Калі расейцы вырашаць правесьці больш абмежаванае разгортваньне войскаў і апэрацыю меншага маштабу, напрыклад, з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў ці нападаў на паветраную прастору краін Балтыі з тэрыторыі Беларусі (бо расейцы ілжыва сьцьвярджаюць, што Ўкраіна выкарыстоўвае паветраную прастору краін Балтыі для нанясеньня ўдараў па Расеі), то ім неканечнай будзе вялікая прысутнасьць наземных войскаў у Беларусі. Так што ўсё залежыць ад таго, як будзе выглядаць гэты сцэнар.
На колькі хопіць беларускага войска для «расейскай мясарубкі»
Ці будуць беларускія салдаты ваяваць ва Украіне і калі варта чакаць нападу з Беларусі на краіны Балтыі, у інтэрв’ю Радыё Свабода разважае Джордж Бэрас, дырэктар па інавацыях амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны.
— Апошнімі тыднямі ўкраінскія палітыкі некалькі разоў папярэджвалі, што Беларусь рыхтуецца да больш актыўнага ўдзелу ў расейскай вайне супраць Украіны і што для гэтага могуць скарыстаць ня толькі тэрыторыю Беларусі, але і беларускіх вайскоўцаў. Ці ваша арганізацыя заўважыла прыкметы такога рыхтаваньня?
— Дагэтуль Інстытут вывучэньня вайны не сабраў нейкіх унікальных доказаў таго, што ідзе падрыхтоўка да беспасярэдняга ўступленьня беларускіх войскаў у вайну ва Ўкраіне.
Вядома ж, мы ня маем лепшай інфармацыі, чым тая, якую маюць урад Украіны і яго спэцслужбы, таму ў гэтым пытаньні трэба быць вельмі пільнымі, але мы працягваем лічыць такое малаімавернай падзеяй, хоць яе нельга назваць немагчымай.
— Былы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба нядаўна ў відэаблогу назваў пяць фактараў, якія разам, на ягоную думку, могуць сьведчыць, што Беларусь рыхтуецца ваяваць. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі казаў пра рамонт дарог на поўдні Беларусі, каля мяжы з Украінай. Ці лічыце вы, што гэтыя фактары ўскосна сьведчаць пра падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне?
— Рыхтаваньне, безумоўна, ёсьць, але калі вы рыхтуецеся да пэўнага сцэнару, гэта не азначае, што вы сапраўды зьбіраецеся яго ажыцьцяўляць.
Я хацеў бы адзначыць: Лукашэнка ўсё яшчэ кантралюе беларускія войскі. І Лукашэнка слушна разумее, што адбылося б, калі накіраваць вельмі невялікую беларускую армію на баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.
У Беларусі насамрэч толькі шэсьць ці сем брыгадаў. І такі крок зрабіў бы рэжым Лукашэнкі надзвычай слабым і крохкім.
Я ўпэўнены, што Пуцін быў бы ў захапленьні ад такога, бо тады б анэксія Беларусі і яе канчатковы захоп былі б значна прасьцейшымі. Але Лукашэнка пасьлядоўна гэтаму супраціўляецца, хоць і рыхтуе краіну да вайны.
Безумоўна, Расея разглядае Беларусь як пляцоўку, празь якую можна пагражаць сваёй вайсковай сілай Украіне, як гэта было ў 2022 годзе, але таксама пагражаць NATO — у прыватнасьці, краінам Балтыі і Польшчы.
Але мы ня бачым ніякіх відавочных доказаў большай, чым калі-небудзь раней, імавернасьці ўступленьня беларускіх войскаў у вайну ва Ўкраіне. Гэтае рыхтаваньне вялі і раней.
— Але калі параўнаць стан Узброеных сілаў Беларусі год таму і цяпер, ці можна сказаць, што іх баявая гатоўнасьць павысілася?
— Думаю, што баявая гатоўнасьць беларускіх сілаў прыблізна такая ж. Магчыма, яна магла нязначна зьмяніцца, але Ўзброеныя сілы Беларусі ня ёсьць асабліва прафэсійнымі войскамі, іх боегатоўнасць ацэньваецца як даволі нізкая.
