Общество

Пасьля дамовы Шарэцкага з Лукашэнкам Карпенка сказаў: «Гэта — канец»

6 красавіка спаўняецца 20 гадоў зь дня сьмерці Генадзя Карпенкі, дэпутата і члена Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, старшыні Маладэчанскага гарвыканкаму (1991-1994), члена-карэспандэнта АН Беларусі, піша Радыё Свабода.

Пра Генадзя Карпенку ўзгадвае ягоны паплечнік Валер Костка.

«Будзеш прыкрываць мяне са сьпіны»

У 1988 я пераехаў у Маладэчна, працаваў старэйшым опэрам у палку ўрадавай сувязі, а Карпенка працаваў дырэктарам заводу, але тады мы знаёмыя былі слаба. На выбарах у 1990-м быў кандыдатам у Менскі абласны савет, і мая акруга ўваходзіла ў акругу па выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, куды балятаваўся Генадзь Карпенка. Тады мы ўжо разам праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі, у Маладэчне.

Я стаў дэпутатам абласнога, ён – Вярхоўнага Савета. Калі ж у 1991 годзе, калі Беларусь дамаглася незалежнасьці, я пачаў выпрацоўваць прапановы па рэфармаваньні КДБ, па ператварэньні яго з сыстэмы палітычнага вышуку ў спэцслужбу, якая б займалася зьнешняй выведкай, контрвыведкай, антытэрорам – тым, што забясьпечвае існаваньне дзяржавы. З маімі прапановамі не пагаджаўся старшыня КДБ Шыркоўскі, які баяўся, што пры рэфармаваньні будзе прызначаны іншы кіраўнік. У верасьні 1992-га мы прынялі прысягу на А 1993 я быў вымушаны напісаць рапарт, напісаў, што КДБ не падлягае рэфармаваньню, працягвае займацца палітычным вышукам, з КДБ звальняюць нацыянальна сьвядомых афіцэраў, і папрасіў мяне звольніць. Хацелі звольніць па службовай неадпаведнасьці, але не было такіх падстаў. І тады Карпенка прапанаваў мне ісьці працаваць да яго – кіраўніком спраў Маладачанскага гарвыканкаму, дзе ён быў старшынём. Як ён выказаўся – «Будзеш прыкрываць мяне са сьпіны». З таго часу мы працавалі разам.

Кіраўнік справаў – гэта чалавек, у якога знаходзіцца гербавая пячатка і празь якога праходзяць паперы і фінансавая дакумэнтацыя. І я стараўся страхаваць Карпенку, каб не было ніякіх «падстаў» і правакацыяў. Сам жа Карпенка быў вельмі сумленным і маральным чалавекам. Ён, я ведаў, ніколі не ўдарыць цябе нажом у сьпіну. Ён мог непрыемныя нейкія рэчы ў вочы табе сказаць, але каб за сьпінай – не. І ў гэтым сэнсе ён быў падобны на Пазьняка. Яны абодва падобныя ў сэнсе сумленнасьці. Яны рэзкія бывалі, але мараль і сумленьне для іх заўсёды былі на першым пляне.

«А тут – прыйшоў дэмакрат і пачаў зьмены»

Карпенка быў вельмі камунікабельны чалавек і мог знайсьці агульную мову нават з тымі, хто адмоўна да яго ставіўся. З тымі ж камуністамі. Хаця камуністы і вэтэраны ня надта добра ўспрынялі ягоны прыход на пасаду мэра Маладзечна (раней тую пасаду займаў Стахоўскі, былы першы сакратар), а тут прыйшоў дэмакрат і пачаў зьмены. Я і цяпер чую добрыя словы пра Карпенку ад тых, хто зь ім працаваў, таму што на працу ішлі як на сьвята, зь ім было лёгка працаваць і заўсёды быў нейкі вынік. І што галоўнае – людзі бачылі зьмены да лепшага ў Маладэчне. Карпенка вельмі шмат зрабіў, у тым ліку і тое, што не было зроблена ні ў якім іншым горадзе Беларусі. вернасьць Беларусі на плошчы – потым усіх афіцэраў звольнілі.

