацелася намаляваць іх разам, быццам нейкі сымбаль. У тым ліку і як пашану да Сакартвэла.
Ефрасіння памерла, калі Тамар было каля 7 гадоў. Яны належаць да розных эпох, але абедзве былі выдатнымі жанчынамі свайго часу і адыгралі важныя ролі ў гісторыі і культуры сваіх народаў.
«На адным дыханні ў мяне атрымаўся Кастусь Каліноўскі»
— Я родам са Шчучына, і Алаізу Пашкевіч малявала некалькі разоў яшчэ ў мастацкай школе. Вельмі спадабаўся яе твар, бо яна неверагодна прыгожая жанчына. А яшчэ вельмі рамантычная. Але якi моцны ў яе характар!
Цётка была першай жанчынай, якая выдала зборнік вершаў на беларускай мове, і назвала яго «Хрэст на свабоду». Яе словы натхнялі сотні людзей.
І Марыю Калеснікаву ўзгадалі, канешне. Яна крутая, гэта сэрца і ўсмешка. Пра яе казалі, што любоў мацнейшая за страх, казалі пра рашучасць, адданасць сваёй ідэі.
— Мо вы каго намалявалі на адным дыханні?
— Так у мяне атрымаўся Кастусь Каліноўскі. Ён мне вельмі лёгка даўся, атрымаўся такі, як быццам сам у гэты момант зрабiў сэлфi-пост у інстаграме. І мне вельмі захацелася дадаць яму ў вусны воблачка з цытатай: «Не рабіце адзін з адным спрэчкі, трымайцеся адзін аднаго».
— А каго набылі перш за ўсё?
— Мая ўлюбёная гісторыя пра Еву і Хаіма Суціна. У 2020-м я намалявала шмат партрэтаў Евы, якія крыху стылізавала, апрануўшы яе ў сучаснае адзенне.
Але мне захацелася каб быў партрэт не толькі Евы, але і Хаіма Суціна таксама. Таму што яго мала хто ведае сярод беларусаў, але ў мастацтве ён мо нават вышэйшы за ўзровень Шагала. І атрымаўся ён клёвы, тут у Сакартвэла дзяўчына носіць гэтую сукенку з Хаімам Суціным і Евай.
Набылі Ефрасінню Полацкую на сукенцы, Леў Сапега застаўся ў Сакартвэла, Лявон Вольскі паляцеў у Амерыку, як і Францыск Скарына. Мужчына, якi набыў партрэт Вольскага, вырашыў размясціць худзi на сцяне разам са сваёй калекцыяй візуальнага мастацтва.
Я планавала звазіць сваю калекцыю ў Польшчу і Літву, ладзiць там выставы для беларусаў, але пакуль не атрымалася з арганізацыйнымі момантамі. Зараз раблю сайт, дзе распавядаю пра гэты праект i таксама планую прадаваць свае карцiны анлайн.
— Чаму вырашылi маляваць на сукенках i худзi?
— Таму, што шмат хто з эмігрантаў жыве на валізках і не ведае, дзе апынецца заўтра. Некаторыя нават посуд не купляюць, бо куды яго потым. Зразумела, што карціны на халстах зараз не на патрэбу. Захацелася зрабіць малюнкі на адзежы, каб накінуць на сябе і павезці ў любую краіну. І каб Беларусь паехала з табой.
Мне падабаецца ідэя сумяшчаць мастацтва і само жыццё. Мне падабаецца ідэя апранаць такую рэч у звычайным жыцці, бо па сутнасці кожны дзень нашага жыцця ўнікальны і добра было б пачувацца асабліва.
— Вельмі файная ідэя, але хтосьці мо заўважыць, што карціну можна прадаць за ўмоўных 1000 даляраў, а худзі?
— Я вырашыла, што тысячу даляраў прасіць не буду, а палову магу папрасіць. Але ж гэта не гісторыя пра зарабіць. Хутчэй пра праект, які нас аб’ядноўвае.
