«Пакеты з трупамі ляжалі на падлозе і сталах». Што адбываецца з пахаваньнямі памерлых ад COVID-19
Радыё Свабода сабрала некалькі сьведчаньняў людзей, якія сутыкнуліся з сытуацыяй наўпрост.
Пад канец кастрычніка адна з жыхарак Гомля пахавала маці, якая памерла ад наступстваў каранавірусу. Яна заўважыла ў сваім допісе, што ня варта верыць афіцыйнай статыстыцы памерлых. Па яе назіраньнях, да моргаў стаяць чэргі з аўтамабіляў рытуальных бюро, а труну асобна не купіць — толькі з поўным комплексам паслуг.
— Маці памерла вечарам у шпіталі. У гэты ж вечар мы зьвязаліся з рытуальным бюро, каб дамовіцца на заўтра на пахаваньне. Там адказалі, што ня факт, што атрымаецца заўтра пахаваць. Гледзячы ў які час аддадуць цела, бо моргі перапоўненыя. Калі днём — то вечарам хаваць ня будзем, — так нам сказалі, — расказала жыхарка Гомля.
Калі яна прыйшла ў морг шпіталя, то ўбачыла, што «пакеты з трупамі ляжалі на падлозе і сталах».
— Страшна глядзець... Ня ведаю, можа, у іх практыка такая — складаць вось так проста. У моргу сказалі, што цела аддадуць у 13.00.
Да нас была машына з рытуальнага бюро па нябожчыка. І пасьля нас. Прыкладна раз на трыццаць хвілін з моргу рытуальнае бюро забірала нябожчыка, — дадала жанчына.
Маці яна пахавала ня ў Гомлі, а на яе радзіме ў правінцыі. Таму ня ведае, якая абстаноўка на гомельскіх могілках.
Читайте также
Пра сытуацыю ў Гомлі мы запыталіся ў кіраўніка аднаго з рытуальных бюро, які пагадзіўся пагаварыць на ўмовах ананімнасьці. Ён пацьвердзіў, што пахаваньняў у горадзе цяпер адбываецца больш, чым звычайна. І ля моргаў часам сапраўды ўтвараюцца чэргі з катафалкаў.
— Сытуацыя, якую вы апісалі, назіраецца ў нашым горадзе на працягу апошніх трох тыдняў. Падобная сытуацыя была і ўвосень мінулага году. Адзінае, што экскаватары працуюць толькі на новых участках Стукачоўскіх могілак. Спадзяёмся, што, як і летась, сытуацыя нармалізуецца да канца лістапада, — патлумачыў кіраўнік бюро.
Супрацоўніца дзяржаўнага бюро рытуальных паслуг у Гомлі зазначыла, што «сытуацыя, калі нельга купіць асобна толькі труну, склалася ў прыватных рытуальных бюро. У нас можна купіць асобна труну ці вянок — каму што трэба».
У Гомлі рытуальныя паслугі аказваюць каля 30 прыватных бюро. Афіцыйная статыстыка памерлых ад каранавірусу асобна для горада і вобласьці не публікуецца.
Паводле дадзеных Міністэрства здароўя Беларусі, за суткі 1 лістапада зафіксавана 1979 новых выпадкаў захворваньня, 16 чалавек памерлі. Агулам з пачатку пандэміі ў краіне ад каранавірусу і яго наступстваў памерлі 4662 чалавекі.
Читайте еще
Избранное