Было праведзена перайменаваньне вуліц. Маладэчна – адзіны горад у Беларусі, дзе няма ніводнай «савецкай», «камуністычнай», ці «ленінскай» вуліцы. Была створаная тапанімічная камісія з удзелам Генадзя Каханоўскага і Мікола Ермаловіча, падключылі АН. Вярнулі гістарычныя назвы, перайменавалі. Праспэкт Леніна стаў Вялікім гасьцінцам, і гэтак далей. Па ініцыятыве настаўніка Лявона Цімохіна і дырэктара заводу жалеза-бэтонных вырабаў Міколы Івашкевіча з Салаўкоў прывезьлі камень і паставілі ў цэнтры горада насупраць Леніна – помнік называўся «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі».

«Ніякай гвалтоўнай беларусізацыі ў пачатку 90-х не было»

Між іншым, вось кажуць некаторыя пра нібыта «гвалтоўную беларусізацыю» у пачатку 90-х. Нічога падобнага, ніякай «гвалтоўнай беларусізацыі» не было. У Маладэчне мы спакойна пачалі праводзіць выканкамы толькі на беларускай мове, пратаколы ўсе былі толькі на беларускай мове.

Карпенка сабраў чыноўнікаў выканкаму і вельмі проста патлумачыў: «Шаноўныя, ёсьць Канстытуцыя, ёсьць закон, беларуская мова – дзяржаўная. Мы павінны ёй карыстацца. Хто ня ведае мовы – арганізоўваем курсы, у працоўны час, бясплатна, вывучайце мову». І тыя, хто ня ведаў, вывучылі і перайшлі спакойна на беларускую мову. Наш выканкам быў адзіны ў Менскай вобласьці, які здаваў пратаколы ад пачатку да канца толькі на беларускай мове. Усё, паўтараю, адбылося вельмі проста: за паў гады мы перавялі выканкам на беларускую мову. І ніякага гвалту не было.

«У Маладэчне стварылі 10 000 працоўных месцаў»

Перайменаваньне вуліц у Маладэчне, пра якое часта ўзгадваюць – гэта толькі маленькая частка зробленага. Пачаў Карпенка з эканомікі. Калі разваліўся СССР, у Маладэчне было пяць заводаў так званага саюзнага падпарадкаваньня, і ўсе гэтыя заводы спыніліся. 10 000 працоўных апынуліся на вуліцы. І трэба было вырашаць гэтую праблему. І што зрабіў Карпенка? Правёў сумеснае паседжаньне выканкаму і гарсавету, прынялі рашэньне правесьці хуткае афармленьне рэгістрацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, стварэньне працоўных месцаў за кошт стварэньня малога бізнэсу. На год вызвалілі ўсіх, хто пайшоў у малы і сярэдні бізнэс, ад мясцовых падаткаў. Далі вялікія ільготы. Ніякай карупцыі не было.

Маладэчна

Да нас пацягнуліся нават зь Менску, такія як «Дайнова», «Сантас», «Рамас», буйны бізнэс пачаў рэгістравацца ў Маладэчне. І што атрымалася ў выніку? Мы стварылі тысячу малых прадпрыемстваў і 10 000 працоўных месцаў. І праз год гэты мала і сярэдні бізнэс перакрыў у тры разы даходную частку бюджэту горада. А тады было так, што пры перавыкананьні бюджэту сродкі заставаліся ў распараджэньні гарадзкіх уладаў. І ў нас былі грошы з запасе. Было цяжка з жыльлём для мэдыкаў і пэдагогаў – ім пабудавалі дзевяціпавярховы дом. Асобны дом пабудавалі для вэтэранаў вайны. Заасфальтавалі вуліцы, пабудавалі стадыён. Шмат грошай было ўкладзена ў культурныя і спартовыя мерапрыемствы. Многія памятаюць тэатральны фэстываль «Маладэчанская сакавіца», фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які быў фактычна супрацьвагай віцебскаму прарасейскаму «Славянскаму базару».

«Маладэчна восем дзён пратрымаўся пад бел-чырвона-белым сьцягам»

Дарэчы, апошні горад, які трымаўся восем дзён пад бел-чырвона-белым сьцягам пасьля рэфэрэндуму 1995 – быў Маладэчна. Уначы вешаем сьцяг – у абед здымаюць, вешаюць чырвона-зялёны, зноў вешаем бел-чырвона-белы. Усе гарады Беларусі ўжо пад зялёна-чырвонымі сьцягамі была, а мы – пад бел-чырвона-белым стаялі. І гэта – дух Карпенкі! Мэр, які ў той час ужо быў, пасьля Карпенкі, нават загадаў газазваркай зрэзаць пажарную лесьвіцу, каб нельга было залезьці на дах і павесіць бел-чырвона-белы сьцяг.

