Истоки

Багдана Паўлоўская

Мілінкевіч: «Мы не маем права прафукаць першы дзень пасля дыктатуры»

Пра закон прыроды. І як захаваць незалежнасць, калі побач агрэсіўны неадэкватны сусед?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і што нас чакае наперадзе. Наш суразмоўца — адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч

Чаму беларусам лягчэй затаіцца, чым з’ехаць, як не спрацаваць на сцэнар Крамля і ці адкаціліся мы назад у выніку рэпрэсій — чытайце ў першай, другой і трэцяй частках нашага інтэрв’ю.

— Мы шмат з вамі гаварылі пра беларусаў: пра тое, якія яны еўрапейскія, дэмакратычныя, талерантныя. Ці не ідэалізуем мы іх? Бо разам з разумнымі, свядомымі ёсць і азаронкі, і бондаравы, і яшчэ шмат хто, далёкі ад нашых ідэалаў.

— Хамства і халопства будзе здарацца і ў нашы лепшыя часы, проста яны не будуць паказушным афіцыёзам.

Я кантачу з многімі беларусамі, якія прыязджаюць у Польшчу з Беларусі, бо для мяне вельмі важна разумець, што там адбываецца. І вось, што я бачу. Па-першае, беларусы не так многа глытнулі з прапаганды і большасці гэтых лозунгаў яны не паверылі.

Па-другое, беларусы больш вераць у сябе (а зараз яшчэ мацней), чым у кагосьці іншага. Яны не чакаюць, што ім хтосьці нешта дасць. Ну, сапраўды, мы прывыклі разлічваць толькі на ўласныя сілы, што добра.

Я таксама стала пытаюся ў тых, хто прыязджае, ці праўда, што многія беларусы вырашылі, што ўсё ж такі Лукашэнка мае рацыю, што ён захаваў Беларусь, захаваў спакой і тым самым захаваў народ? І адказ: не, проста людзі прыстасоўваюцца, з большага маўчаць, бо трэба выжыць, трэба дзецям даць адукацыю, трэба зарабляць — ну проста каб перажыць.

І я таксама не сустрэў ніводнага чалавека, які б сказаў, што многа людзей дабравольна пабегла папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі. Так, канешне, ёсць частка людзей, якая падтрымлівае Лукашэнку і лічыць, што без яго не будзе міру, хтосьці проста не верыць, што новая ўлада прыйдзе хутка, хтосьці, як тыя ж сілавікі, не маюць выбару.  

Але думаю, што беларусы сёння ўнутры краіны ў стане чакання. І я ведаю, што многія грамадскія ініцыятывы працягваюць дзейнасць — ім вельмі цяжка, але яны робяць сваю справу. Нават не займаючыся палітыкай, яны ўмацоўваюць дух адзін аднаго, усведамленне, што нас шмат, што  беларусы салідарныя.

Таму я не бачу пройгрышу на сённяшні дзень. Так, людзі шукаюць аргументы для аптымізму і ўпэўненасці, і вельмі хочацца, каб гэта было хутка. І я не ведаю адказу на пытанне, калі гэта здарыцца і якой цаной, ніхто не ведае, але тое, што здарыцца, я знаю. Як фізік скажу, што ёсць законы прыроды, і яны някепска працуюць нават у справах грамадскіх.

Гэта проста закон прыроды: рана ці позна будзе і свабода, і незалежнасць, і беларускасць, і Еўропа — усё будзе. Проста трэба мець сілы і працаваць на гэта. Так, як можаш. Ну нават дзіцяці расказаць праўду пра нашу сапраўдную гераічную і трагічную гісторыю, фільмаў жа зараз маса выдатных — хай гляне, хай пачытае, хай паспрачаецца з бацькамі.

Ад нашага духа многа залежыць. Час складаны, трагедыя сацыяльная і маральная, але я веру ў народ. Калі ён такое перажыў на працягу сваёй гісторыі, ён і гэта перажыве.

— А як вы ўвогуле ацэньваеце шанцы Беларусі застацца незалежнай краінай? Ці будуць беларусы змагацца за сваю краіну ў выніку акупацыі Расіяй?

