«Мы з ім былі больш, чым проста муж і жонка. Гэта каханне, якое адбываецца аднойчы ў жыцці»
Гісторыя кахання беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» Суслава, які загінуў на вайне Расіі супраць Украіны.
Жонка Паўла Вольга ў інтэрв’ю «Салідарнасці» распавяла, як сустрэла свайго нарачонага, што прывяло яе абранніка ва Украіну, і чаму яна збіраецца ехаць на вайну.
— Мы пазнаёміліся на службе. Паша разам са сваім пабрацімам, таксама беларусам, прыйшлі служыць да нас у падраздзяленне Узброеных Сіл Украіны, — успамінае Воля (пераклад з украінскай на беларускую – С).
Гэта быў канец сакавіка-пачатак красавіка. Мы з сяброўкай ехалі ў горад, нас адпусцілі ў краму. І вось мы падышлі да штаба, каб паведаміць камандзіру, што мы ідзем. У той момант я ўпершыню пабачыла Пашу — стаіць малады хлопец, дужы, высокі, блакітнавокі, вельмі-вельмі прыгожы.
Ён з сябрам праходзілі свае працэдуры кшталту рэгістрацыі, а мы па сваіх справах паехалі. Потым бачыліся на палігоне. А стасункі нашыя завязаліся, калі мы ўжо былі ў зоне баявых дзеянняў у адной частцы. Гэта перарасло ў нешта большае, чым сяброўства. Так з чэрвеня 2018 года пачалася наша гісторыя.
— Вольга, а кім вы служылі? Якая вашая вайсковая спецыяльнасць?
— Я была кулямётчыцай.
— Ого! А як Павел успрыняў гэта?
— Я пачала служыць ў 2017 годзе, тады баявыя спецыяльнасці ў дзяўчат не былі такімі распаўсюджанымі. Паша прыйшоў да нас, маючы два гады службы ў дабравольчым батальёне. Жанчын-вайскоўцаў ён ужо бачыў, як і жонак ваеннаслужачых, якія таксама служылі і не па тылавых спецыяльнасцях. Таму яго гэта не здзіўляла.
Мы з ім шмат пра гэта гутарылі, ён дасведчаны баец, таму я магла яго распытваць, звяртацца па парады. Тым больш, што ён таксама працаваў з кулямётам, хоць і разведчык. А я служыла ў пяхотным падраздзяленні.
Мы шмат часу абмяркоўвалі працу. І калі, напрыклад, адпачывалі ці былі дома, я кажу: ну ўсё, давай ужо не будзем размаўляць пра працу. Ён кажа добра, але мы ўсё роўна вярталіся да тэмы кулямётаў.
Аднойчы была смешная сітуацыя, мы былі ў звальненні ў Кіеве, у нашай улюбёнай кавярні «Мафія». Пасля вячэры мы выклікалі таксоўку, селі ў машыну, павіталіся і працягнулі размову пра кулямёты і патроны. І потым заўважылі, таксіст маўчыць і глядзіць на нас у люстэрка. І мы змянілі тэму гутаркі, бо падумалі, што чалавек нязручна пачуваецца.
— Воля, чым Павел паланіў ваша сэрца?
— Ён мне спадабаўся адразу, ён вельмі прыгожы хлопец. Але ж я не прыйду да яго і не скажу: о, беларус, які ты прыгожы, давай з табой сустракацца. (Смяецца).
Мы не планавалі адносін, а потым, калі пачалі размаўляць, я адчула, што ён сапраўдны мужчына. Смелы. Чалавек слова. То бок не было лішняй гаварыльні, абяцанак-цацанак. І калі мы пачалі сустракацца, ён шчыра сказаў: ты разумееш, што я буду ваяваць, і нават калі мы будзем жыць разам, станем сям’ёй. Пакуль будзе ісці вайна — я буду ваяваць. Каб не было такога: ты не ідзі, давай будзем разам.
У мяне і ў думках такога не было, я заўжды яго падтрымлівала. Ведала, што ён не будзе сядзець са мной дома, даглядаць дзіця і хадзіць на цывільную працу. Шчыра кажучы, калі б ён не ваяваў у цяжкія для краіны часы, у нас наўрад ці нешта атрымалася.