Ня думаю, што яны маюць неабходны баявы досьвед, прафэсіяналізм і колькасьць, каб эфэктыўна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.
Пры гэтым хачу адзначыць, што Расея, на маю думку, ахвотна вэрбуе беларусаў. Расея пачынае праводзіць мабілізацыю рэзэрвістаў.
А згодна з Дамовай аб Саюзнай дзяржаве, грамадзяне Расеі і грамадзяне Беларусі маюць у прынцыпе аднолькавыя грамадзянскія правы паводле Канстытуцыі.
І таму калі расейскія юрысты сьцьвярджаюць, што расейская дзяржава можа мабілізаваць катэгорыі расейскага грамадзтва, дык яны могуць гэта пашырыць і на катэгорыі беларускага грамадзтва, асабліва ў кантэксьце «абароны Саюзнай дзяржавы».
— Вы ўжо згадалі пра магчымыя пляны Расеі стасоўна краін Балтыі. І гэта адзін з момантаў, пра якія казалі спадар Кулеба і спадар Зяленскі. Наколькі рэалістычнымі вы бачыце сцэнары нападу Расеі на краіны Балтыі з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі ці нават з удзелам Узброеных сілаў Беларусі? І ці бачыце вы нейкія прыкметы таго, што гэта рыхтуецца?
— У кароткатэрміновай пэрспэктыве такі сцэнар вельмі малаімаверны. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве, на нашу думку, ён таксама застаецца малаімаверным.
Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, асабліва калі будзе спыненьне агню або згортваньне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, імавернасьць баявых дзеяньняў супраць краін Балтыі зь Беларусі рэзка ўзрастае.
Мы лічым, што не пазьней чым праз 12 месяцаў пасьля заканчэньня актыўных баявых дзеяньняў ва Ўкраіне NATO мае быць гатова стрымаць і, пры патрэбе, адбіць расейскі напад на краіны Балтыі ці Польшчу. Бо Расея зможа адносна хутка перамясьціць свае сілы, якія цяпер дзейнічаюць ва Ўкраіне.
Мы назіраем, як расейцы ствараюць новыя базы і інфраструктуру ў Беларусі і вакол яе. Гэта адбываецца ў Ленінградзкай вайсковай акрузе — у Ленінградзкай і Пскоўскай вобласьцях, у Смаленскай вобласьці, але таксама і ў межах Беларусі.
Хачу адзначыць, што нядаўна Расея і Беларусь ратыфікавалі пагадненьне аб будаўніцтве вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, якія могуць выкарыстоўваць расейскія войскі.
Мы не назіраем цяпер будаўніцтва такіх вайсковых абʼектаў, але я кажу пра тое, што створаныя юрыдычныя падставы для сталага базаваньня расейскіх наземных войскаў у Беларусі ў мірны час.
Расейцы ў 2020 годзе ўжо фактычна стварылі пастаянную вайсковую баявую базу ў Беларусі, разьмясьціўшы свае самалёты каля Баранавічаў, а таксама навучальны цэнтар супрацьпаветранай абароны ў Горадзенскай вобласьці.
І думаю, што расейцы хацелі б пашырыць гэта ня толькі на супрацьпаветраную абарону і вайскова-паветраныя сілы, але і на рэальнае разгортваньне наземных войскаў у Беларусі, як гэта было ў савецкія часы.
— Калі ўзяць два гіпатэтычныя сцэнары выкарыстаньня расейцамі тэрыторыі Беларусі — новы маштабны наступ на Ўкраіну ці напад на краіны Балтыі — за колькі часу загадзя такую падрыхтоўку заўважылі б замежныя назіральнікі?
— Амэрыканская выведка пра такое даведаецца вельмі хутка, і гэта ня будзе нечаканасьцю для ЗША. У адкрытых крыніцах гэта зьявілася б крыху пазьней, залежна ад маштабу працэсаў.