— У 1991-м мы менш разумелі, што незалежнасць — гэта вялікая справа. Здавалася тады, ну як жа мы без Масквы? Там ёсць Госснаб, там ёсць Госплан, труба з чорным золатам, мы не разумелі, што можа быць інакш.

Ну зараз жа людзі разумеюць. Ведаюць, як жывуць палякі, якія ў пачатку 90-х мелі прыкладна той жа ўзровень развіцця, але змаглі ажыццявіць рэформы і пайсці наперад — перш за ўсё дзякуючы свайму духу, самасвядомасці.

Некаторыя пытаюцца: а як мы пераканаем, што трэба сваю гісторыю вывучаць, мову вяртаць, калі людзі будуць галодныя, калі эканоміка будзе папсаваная? Маўляў, найперш будуць думаць пра страўнікі, а не пра культуру і традыцыі.

Канешне, мысленне народа, думкі, свядомасць адыгрываюць рашаючую ролю, бо народ выбірае кагосьці да ўлады, а потым, калі ўлада сфарміраваная, то яна, гэтая палітычная эліта, вырашае, якім шляхам ісці.

І таму вельмі важна, каб дэмакратычная эліта была падрыхтаваная. Каб рэформы і трансфармацыя, якія будуць ажыццяўляцца, арыентаваліся на паспяховы досвед іншых краін. Гэта ўжо робіцца ў тым жа офісе Ціханоўскай.

Рыхтуюцца праекты рэформаў, з улікам нашай гісторыі, нашай сітуацыі, прагнозаў, акцэптаваныя праз лепшых экспертаў Еўропы і Амерыкі. Ну ці мы гэта мелі як скончыўся СССР?

Адукаваныя людзі плюс праекты — вось што галоўнае. Воля эліты будзе вырашаць лёс Беларусі. Не абавязкова нават, каб увесь народ адразу ўсё зразумеў, але калі тэлебачанне будзе гаварыць праўду, калі інтэрнэт не будзе пераследавацца і будзе канкурэнцыя ідэяў, мы зробім каласальныя крокі.

Мы гатовыя да гэтага. Мы, праўда, еўрапейцы — і эмацыйна, і ў свядомасці, і ментальна.

— Але ж незалежнасць…

— А незалежнасць, яна аўтаматам выходзіць, як жаданне жыць годна і самастойна. Кожны ж разумее, што калі мы не захаваем яе, то будзем рускімі другога гатунку, будзем пад Масквой, а пазней заходняй правінцыяй Кітая. Ці гэта нам усміхаецца?

Незалежнасць выцякае са свядомасці, з разумення таго, што мы народ. Меншы, большы, але народ. А мы, дарэчы, сярэдні, па еўрапейскіх мерках, народ. І толькі ў незалежнай дзяржаве мы можам адстаяць свае інтарэсы.

Усё будзе. Мы транзітная краіна, адукаваная, працавітая, лічбавая, у нас доступ да Інтэрнэта лепшы, чым у Нямеччыне, мазгі прасунутыя – IQ у беларусаў адно з лепшых у Еўропе — значыць мы не бедныя. А дзяржава — гэта само сабой. Гэта як дом. Вось ты хочаш дом ці ў інтэрнаце жыць? Я хачу жыць у сваім доме і сябраваць з суседзямі.

— Пра народ зразумела, але ж улада перш за ўсё думае пра тое, як захаваць сябе, і дакладна не праз еўрапейскі шлях…

— Сённяшняя, канешне…

— І пакуль не мы вырашаем, куды ідзе наша краіна, з кім сябруе і жыве ў адным доме.

— Рэжымы, што ў Мінску, што ў Крамлі нікуды нас не вядуць, яны спрабуюць спыніць час, нават вярнуць нас у мінулае. Дыктатары ні з кім не сябруюць, яны трымаюцца адно з адным, бо самі жывуць у бясконцым страху і страшаць усіх вакол.

Тое, што больш за паўмільёна з’ехалі з краіны — сапраўдная трагедыя, але мы пры гэтым працягваем працаваць на Беларусь: журналісты пішуць, арганізацыі, актывісты займаюцца грамадскімі і палітычнымі справамі, мы здабываем неацэнны досвед жыцця ў цывілізаваных краінах.