Ад нараджэння Паша быў воін, гэта была справа ягонага жыцця да самай гібелі. Гэта не азначае, што ён не кахаў нас з дачкой, ці мала часу нам аддаваў, але праца была для яго вельмі важнай.
Я ведала, што будзе нялёгка, таму што з такімі мужчынамі вельмі цяжка ісці па жыцці. Гэта прыгожа толькі ў кіно. А насамрэч рэаліі значна больш жорсткія, але тым не менш, гэта былі самыя шчаслівыя гады майго жыцця.
— То бок вы разумелі, што Павел не будзе адседжвацца дома, пакуль ідзе вайна і будзе рызыкаваць сваім жыццём штодня?
— Так, канечне.
— Як Павел рабіў вам прапанову?
— Нам, як і ўсім, хацелася прыгожага вяселля, наколькі гэта магчыма ва ўмовах нашай прафесіі. І мы яго планавалі яшчэ напрыканцы 2019-га года.
У нашым выпадку не было нічога, як у кіно, маўляў, выходзь за мяне замуж. Ён заўсёды казаў, што мы ўсё жыццё будзем разам і ніколі не расстанемся.
То бок пабрацца шлюбам — гэта проста юрыдычнае афармленне стасункаў, а не новы этап у адносінах. Бо мы, па сутнасці, жылі з ім у сваім свеце, у які ніхто не меў доступу. Ніхто нікога не разумеў кагосьці з нас так, як мы разумелі адзін аднаго.
І гэта, напэўна, самая балючая сітуацыя, калі застаешся адзін, ты падобны да Хаціко. Ты проста яго чакаеш...
Мы збіраліся ажаніцца. Павел кажа: як з наступнай ратацыі прыедзем, падамо заяву ў ЗАГС. Але ўзнікла праблема: каранцін у сувязі з кавідам.
Пашу трэба было афармляць дакументы — від на жыхарства. Для гэтага трэба было перасекчы мяжу напрыклад з Малдовай. І тады б яму зрабілі дакумент, але тады межы былі зачыненыя, міграцыйныя службы не працавалі, у выніку дакументы пратэрмінаваліся, і Павел апынуўся ў незразумелым статусе, мы не змаглі ажаніцца афіцыйна.
….Калі ў нас нарадзілася дачка, мы сутыкнуліся з вялікімі праблемамі, каб зарэгістраваць яе.
Але нам пашанцавала, што у снежні 2020-га Паша атрымаў грамадзянства, дзякуючы указу прэзідэнта.
Таму распісаліся мы ў 2021-м, калі ўжо ў нас была маленькая Аліса.
— Як змянілася вашае жыццё пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну?
— Глабальных зменаў у нашым жыцці не адбылося. Мой муж заўсёды быў на фронце. У 2021-м годзе Паша атрымаў сур’ёзнае раненне. Мы перажылі цяжкі перыяд, бо лекары не давалі гарантый, што ён выжыве. Асколак патрапіў яму ў галаву, на пару міліметраў да той часціны мозгу, якая адказвае за важныя функцыі, другі асколак патрапіў у сэрца, адтуль яго не змаглі дастаць.
Паша прайшоў рэабілітацыю, усё было добра, але служыць у арміі ён не мог і гэта для яго стала вялікім стрэсам. У цывільным жыцці ён не бачыў сябе ад слова зусім.
Я спрабавала яго падбадзёрваць, кажу, нешта прыдумаем, не прападзем, усё наладзіцца. І канешне, яго гэта не суцяшала, і ён не бачыў для сябе аніякіх перспектыў. Для яго гэта быў крах. Але неяк пачало наладжвацца, ён паехаў у Кіеў да знаёмых, і яму абяцалі дапамагчы вярнуцца ў войска.
Гэта было ў лютым, напярэдадні майго дня народзінаў. Я яго прасіла застацца хаця б на свята, але ён кажа: гэта не апошні твой дзень нараджэння, не пераймайся, трэба ехаць.
У навінах казалі, што рыхтуецца паўнамаштабнае ўварванне, мы ведалі, што рана ці позна Расія нападзе, таму для нас гэта не было нечаканым.
24 лютага муж даслаў мне паведамленне ў тэлеграме, там быў спіс ягонай амуніцыі, якую яму трэба сабраць. Пошта не працавала, таму перадалі форму праз знаёмага, які ехаў у Кіеў.
