Класічны прыклад — Савецкі Саюз, які разваліўся пры абсалютнай бяздзейнасці мільёнаў піянераў і камсамольцаў. Іх як быццам таксама індактрынавалі па ўсім Саюзе, мелі дзясяткі год досведа — і што? Хто з піянераў і камсамольцаў стаў на абарону Савецкана Саюза? Ды ніхто не стаў.
Мажэйка: «Згодны датычна нацягвання савы на глобус у словах Карпянкова»
Куды прывядуць мары сілавікоў пра «выхаванне патрыятызму» ў юных беларусаў. Палітычны аналітык прыводзіць Филину прыклад з нядаўняй гісторыі. Ён вельмі паказальны і наўрад ці спадабаецца дзеючым уладам.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў выказаўся пра сістэму ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей і падлеткаў. Паводле слоў камандуючага ўнутранымі войскамі, іх выхаванцы «мусяць быць гатовыя пастаяць за краіну, за прэзідэнта, заўжды даць адэкватны адказ паклёпу і экстрэмізму на розных узроўнях».
Карпянкоў заявіў, што такіх хлопцаў і дзяўчат ужо вельмі многа — цэлы ўзвод першакурснікаў Ваеннай акадэміі набраны з былых выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў. А ў дапамогу ім дзейнічае падкантрольны МУС дабрачынны фонд «Маладая гвардыя», які быў створаны летась.
У заявах сумна вядомага сілавіка відавочныя маніпуляцыі і падмена паняткаў: «прэзідэнт» як увасабленне радзімы і краіны, пасыл адказваць зброяй і спецсродкамі на словы, нават калі гэта паклёп. Аднак прымаць да ўвагі яго словы вымушаюць сама меней два моманты.
- Па-першае, колькасць ваенна-патрыятычных клубаў у Беларусі сапраўды расце — на канец 2024 года толькі ў структуру МУС уваходзіла каля 160 з іх. А гэта больш 5500 дзяцей, якіх «правільна» выхоўваюць.
- А па-другое, як засведчыла леташняе апытанне BEROC, насамрэч нямала беларусаў хацелі б, каб іх дзеці пайшлі ў сілавыя структуры.
«Салідарнасць» абмеркавала з палітычным аналітыкам, каардынатарам «Нашай Візіі» Вадзімам Мажэйкам, наколькі гэта трывожная тэндэнцыя і ці атрымаецца ў дзейнага рэжыму падрыхтаваць сабе новае пакаленне «абаронцаў».
— Згодны датычна маніпуляцый і нацягвання савы на глобус у словах Карпянкова, як вы слушна адзначылі, — гаворыць аналітык у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Безумоўна, уцягванне дзяцей у парамілітарныя справы — гэта абсалютная мярзота і брыдота. Тым больш, калі гэта адбываецца добраахвотна-прымусова і з такімі маніпуляцыямі. Увогуле не падабаюцца карцінкі дзяцей, якія бегаюць з аўтаматамі — асабліва ў такім фармаце.
На што варта звярнуць увагу, на маю думку. Першае — праблема сапраўды існуе, і колькасць такіх клубаў павялічваецца. Не толькі статыстычна, я гэта заўважаў нават па сваіх знаёмых, былых аднакласніках, дзеці якіх трапляюць у «ваенна-патрыятычныя клубы».
Гэта, я сказаў бы, тыповая рэакцыя ўсіх аўтарытарных уладаў, якія разумеюць, што яны губляюць уплыў на пакаленне, бо дзеці не глядзяць Азаронка па БТ, а глядзяць тых жа самых падлеткаў у ТікТоку.
Таму заўжды і адбываюцца спробы зрабіць нешта «патрыятычнае», фактычна патрыятычна-мілітарнае — нібыта патрыятызм нідзе, акрамя як у войску, быць не можа. Любоў да радзімы падмяняецца любоўю да правадыра, гэта адкрытая прапаганда, і вельмі дрэнна, што так адбываецца.
Але другі момант, які хацеў бы зазначыць — ёсць вялікая розніца паміж тым, што гэта наогул адбываецца, і тым, што гэта будзе паспяхова.
Можна, вядома, грузіць у галаву дзецям усялякае ідэалагічнае, прапагандысцкае лайно. Але гэта не значыць, што дзеці будуць усур’ёз у гэта верыць. Прынамсі масава.
То бок, негатыўны уплыў ёсць, але ён не суцэльны. Гаворка не аб тым, каб не заўважаць праблему, але каб не разводзіць з яе паніку, што з усіх дзяцей зробяць зомбі. Зусім не. Так гэта не працуе.
Трэці момант, які адзначае Вадзім Мажэйка, датычыцца колькасці бацькоў, якія былі б не супраць, каб іх дзеці рабілі кар’еру ў сілавых структурах. Аналітык звяртае ўвагу, што такіх каля 23% — гэта не мала, але разам з тым утрая менш, чым праліберальных беларусаў, якія хацелі б бачыць дзяцей прадпрымальнікамі, бізнесменамі альбо нават фрылансерамі.
Да таго ж пад сілавымі структурамі меліся на ўвазе і армія, і МНС, а быць выратавальнікам ці быць АМАПаўцам, гэта вялікая розніца. Нарэшце, мяркуе аналітык, у гэтыя 23% уваходзяць не толькі прыхільнікі Лукашэнкі:
— Я бачу тут два вялікія фактары, што ўплываюць на такі выбар у любым грамадстве. Шмат хто лічыць міліцэйскую ці вайсковую службу сямейнай справай, — і не дзіва, калі афіцэры хочуць, каб іх сыны працягнулі дынастыю. Прычым менавіта сыны — бацькі дачок значна менш хочуць бачыць сваіх дзяцей у гэтай сферы (часцей проста на дзяржслужбе).
Акрамя таго, у любой краіне, дзе дзяржава грае вялікую ролю ў эканоміцы, дзяржслужба і тым больш праца ў сілавых органах — добрае месца працы з гледзішча кампетэнцый і заробкаў. І ў сённяшняй Беларусі для таго, хто працуе ў сілавых структурах, рэальна не існуе працы з лепшымі ўмовамі.
Таму гэта можа быць чыста прагматычны, нават цынічны падыход: будзеш абаронены, паважаны, будзеш мець грошы і розныя бенефіты кшталту жытла, формы і г.д.
Таму я не бачыў бы нейкага алярму, быццам беларусы хочуць, каб іх дзеці ішлі ў сілавікі. Не, у прынцыпе, тут у нас усё нармальна і зразумела.
Читайте еще
Избранное