«Альянс Пазьняка і Карпенкі быў бы магутным тандэмам»

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 (іх толькі адносна можна назваць свабоднымі, таму што на іх, я перакананы, быў расейскі сцэнар) Карпенка, канешне, крыху быў не гатовы з камандай, але фігурай быў моцнай і ён пайшоў на гэтыя выбары, на збор подпісаў. Мы сабралі больш за патрэбныя 100 000 подпісаў, але іх проста падрэзалі – ад 116 тысяч зрэзалі да 98 тысячаў, і Карпенку не прапусьцілі. Плюс, Карпенка сабраў неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета, але Шушкевіч даў каманду сваім дэпутатам, сацыял-дэмакратам, адклікаць свае галасы, хаця гэта законам не прадугледжана (Шушкевіч абвяргае, што меў дачыненьне да адкліканьня галасоў – рэд.). Такім чынам, Карпенка ня быў зарэгістраваны.

Генадзь Карпенка, Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк на прэс-канфэрэнцыі ў Вярхоўным Савеце, 1995

​Фактычна, на тых выбарах два моцных прэтэндэнта ішло – Пазьняк і Карпенка. І яны паміж сабой у нейкім сэнсе канкурэнтамі былі, да пэўнага моманту. А мы лічылі, што трэба даваць шлях і аднаму, і другому. І таму наша каманда (я ўзначальваў штаб) зьбірала подпісы за Карпенку, але і дапамагалі Пазьняку па Маладэчне. Карпенка на гэта крыху балюча адрэагаваў, таму што, зразумела, канкурэнтная барацьба. Але калі Карпенку зьнялі з выбараў, ён мяне выклікаў і сказаў: усю каманду, усе сілы, усе намаганьні – на падтрымку Пазьняка! І мы падтрымалі, працавалі натхнёна і моцна. У выніку, у Маладэчне Пазьняк выйшаў на першую пазыцыю (такое было яшчэ ў яго на радзіме ў Іўе і ў Смаргоні). Пазьняк атрымаў у два разы болей галасоў, чым Кебіч, і ў тры разы болей, чым Лукашэнка.

Тут ужо Карпенка ня быў канкурэнтам у барацьбе і падтрымліваў Пазьняка. Я і яму сам казаў – «Генадзь, акрамя Пазьняка, няма нікога, з кім бы ты мог нейкі тандэм ствараць».

Ці быў магчымы альянс Пазьняка і Карпенкі страчаным шанцам для Беларусі? Напэўна, так. Але тут нічога ня зробіш, бо сьвядомасьць грамадзян не была гатовая ісьці наперад, і будаваць нешта новае. Лягчэй і прасьцей было вярнуцца ў старыя часы, дзе каўбаса 2.20 і гарэлка 2.87, і ніякай галаўной болі, дзяржава дасьць заробак, дзяржава дасьць пэнсію. Вось і атрымалі.

Безумоўна, гэта быў бы мацнейшы тандэм і карысны для Беларусі, таму што Карпенка быў практык – ён з нуля ставіў завод, ён быў мэрам горада, 100-тысячнага, і гэты горад «загучаў». Карпенка быў доктарам навук і членам-карэспандэнтам АН, у спорце – судзьдзём рэспубліканскай катэгорыі па футболе, меў добрыя адносіны з інтэлігенцыяй творчай і навуковай. Пазьняк – гэта моцная фігура беларускага Адраджэньня. Гэта духоўнае напаўненьне, вяртаньне да мовы, да гісторыі, да культуры, да сваіх каранёў. Карпенка – матэрыяльнае пераўтварэньне. Пазьняк і Карпенка – як карані і крона.

Што зробіш – гісторыю не перапішаш і не пераробіш. Але ёсьць над чым задумацца, і ёсьць нагода падумаць, што трэба працягваць рабіць тое, што яны пачыналі, але што ім не дазволілі давесьці да канца. Пазьняк і Карпенка бачылі пэрспэктыву Беларусі – а народ вырашыў, што не, будзем блукаць, па багне хадзіць. І зараз жывем па прынцыпе «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца».