Паша хацеў, каб мы з Алісай, якой быў год і чатыры месяцы, эвакуяваліся, але мы адмовіліся. Бо ён на фронце, у гарачых кропках, а мяне не будзе побач, раптам яму штосьці спатрэбіцца. Таму мы засталіся дома. Валынь — адносна спакойны рэгіён, тут не бамбілі, як у Харкаве.
Мне заўсёды было страшна, калі муж на фронце, але трывогі не было, бо ён профі, хоць вайна і ніхто не застрахаваны.
Калі мы разам служылі, мне было страшней, чым, калі я была дома, бо у мяне было больш інфармацыі. Павел званіў ці пісаў, трымаў мяне ў курсе па магчымасці. Ён мог напісаць смс «ну як вы, мае дзяўчаты?», я адказвала, што ўсё добра. «Я вас люблю» — «І мы цябе любім». Мы тыдзень маглі ліставацца ў такім рэжыме.
Мне было страшна, сніліся кашмары на фоне стрэсу, але сумленне не дазваляла распавядаць пра іх яму, бо ведала: ён будзе перажываць, трывожыцца, а трэба было падтрымліваць яго.
Ужо потым, як сустрэлася з яго пабрацімамі, калі яны прыехалі да нас у госці, да Пашы на магілу, яны расказалі, што Волат такі грозны, суровы, і яны не маглі ўявіць, што ў яго ёсць жонка.
Аднойчы, калі ў іх былі вучэнні, я яму пазваніла, а ён пяшчотна павітаўся, то ягоныя пабрацімы спачатку пераглянуліся, і Паша сказаў, што ў яго ёсць жонка, маленькая дачка.
Ён быў вельмі клапатлівы муж і тата, заўсёды паважліва да нас ставіўся, ад усяго нас абараняў. Ён самы лепшы, з ім ніколі не было страшна.
Думалася, абы ён быў жывы і здаровы, усё было нармальна, далей мы самі разбярэмся.
— Ці паўплывала на вашыя стасункі тое, што пасля нараджэння дачкі Павел вярнуўся ў войска, а вы засталіся дома?
— Не. Хоць як у кожнай сям’і ў нас маглі быць такія перыяды напружання, але гэта не было звязана з нараджэннем дзіцяці. Мы маглі пасварыцца, не размаўляць нейкі час. Я магла сказаць яму: ведаеш, гэта проста такі перыяд, пазней усё будзе добра. Ён кажа: так, ведаю.
Мы думалі, што ягоныя раненні ў 2019, 2021-м — гэта самае страшнае, што з намі адбылося, і далей мы заслужылі лепшае жыццё.
Калі нарадзілася Аліса. Пашу адпусцілі на 10 дзён. Ён забраў нас з радзільні і нават гэты тэрмін не пабыў з намі. Памятаю, як ён з’язджаў, я пачала плакаць, мне стала так крыўдна, але ўзяла сябе ў рукі.
Паша ўмеў размяжоўваць жыццё: дома ён не займаўся працоўнымі пытаннямі. Калі ён прыехаў да сям’і — ён займаецца намі. Ён вельмі любіў гуляць з Алісай.
Для яго гэта быў рэлакс — браў з сабой вазок і ішоў з ёй на прагулку. Такім чынам ён адпачываў.
А ў самыя складаныя моманты яе маленства, калі зубкі рэзаліся, у мяне сесія насоўвалася праз тыдзень ва ўніверсітэце. Мы заступалі на дзяжурствы з малой па зменах. Калі а першай гадзіне ночы малая прачыналася, я да трох з ёй была, а потым мяне змяняў Паша, насіў дачку на руках.
А зранку мама мая прыходзіла дапамагаць, а мы клаліся спаць. Гэта было ў канцы 2021-га, а потым у лютым Паша паехаў, і гэта была апошняя наша сустрэча. Ён загінуў, калі Алісе было паўтара гады. І больш няма чаго згадаць…
— Як вы даведаліся пра тое, што Павел загінуў?
