Навумчык: «Калі стратэгіі няма — і посьпеху, найхутчэй, ня будзе»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык паспрачаўся з журналістам Дзмітрыем Гурневічам наконт таго, што «ніякага пляну ў 2020 годзе і не магло быць».

— У дыскусіі пра адсутнасьць у лідэраў 2020-га пляну Дзьмітрый Гурневіч напісаў: «Ніякага пляну ў 2020 годзе і не магло быць. Годзе шукаць вінаватых. Калі ў кагосьці атрымліваецца зрынуць аўтарытарны рэжым, то ён, вядома ж, выдае гэта за геніяльны плян. Але калі гэта не вайсковы пераварот, то гэта ілюзія...»

Тут перапыню цытаваньне, каб адразу пагадзіцца: вінаватых сапраўды шукаць ня трэба, яны вядомыя, — піша Сяргей Навумчык. — Вінаватыя тыя, хто ўзурпаваў уладу і распачаў рэпрэсіі. А ў дачыненьне да лідэраў можна казаць пра палітычную адказнасьць.

Сяргей Навумчык

«У жніўні 1991 года група камуністаў-радыкалаў хацела спыніць развал СССР і зладзіла путч, — піша далей Дзьмітрый, — але той, парадаксальна, толькі прысьпешыў крах саўка. Путч праваліўся, камуністы былі ў шоку, і гэта дало старт „параду незалежнасьці“. Гэта не быў чыйсьці геніяльны плян. Гэта была страшная памылка камуністаў, якой скарысталіся народныя франты, у тым ліку і БНФ. Слава ім за гэта!!!»

І яшчэ — ужо ў адказ на маю рэпліку: «Які б добры плян не быў, а вырашае не яго якасьць, а мора іншых абставін».

Тут не хапае адной фразы для таго, каб Гурневіч апрыёры зьнішчыў (ва ўсякім разе, у мяне) усякае жаданьне зь ім спрачацца: «Бо ўсё ў руцэ Божай!». Было б вяршыняй саманадзейнасьці абвяргаць гэта. Але паколькі Дзьмітрый гэтага не напісаў — значыць, усё ж пакідае нейкае, хай сабе і мізэрнае, месца для чалавека зь ягонымі плянамі ды стратэгіямі.

Рэалізацыя стратэгій, канешне, залежыць ад безьлічы фактараў, на большасьць зь якіх канкрэтны чалавек (альбо канкрэтная палітычная сіла) уплываць ня можа. Ня кажучы ўжо пра тое, што мы называем шанцункам.

І ўсё ж, калі стратэгіі няма — і посьпеху, найхутчэй, ня будзе.

Дзьмітрый Гурневіч прыгадвае падзеі жніўня 91-га. Так, тады БНФу ўдалося скарыстаць выгоднае для абвяшчэньне Незалежнасьці спалучэньне ўнутраных і зьнешніх абставінаў — але ці магло б гэта адбыцца, калі б не было стратэгіі, якую Фронт рэалізоўваў мінімум два гады?

Перакананы, што — не.

Проста нагадаю (ці паведамлю, калі хтосьці ня ведаў), што дасягненьне Незалежнасьці БНФ паставіў сваёй праграмнай мэтай ужо на Ўстанўчым з’езьдзе ў чэрвені 1989 году і дамагаўся яе рэалізацыі няўхільна і пасьлядоўна. Спачатку гэта былі палітычныя праграмныя дакумэнты (што таксама важна), а з моманту ўтварэньня дэпутацкай Апазыцыі БНФ летам 1990 — ужо законапраекты.

Звычайна ўзгадваюць Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, але яшчэ да яе, у траўні-чэрвені 90-га, дэпутаты БНФ — кандыдаты на пасады старшыняў камісій ВС прадставілі праграмы ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва, эканомікі, банкаўскай сфэры, міжнародных адносінаў, адукацыі, культуры. Гэтыя выступы адбываліся ў прамой трансьляцыі, іх чула ўся Беларусь і ўся Беларусь ведала, якой БНФ бачыць яе будучыню.