Калі б расейцы паспрабавалі зрабіць нешта падобнае да падзеяў 2022 году, калі яны загадзя ўвялі ў Беларусь 35 000 вайскоўцаў, дык у такім маштабе сюрпрызу ня будзе.
Маштабнае ўварваньне мы ўбачым загадзя. Драбнейшыя атакі, асабліва не зьвязаныя з буйнамаштабнымі баявымі апэрацыямі, могуць быць цяжэйшымі для назіраньня.
— А калі казаць пра маштабныя апэрацыі, то за колькі месяцаў загадзя гэта будзе заўважна?
— Я думаю, тут трэба будзе зыходзіць з таго, калі скончацца маштабныя баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, бо цяпер амаль уся даступная баявая моц Расеі выкарыстоўваецца для ўварваньня ва Ўкраіну.
Ідзецца пра больш чым 10 000 забітых расейскіх вайскоўцаў у месяц і прыкладна 30-40 тысяч у месяц, калі лічыць забітых і параненых.
Такім чынам, адначасовай маштабнай апэрацыі супраць балтыйскіх дзяржаваў з тэрыторыі Беларусі ня будзе, пакуль працягваецца маштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.
Я думаю, што нам трэба разьлічваць на 12-месячны пэрыяд, як толькі скончацца баявыя дзеяньні ва Ўкраіне. Расея зможа перакінуць войскі з Украіны менш чым за 12 месяцаў, калі баявыя дзеяньні ва Ўкраіне спыняцца.
— Летась вы апублікавалі даклад, дзе пісалі, што чым даўжэй Ўкраіна будзе супрацьстаяць Расеі, тым цяжэй расейцам будзе завяршыць фактычную «ціхую анэксію» Беларусі. Як вы ацэньваеце становішча Ўкраіны цяпер у параўнаньні з тым, што было годам раней?
— Насамрэч у красавіку 2026 году я значна больш аптымістычна гляджу на пэрспэктывы Ўкраіны, чым у студзені 2025 году. І лічбы таксама гэта пацьвярджаюць.
У першыя тры месяцы 2025 году, з студзеня па сакавік, расейскія войскі захоплівалі ў сярэднім 10 квадратных кілямэтраў у дзень на ўсім тэатры ваенных дзеяньняў. За той жа пэрыяд 2026 году, з студзеня па сакавік, расейскія войскі захоплівалі толькі каля 5,5 квадратнага кілямэтра у дзень.
А ў лютым, як вядома, прайшлі ўкраінскія контратакі, у выніку якіх Украіна ўпершыню з моманту контранаступу 2023 году вызваліла больш тэрыторыі, чым захапілі расейскія вайскоўцы.
Ёсьць прычыны, чаму лінія фронту стабілізуецца. Украіна пачынае дамінаваць у сфэры тактычных бесьпілётнікаў малой далёкасьці. Павялічваецца адлегласьць, на якой ўкраінскія сілы могуць эфэктыўна паражаць цэлі, і расейскім войскам усё цяжэй канцэнтраваць свае сілы і праводзіць інфільтрацыйныя атакі.
І гэта прыводзіць да стабілізацыі лініі фронту для ўкраінскіх войскаў, а таксама да таго, што ўкраінскія войскі часам могуць пасьпяхова контратакаваць. Я б адзначыў нядаўнія пасьпяховыя контратакі ў Днепрапятроўскай вобласьці і ў раёне Купянску, мяркую, мы пабачым і іншыя падобныя прыклады.
У 2025 годзе сытуацыя была значна больш дынамічнай і нашмат менш яснай. Было відавочна, што ўкраінцы ня маюць ініцыятывы ў працяглай сэрыі баёў за Пакроўск.
Але вайна цяпер прымае пазыцыйны характар, і ўкраінцы паказваюць, як яны сапраўды могуць аднавіць нейкі манэўр. Так што я пазытыўна гляджу на пэрспэктывы ўкраінскай абароны.
— А ці павялічвае гэта імавернасьць таго, што расейцы паспрабуюць прымусіць Лукашэнку больш актыўна ўдзельнічаць у вайне, у тым ліку далучыць да яе беларускія войскі?