«Подпісы за імпічмэнт Лукашэнкі сабралі ў пяці экзэмплярах»

Увосень 1996, калі Карпенка быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, была распачатая працэдура імпічмэнту Лукашэнкі. Патрабавалася сабраць дэпутацкія подпісы, і Карпенка ўзяўся за гэтую справу Належная колькасьць подпісаў (больш за 70) была сабраная. Прычым, у пяці экзэмплярах. Адзін зь іх Карпенка аддаў мне – «Калі ніводзін з іншых чатырох не патрапіць у Канстытуцыйны Суд, ты хоць жыцьцём, хоць сьмерцю павінен даставіць іх у Канстытуцыйны Суд». Яны, дарэчы, у мяне захаваліся, гэта гістарычны рарытэт. Там ёсьць і подпіс Навасяда, і іншых, якія потым пад ціскам адклікалі свае подпісы. Карпенка ўсё зрабіў, што было трэба.

А правал імпічмэнту адбыўся, бо спачатку зашантажавалі Ціхіню, а потым зламалі Шарэцкага. Ціхіня, Сілязьнёў, Строеў і Чарнамырдзін з Лукашэнкам «закатавалі» да 5 гадзінаў раніцы Шарэцкага. І Шарэцкі пайшоў на гэтую змову. І калі Карпенка даведаўся, што Шарэцкі падпісаў пагадненьне з Лукашэнкам, ён сказаў – «Усё, гэта канец». Шарэцкі не ўсьведамляў, што ніякіх дамоўленасьцяў Лукашэнка ня будзе выконваць. Прычына была ў тым, што такая выпадковая асоба, як Шарэцкі, стаў дэпутатам і тым больш старшынём Вярхоўнага Савета.

«Лічу, што ціск у 300 і інсульт былі справакаваныя»

Скажу гэтак пра сьмерць Карпенкі. Прычынай сьмерці быў інсульт. Але прычыны інсульту да гэтага часу ніхто ня ўскрыў, ніхто ня вызначыў. Тое, што інсульт быў невыпадковы, у мяне няма сумневу. 30 сакавіка разам зь ягоным родным братам Аляксандрам мы ўтрох сустракаліся, Карпенка быў у добрым стане здароўя, выгляд меў бадзёры, ніякай напругі.

Тады, у 1999 годзе, ён не ўвязаўся ў альтэрнатыўную выбарчую кампанію, хаця ў мяне была думка, што яму б варта было ўвязацца, але ён сказаў – «Не, Валера, гэта правакацыя, мы ня будзем удзельнічаць у правакацыі Ганчара з гэтымі «выбарамі», мы будзем рыхтавацца да выбараў 2001 года». Словам, нармальна ён выглядаў, ніякіх пытаньняў. А потым, пасьля абеду, у яго была сустрэча, пра якую я, дарэчы, ня ведаў. І тыя людзі, якія там знаходзіліся, тры чалавекі... Там ёсьць шмат пытаньняў, але зараз пра гэта сэнсу няма размаўляць, бо ні пракуратура, ні сьледзтва гэтым займацца ня будуць.

Магу сказаць, што такога ціску ў Карпенкі – 300 – ніколі ў жыцьці не было. У яго і 200 не было. 160, 180 – часам падымалася. А тут раптам – стукнула 300, і шматлікія парывы гэтых сасудаў. Я лічу, што гэта было справакавана. Карпенку адразу адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, і суткі ён ляжаў там без дапамогі! Гэта мяне насьцярожвае. Бо ёсьць рэчывы, якім трэба 24 гадзіны, каб яны расклаліся ды зьніклі з арганізму, і потым іх немагчыма выявіць аналізам. Яму не адразу пачалі аказваць дапамогу ў 9-м шпіталі, а суткі вытрымалі ў шпіталі хуткай дапамогі – без дапамогі. І яшчэ. З жанчынай, журналісткай, зь якой сустракаўся Карпенка, ён пазнаёміўся выпадкова, гэта была другая сустрэча, а потым ад яе – ніякіх артыкулаў, інтэрвію. Яна апошняя бачыла ў нармальным стане Карпенку. Інсульт ня быў натуральным, гэта было справакавана. Усё гэта можна даказаць, але не пры гэтых уладах, не цяпер.

І яшчэ. У Эўропе зьбіраліся кіраўнікі дзяржаў і міністры замежных спраў, і ад Беларусі замест Лукашэнкі запрасілі Карпенку, а таксама і Латыпава, які быў міністрам замежных спраў. Таму тут ёсьць пытаньні. Але як і гвалтоўныя зьнікненьні Захаранкі, Гагчара, Красоўскага, Завадскага, ды й Анатоля Майсені – ніхто не расьследаваў, усё замоўчваецца і прыхоўваецца.