Да жніўня 1991 БНФ ужо меў пакет законапраектаў, які падводзіў пад Незалежнасьць заканадаўчую базу.

Аднак, у большасьці, нашыя прапановы альбо зусім адхіляліся парлямэнцкай большасьцю, альбо прымаліся толькі ў асобных палажэньнях (што было добра, але недастаткова).

І ўжо нязьменна блякавалася галоўная нашая прапанова — абвясьціць Незалежнасьць (на мове юрыспрудэнцыі гэта азначала надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы).

Да лета 1991-га мы падышлі зь ясным разуменьнем (заснаваным на ўласным досьведзе перамогаў і паразаў), што для абвяшчэньня Незалежнасьці мы павінны мець (а калі іх няма — значыць, стварыць) некалькі абавязковых умоваў.

І гэта я ня «заднім чыслом» кажу — яны былі сфармуляваныя і ў праграмных дакумэнтах БНФ, і ў інтэрвію яго лідэраў. Яны зусім не былі сакрэтнымі — наадварот, мы былі зацікаўленыя, каб пра іх ведала як мага болей людзей, бо разьлічвалі на іх падтрымку.

Умоваў гэтых было мінімум тры.

Незалежнасьць мусіла быць прынятая легітымным чынам, гэта значыць вышэйшым заканадаўчым органам, Вярхоўным саветам. Лепш бы, канешне, дэмакратычным, але каб не згубіўся час — тым, які ёсьць.

Вось чаму мы адразу (калі яшчэ КГЧП не пацярпеў паразу) запатрабавалі склікаць нечарговую сэсію і пачалі зьбіраць подпісы дэпутатаў (сабралі больш за 80), якімі потым і «прабілі» рашэньне пра сэсію на паседжаньні Прэзыдыюму ВС. Калі б не запатрабавалі — Сэсіі Незалежнасьці, па-просту, не было б. Яе б ня склікалі.

Другі фактар — гэта наяўнасьць законапраектаў. Мы разумелі, што «вакно магчымасьцяў» можа быць вельмі вузкім, таму асноўнае ў нас было падрыхтавана, але ўсё роўна двое сутак перад сэсіяй працавалі над паперамі — і гэта запатрабавала такіх інтэлектуальных ды і псыхафізычных намаганьняў, што ў памяці маёй тыя дні зьліліся ў адзін.

Трэці — Плошча. Мы ўжо ведалі, што дэпутаты-камуністы ідуць на кампраміс толькі тады, калі іх падштурхоўваюць да гэтага ня толькі ў Авальнай залі, але і людзі на плошчы. У БНФ была распрацаваная зладжаная сыстэма апавяшчэньня (мабільнікаў тады не было, інтэрнэту таксама).

З цягам часу я стаў больш сьціпла ацэньваць колькасьць людзей перад Домам ураду 24-24 жніўня 1991, але ў агульнай суме сьмела можна казаць, што ў той ці іншы час перад Домам ураду пабывала агулам ня менш за 30 тысячаў. Так, гэта нават не 1% ад жыхароў Менску. Але для належнага ўзьдзеяньня на камуністаў хапіла.

Перакананы, што адсутнасьць хаця б аднаго з гэтых трох элемэнтаў не прывялі б да выніку, які адбыўся 25 жніўня 1991 году.

Канешне, узьнікалі моманты, на якія даводзілася рэагаваць спантанна. Скажам, ніхто ня мог уявіць, што 1-шы сакратар ЦК Малафееў пасунецца на трыбуну (ён ня быў дэпутатам ВС) — мы імгненна паўскоквалі з крэслаў і выціснулі яго з трыбуны, што было шокам для камуністаў (уявіце, каб сагналі Машэрава ці Сьлюнькова).

Гэта пераламала хаду сэсіі, Дземянцей падаў у адстаўку менавіта пасьля гэтага. Альбо — гістарычная прамова Пазьняка перад самім галасаваньнем, якая і вызначыла вынік, ён да яе не рыхтаваўся, яна была спантаннай.

І пры гэтым — стратэгія была. І зваліліся яна ня зь неба — яе распрацоўваў і рэалізоўваў Народны Фронт.

З Боскай дапамогай, канешне.