— Я так ня думаю. Варта паглядзець на Ўзброеныя сілы Беларусі, у прыватнасьці на манэўраныя брыгады у іх складзе. Ідзецца пра 4 ці 5 мэханізаваных брыгадаў і дзьве брыгады спэцыяльнага прызначэньня, якія да таго ж ня ў поўным складзе.
Будзьма шчодрымі і скажам, што кожная з гэтых брыгадаў на паперы мае па два батальёны. Такім чынам, ідзеца пра 12-14 батальёнаў. Гэтай баявой моцы дастаткова, каб падтрымліваць расейскую мясарубку хіба што некалькі дзён. Яна сапраўды ня будзе вырашальнай баявой сілай.
І я хацеў бы адзначыць, што для Лукашэнкі гэта азначала б канец гульні. Маю на ўвазе, што калі б Лукашэнка быў гатовы на 100% адмовіцца ад гэтай канкурэнцыі з Масквой, ад абароны таго нямногага, што засталося ад сувэрэнітэту Беларусі, дык на гэтым гульня б скончылася.
І я проста ня думаю, што Лукашэнка зьбіраецца так лёгка здацца цяпер без сапраўды важкіх прычын.
— А што вы думаеце пра іншы сцэнар — што расейцы могуць паспрабаваць арганізаваць нейкую менш маштабную апэрацыю супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі, каб расьцягнуць фронт? Ці маюць расейцы рэзэрвы для гэтага?
— Безумоўна, гэта магчыма. Але я думаю, што гэта яшчэ адзін малаімаверны сцэнар, бо гэта падарвала б стратэгічную кампанію падману, якую Расея цяпер вядзе.
Крэмль, Кірыл Дзьмітрыеў і ўсе крамлёўскія перамоўнікі, якія сустракаліся з амэрыканцамі — Марка Рубіё, Стывам Уіткафам і раней Кітам Келагам — спрабавалі пераканаць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў тым, што Расея ня мае тэрытарыяльных амбіцыяў па-за межамі Данбасу, што Расея проста хоча, каб Украіна аддала некаторыя абмежаваныя тэрыторыі. Што гаворка не пра кантроль над усёй Украінай, гаворка не пра Кіеў.
Калі б расейцы перадысьлякаваліся ў Беларусь нават у абмежаванай колькасьці, а потым зноў пачалі атакаваць Кіеў, гэта цалкам разбурыла б іх уласную інфармацыйную апэрацыю.
Вядома ж, расейцы спрабавалі хлусіць і сьцьвярджалі, што яны не хацелі захапіць Кіеў у 2022 годзе, але мы ўсе ведаем, што гэта няпраўда.
Да таго ж расейцы ня маюць баявой моцы, каб адначасова разгарнуць значныя сілы з боку Беларусі. Гэта яшчэ больш ускладніла б для расейскіх войскаў канцэнтрацыю сілаў, патрэбных для прарыву ў абарончай зоне каля Краматорску і Канстанцінаўкі.
Пры гэтым расейцы ня могуць спыніць цяперашнюю інфармацыйную кампанію, бо Крамлю абсалютна патрэбна, каб Украіна, Злучаныя Штаты і міжнародная супольнасьць здалі Расеі рэшту Данбасу без барацьбы.
«Пояс гарадоў-цьвердзяў» на Данбасе надзвычай цяжка захапіць. Расеі для гэтага спатрэбяцца гады і сотні тысяч ахвяраў. Я маю на ўвазе, што ў параўнаньні зь бітвамі за Канстанцінаўку ці Славянск ранейшыя бітвы за Бахмут ці Пакроўск здадуцца дробнымі сутычкамі.
І незразумела, ці мае Расея насамрэч магчымасьць і палітычную волю працягваць шматгадовую кампанію, якая тут патрэбная. Такім чынам, расейцам сапраўды трэба жудаснае палітычнае пагадненьне, паводле якога Ўкраіна аддала б ім гэтую тэрыторыю проста так, без змаганьня.
Читайте еще
Избранное