Хацелася, каб людзі карысталіся гэтай рэччу ў сваім жыцці. Каб чалавек сеў у самалёт, і калі б сусед спытаў, хто ў яго на худзі, ён бы распавёў пра выбiтнага героя, пра нашу гісторыю.
Худзі можна мыць, яны доўгавечныя. І нават калі ў кагосьці штосьці сапсуецца, яны могуць да мяне звярнуцца, я ўсё папраўлю.
— Ці дакладна я зразумела, што вашы худзі i сукенкi каштуюць 500 даляраў?
— Я прадавала на выставе па 450 даляраў, ніжэй за 400 не бачу сэнсу, бо гэта ж паўгады шчыльнай працы і, вядома, я хачу, каб мая праца была ацэнена.
Вы ж не прыходзіце на выставу і не кажаце: «А давайце танней...»
Бо і якасць худзі таксама унікальная. Спачатку я думала, што трэба набыць нейкія худзі і на іх маляваць. Але ў пэўны момант зразумела, што хачу сапраўдны унiкальны мастацкі твор, зроблены з нуля ў рамках творчай канцэпцыі. І знайшла цудоўную мадэльера-краўчыху, якая жыве ў Беларусі. Яна зрабіла ўсе гэтыя худзі з прэміяльнага футра рукамі, у Беларусі.
Мы доўга чакалі тканіну, выбіралі колер, распрацоўвалі крой, лэйбл. Хацелася колер, падобны да чалавечай скуры (цёплы капучына). Каб стваралася ўражанне, быццам карціна намалявана на чалавеку. Калі да нас на выставу прыходзілі мадэльеры, яны мацалі нашыя худзі і нават прыцмоквалі: «Ідэальна!»
«Насамрэч я бы мо і не з’ехала з Беларусі. Але, можа, усё да лепшага»
— Калі мы з дачкамі ў сукенках рабілі фатасэсію ў цэнтры Тбілісі, да нас падыйшлі японцы. Мы пачалі спяваць «Купалінку», і іх так уразіла, што яны сталі нам спяваць песню на роднай мове, вельмі падобную па мелодыі да нашай «Купалінкі».
— Вы зараз сказалі пра шчырасць і адкрытасць японцаў, а я ўзгадала ваш пост у інстаграме, калі вы прапанавалі пачаставаць чурчхелай людзей з Менску. Быў 21 камент пра тое, якая яна прыгожая і смачная, але ніхто з беларусаў не напісаў: «Я хачу». Атрымліваецца, што мы вось усё адно такія...
— ...забітыя ці сціплыя. Таму і дапісала тады, што і мне, і вам «ужо можна шчасце».
Потым адна дзяўчына напісала «хачу», і я адправіла нашую самую смачную чурчхелу ў Менск.
Праз нейкi час я зрабіла такую ж самую акцыю, але ж «хачу» напісала беларуска з Сакартвэла. І я падумала, што вось жа пажыла дзяўчына ў Грузіі і стала больш вольная і адкрытая: «Хачу і бяру».
Я лічу што чалавек павінен жадаць і марыць. Гэта першы крок да таго, каб штосьці атрымаць. Нам не павінна быць сорамна за нашы жаданні.
— А як вы апынуліся ў эміграцыі і што было самае цяжкае?
— Насамрэч я бы мо і не з’ехала. Але думаю, гэта была б горшая сiтуацыя.
Летам 2022-га я з трыма дачкамі паехала адпачыць да родных, якія ўжо год як перабраліся ў Сакартвэла. Там і стала зразумела, што вяртацца ў Беларусь зараз мы не будзем.
Эміграцыя — гэта балюча. Гэта цікава і займальна. Гэта пашырэнне досведу, насычэнне новымі фарбамі, адценнямі, мовамі, традыцыямі. Гэта шырока расплюшчыць вочы, сэрца і розум. Быць у напрузе і імкнуцца да спакою.
Вельмі дапамаглі беларусы Сакартвэла, і рэчамі, і парадамі.