І я ўпэўнены, знаю, што Захад разумее, як важна ўжо зараз інвеставаць у беларусаў, а потым будзе выгадна ў краіну. І як толькі Беларусь будзе вольнай, яна можа стаць лакаматывам рэформаў для Усходняй Еўропы і паспрыяць бяспецы ў рэгіёне, у нас усё ёсць для гэтага.

Я аптыміст і веру, што «загляне сонца і ў наша аконца». Толькі нельга ламацца. Так, цяжка, няпроста, столькі зла вакол. Але праходзім гістарычны час, і нам усім не будзе сорамна перад будучымі пакаленнямі, адназначна.

— Але ж украінцы змагаюцца за сваю незалежнасць на полі бою. А ці будуць беларусы, калі паўстане такая неабходнасць?

— Украінцы сапраўды героі, яны за «нашу і вашу» свабоду змагаюцца і праліваюць кроў. Гэта цяжкае пытанне і дай божа, каб не дайшло да таго, каб вайна перакінулася на нашу тэрыторыю. Хаця страшна, калі сюды цягнуць ядзерную зброю, а потым без нашага дазволу маньякі з Крамля стралянуць з тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што можа прыляцець у адказ.

Ёсць працэсы, на якія мы моцна не ўплываем, але ўсё ж такі мы кожны сам за сябе і самі за сябе мусім адказаць. Мы, як народ, мусім адказаць на выклікі часу.

Ці можам мы са зброяй у руках? Я думаю, што так. Што нават тое войска, што ёсць у краіне, калі б прыйшоў нейкі захопнік, някепска сябе б паказала. Яно не такое моцнае, але не разбяжалася б па кустах, я ўпэўнены.

— Вось толькі захопнік вядома дзе сядзіць і адкуль можа прыйсці. І я не ўпэўнена, што сённяшнія генералы пабягуць абараняць незалежнасць…

— Я маю на ўвазе абстрактнага захопніка. Ну калі гэта будзе расійскі захопнік, анексія — гэта, пакуль, канешне, іншая справа.

—  Калі для нас адчыніцца акно магчымасцяў, каб нешта змяніць? Гэта будзе звязана з вынікамі вайны ва Украіне ці, можа, са смерцю кагосьці з гэтых дыктатараў?

— Мы ўсе задаем сабе гэтае пытанне. Але ж гістарычныя працэсы сапраўды непрадказальныя, гэта шматфактарная сістэма і можа спрацаваць фактар, які мы сёння нават не заўважаем. Усё можа быць: і смерць дыктатараў, і пераварот, і што заўгодна.

Але самае важнае скажу: мы не маем права прафукаць першы дзень пасля дыктатуры. Ад таго, у якім стане мы выйдзем на гэты момант, і будзе залежаць лёс нашай краіны. Мы павінны выйграць Беларусь.

А барацьба будзе самая адчайная. Для Расіі гэта будзе як апошні бой, каб Беларусь ад яе не адышла. Купляць будуць эліту ва ўрадзе, генералаў, будуць спакушаць таннай нафтай і газам — гэта ўсё будзе. І ці зможам мы вырвацца з кіпцюроў такога новага папулізму і гібрыдай ва ўсёй прыгажосці, асабліва калі жыць будзе цяжка, калі будзе разваленая эканоміка?

Але калі мы ўсвядомім адказнасць і будзем разам, то пераможам. Калі мы там прайграем, гэта ўжо можа быць амаль на векі вечныя. Вось пра гэта я думаю больш за ўсё.

Мне здаецца, мы па-дзіцячаму трохі зацыкліліся на Лукашэнку. Нам думаецца, што ва ўсім вінаваты толькі ён, вось яго заўтра не будзе, і мы прачнемся, апранемся — і ура! — дабрабыт, Еўропа і ўсё астатняе. Не! Трэба быць гатовымі да гэтага моманту, калі будуць больш маштабныя выпрабаванні і пагрозы.

Давайце рыхтавацца, бо ад нас усё залежыць. І вось тут ужо не рэжым будзе вінаваты, і не Пуцін. Мы мусім быць гатовымі!