— 15-е траўня 2022 года (дзень, калі загінуў Павел «Волат» — С.) быў харошы, сонечны дзень. Мы выйшлі пагуляць з Алісай і маёй мамай, было цёпла, усё навокал зялёнае. Мне пазваніла таварышка, сказала, што загінуў наш пабрацім. Мы былі шакаваныя.
За гадзіну да гэтага Паша даслаў мне паведамленне. У мяне не было трывогі. Напісала яму, што знаёмы хлопец загінуў, але Паша не прачытаў.
Пачала яму званіць, але ён па-за зонай дзеяння сеткі, так бывае, мяне гэта не насцярожыла. Не адказаў ён і вечарам.
Назаўтра ў мяне не было нават малейшага пачуцця трывогі. Я мусіла ісці на манікюр, і тут мне пазваніў Пашаў пабрацім — той хлопец, з якім яны пачыналі служыць у нашым падраздзяленні.
Я цьмяна памятаю той момент. Мы павіталіся, а далей не памятаю — не тое, каб правал у памяці.
Мама сказала, што я пабялела, а я не магу нават перадаць, як гэта было. Cпачатку мне здавалася, што самае страшнае — пазваніць Пашавай маме і сказаць ёй пра гэта. Пабрацім Дзіма кажа: калі ты не можаш — я магу пазваніць. Кажу: не, я сама.
…Аліса спалохалася майго крыку, і мама яе павяла на вуліцу. Потым быў туман, я цьмяна памятаю пахаванне.
Я разумела, што калі Дзіма зранку пазваніў, то жыццё зламанае. І як існаваць далей, у мяне не было ўяўлення. Я не хацела пра гэта думаць, думала, што гэта мне проста сніцца.
Гэта сапраўды, калі ты хочаш кудысьці выбегчы, бегчы, крычаць, бегчы за ім. Ты ўсведамляеш, што яго ўжо няма, што ён загінуў…
Увогуле ў мяне цяпер такога ўсведамлення няма, я яшчэ чакаю яго. І я ведаю, што аднойчы гэты момант прыйдзе, мы зноў будзем шчаслівыя, я праўда не ведаю, калі.
Мы з ім былі больш, чым проста муж і жонка. Гэта быў мой найлепшы сябар, мой брат, пабрацім. Гэта каханне, якое адбываецца аднойчы ў жыцці. Я вельмі кахаю свайго мужа і ўсё-ткі спадзяюся, што гэта не канец. Ну не можа проста так усё скончыцца.
— Ваша каханне не скончылася з гібеллю мужа, яно працягваецца і існуе не толькі як працяг у дзіцяці.
— Так. Гэта тое, што будзе заўсёды. Людзі, калі хочуць паспачуваць і не могуць падабраць словы, яны часта пачынаюць гаварыць недарэчнае. Напрыклад, часта гучыць фраза, што вось у цябе дзіцятка засталося. То бок яны думаюць, што калі твой каханы памёр, а застаецца дзіця, то гэта цалкам мяняе сітуацыю.
Я бязмежна люблю сваё дзіця, больш за ўсіх на свеце. …Але дачка не заменіць мне Пашу. Мая страта не стане лягчэйшай ад таго, што ёсць дзіця.
— Воля, гэта праўда, што вы збіраецеся вяртацца на вайну?
— Так, планую. Хацела раней, але паколькі Аліса вельмі маленькая, не атрымліваецца вярнуцца ў войска. Я заўсёды хацела служыць, гэта справа майго жыцця. Проста я не такі круты воін, як Паша. Армія для мяне больш пра прафесію.
А Паша — прыроджаны воін, ён нарадзіўся, каб ворагаў знішчаць, абараняць сваю зямлю, сваю сям'ю.
Мой удзел у гэтай вайне непазбежны, і я б даўно стала з мужам у адзін шэраг, але трэба гадаваць малое дзіця.
Я б не звальнялася з арміі, калі б Паша не настаяў на тым, каб я займалася вучобай. Ён катэгарычы, з ім лепей не спрачацца. Гэта яго злуе, і сітуацыя ад гэтага не зменіцца, проста будзе канфлікт. Карацей, ён настаяў на звальненні.