Па адукацыі я маркетолаг, але ж скончыла і мастацкую школу. Да 2020-га працавала ў крутым агенцтве, якое займалася маркетынгавымі даследваннямі. Але ж пайшла вучыцца на дызайнера, як даўно марыла, і пасля звольнілася з-за не вельмі добрага псіхалагічнага стану. Стала зразумела, што ў краіне адбываецца нешта грандыёзнае, і мне захацелася большай свабоды, каб займацца творчасцю.
Насамрэч цяжка адной з трыма дзецьмі, бо жывем без дапамогі іх бацькі. Кожны месяц думаеш: «Ёлкі... Як гэта ўсё пацягнуць?» Таму стараюся вучыцца, паглыбляцца прафесійна як дызайнер. Я раблю розныя невялічкія праекты як маркетолаг, як дызайнер-фрылансер працую ў ІТ.
Першы год у Сакартвэла я амаль ні з кім не знаёмілася, амаль ніяк не ўлівалася ў беларускую суполку. Дзеці, праца. І віно, канешне, крыху дапамагала (усьміхаецца). Нікому не раю гэтым балавацца, але ж у моманце яно падтрымлівала. Шмат з якімі эмігрантамі размаўляла і многія кажуць, што дзесьці год ужывалі віно, якое крыху лекавала маральна, а потым пераходзілі на шлях спорту.
«У вымушанай эміграцыі пачалі цаніць кожны момант, больш дзяліцца пачуццямі і любоўю»
— А праз год я адкрыла для сябе свет беларусаў Сакартвэла, і мне вельмі яны спадабалiся.
Сакартвэла такая краіна, якая мо не дае нам надзею на будучыню, бо цяжка легалізавацца, але дае вельмі шмат сардэчнага: сонца, прырода, усмешкі, адкрытасць, ласункі. І гэта назаўжды застанецца ў сэрцах беларусаў. Сакартвэла быццам абдымае і адагравае.
Грузіны настроены на жыццё, на тое, што яны павінны атрымліваць асалоду ад кожнага дня. Беларусы жывуць, каб працаваць, а грузіны кажуць: «Грузін нарадзіўся стомленым, таму ён жыве гэтае жыццё каб адпачыць».
Спачатку гэта падбешвае, а потым пачынаеш разумець і нават таксама атрымліваць дзэн. Каб запаволіцца і ў першую чаргу пераасэнсаваць адносіны з самою сабой. І ад гэтага ў штодзённым жыцці я стала шчаслівейшай.
А яшчэ дзесьці год у мяне ішоў працэс унутранай барацьбы: а ці маю я права паказваць у сваіх сторыс, што вакол мяне ўсё прыгожае, што я радуюся сонейку і люблю мора? Разумею, што шмат хто не можа сабе гэтага дазволіць. Але ў нейкі момант мне пачалі пісаць: «Канешне, дзяліся! Нам важна бачыць, што ёсць іншае жыццё, гэта файная падтрымка і надзея на лепшае».
— Калі б заўтра можна было апынуцца ў вольнай Беларусі, што б зрабілі?
— Пасля сустрэчы з бабуляй і ўсімі роднымі вельмі хочацца з’ездзіць у Гародню. Мо таму, што яна будзе больш за ўсё нагадваць мне Тбілісі (смяецца)? Бо там жа таксама ёсць пагоркі!
Калісьці мы сядзелі разам у беларускай суполцы, пыталіся, хто што будзе рабіць, калі можна будзе ехаць дадому. І вырашылі, што возьмем некалькі дзясяткаў фур, загрузім рэчы і віно, і паедзем такім караванам у Беларусь. Гэта мара многіх. Каб па дарозе дадому піць віно і спяваць родныя песні.
А яшчэ сесці з блізкімі ў двары, зрабіць смачны шашлык і абдымаць як мага больш сваіх людзей. Адзначу, што насамрэч у Сакартвэла я сустракалася са сваімі сябрамі больш, чым мо за 10 год у Менску.
Здаецца, мы зразумелі: ёсць чалавек — трэба даць яму крыху цяпла і атрымаць самому. Бо ў вымушанай эміграцыі пачалі цаніць кожны момант, больш дзяліцца пачуццямі і любоўю.
Читайте еще
Избранное