І як у ваду глядзеў — я сышла ў лютым, а ў сакавіку даведалася, што цяжарная. Мы з Пашам думалі, што ў нас будзе хлопчык. Неяк сядзелі і я прапанавала паглядзець спіс імёнаў. Я зачытвала мужчынскія — і Паша ніводнага не выбраў. Тады пачалі глядзець жаночыя імёны. Паша пытаецца: ты думаеш, дзяўчынка будзе?
На УГД праз тыдзень лекар сказала, што бачыць дзяўчынку. Паша абраў імя толькі пасля таго, як убачыў дачку. Калі прыехаў у радзільню, паглядзеў на яе і сказаў: яна — Аліса.
— Воля, ці гутарылі вы з Паўлам пра тое, што прывяло яго на Украіну, і як ён стаў воінам?
— Як я ўжо казала, ён такім нарадзіўся. Ёсць унікальны адсотак людзей, якія абіраюць гэты шлях. Ён рос здольным да вайсковай справы хлопцам. Займаўся спортам, адзінаборствамі.
Ён заўсёды цікавіўся вайной, перадумовамі, як яна пачалася.
Пасля школы як бы паступаць у вайсковую ВНУ, але перадумаў праз пэўныя абставіны. Хацеў служыць у войску, трапіў у элітную частку, служыў у спецназе. Ягоным аўтарытэтам быў дзядуля, які валодаў рознымі навыкамі і мог па дому ўсё рабіць.
Прадзед Пашы Рыгор прайшоў усю Другую сусветную вайну, быў у гарачых кропках, меў раненні. Для яго ён быў прыкладам сапраўднага воіна.
Вярнуўшыся з арміі, ён думаў, што трэба дапамагаць Украіне, змагацца з гэтай пошасцю. Паша — чалавек справы, а не слова. Ён багата пра гэта не распавядаў, а прыехаў і адразу далучыўся да дабравольчага батальёну.
Гэта была першая штурмавая рота Да Вінчы. Іх было прынята называць наймітамі. Але дабравольчы батальён — гэта не пра грошы. Як яны могуць быць наймітамі?
Пэўны час ён праслужыў у той роце, а пасля прыйшоў у нашую брыгаду і быў прафесійны воін. Як камандзір ён гарой стаяў за сваіх людзей.
Аднойчы мне спатрэбілася афармляць дакументы, і без яго немагчыма было іх зрабіць. Калі я папрасіла яго прыехаць на дзень, Паша сказаў: не, я сваіх людзей не пакіну. У ягоным падраздзяленні было шмат хлопцаў без досведу ўдзелу ў баявых дзеяннях, і ён за іх нёс адказнасць. І для яго нонсенсам было іх пакінуць і паехаць вырашаць свае справы.
У некаторых дробязях ён мог пайсці на саступкі, я магла выкарыстаць маленькія хітрасці. Ён любіў мяне, і ставіўся да мяне больш паблажліва.
Паша быў добры, дапамагаў людзям, міласэрны, шчыры. Да ворагаў не меў ніякай лаяльнасці. Калі нехта яму не падабаўся, то гэта было абгрунтавана. Ён выказваў у твар свае думкі, некаторыя былі шакаваныя яго прынцыповасцю. Я шмат што ад яго пераняла. Гэта вельмі мне дапамагае ў жыцці.
У станаўленні ягонага характару вялікую ролю адыграла маці Паўла. Ён у яе пайшоў прынцыповасцю і адсутнасцю лаяльнасці да дрэнных людзей.
…Мы з Паўлам уяўлялі, якія мы будзем старыя. Ён кажа: будзем хадзіць па розных інстанцыях у пенсійны фонд, я аглухну. Так і было б, бо ў Пашы пасля раненняў былі кантузіі, і ён мог дрэнна чуць. Калі ішлі разам, мы па змоўчанні браліся за рукі заўжды, апрача часу на службе, бо там Паша лічыў гэта непрыгожым і фамільярным.
***
Баец беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага Павел «Волат» атрымаў смяротнае параненне падчас аперацыі па вызваленні ўкраінскай вёскі ад рускіх захопнікаў. У крытычным стане яго спрабавалі давесьці да шпіталя, але не паспелі.
«Волат» быў сапраўдным ваяром-легендай: быў паранены шмат разоў, але кожнага разу Павел падманваў смерць — і кожнага разу вяртаўся ў строй, пісалі ягоныя паплечнікі.
Читайте еще
Избранное