«Плана хаця б адноснай перамогі Украіны ніколі не было. Была пафасная рыторыка, але плана не было»

Палітолаг Пётр Рудкоўскі – пра стаўленне заходніх краін да супрацьстаяння з Расіяй, якое мае негатыўныя наступствы для Украіны.

– Пачнем здалёк, – піша Рудкоўскі. – Чэрвень 2024 года. Адзін бельгійскі аналітычны цэнтр публікуе аналітычны рапарт «Адценні змроку. Сцэнарыі для Украіны і глабальны парадак».

Ну, публікаваннем сцэнарыяў па Украіне нікога не здзівіш. Яны з’яўляюцца як мінімум раз на квартал у найбольш вядомых think tankах. Калі дадаць менш вядомыя, то можа нават штомесяц, а то і часцей.

Не гэта істотна. Істотна тое, што той рапарт з чэрвеня мінулага года дае магчымасць паглядзець на перспектывы для Украіны (і рэгіёна) без гэтага дрэннага плана злога Трампа.

Аўтары там абазначаюць чатыры магчымыя сцэнарыі: перамога Украіны, перамога Расіі, зацягнутая вайна і палітычны кампраміс.

Адразу паясненне наконт першага сцэнарыя. Пад «перамогай Украіны» тут падразумяваецца ўсяго толькі вяртанне да межаў да 24.02.2022 + перспектыва ўступлення ў ЕС і НАТА + дэмілітарызацыя Крыма. Само вяртанне Крыма ўвогуле не ўваходзіць у рахубу.

Гэта сцэнарый, каторы правільней было б акрэсліць як «няпройгрыш Украіны» або «неперамога Расіі». Але хай будзе так: «перамога Украіны». Як-ніяк, ажыццяўленне нават такога сцэнарыя — гэта было б надзвычай выдатным сыходам.

Аўтары не займаюцца аналізам верагоднасці, ані таксама не аналізуюць, што было б патрэбна, каб такі сцэнар мог здзейсніцца. Адзінае, што яны заўважаюць, гэта дзеля гэтага заходняя ваенная дапамога Захаду мусіла б «значна ўзрасці» ва ўсіх вымярэннях: грашовым, тэхнічным, інфраструктурным ігд.

Хоць я не ваенны эксперт, але перакананы, што адной матэрыяльнай дапамогі тут было б недастаткова. Патрэбна была б дапамога ў тзв. жывой сіле. Недастаткова таксама было б нашумелага, але насамрэч надзвычай асцярожнага дазволу «біць заходняй зброяй па тэрыторыі РФ» (на самой справе толькі ў Курскай вобласці і толькі ў абмежаваным аб’ёме).

Патрэбен тут карт-бланш або амаль карт-бланш. Не памяшала б таксама на час усёй гэтай акцыі адключыць усенькі ядзерны арсенал Расіі, бо самі панімаеце.

Пётр Рудкоўскі

Ай, навошта я аж так далёка зайшоў. Можам узяць у дужкі ўсё тое, што ў папярэднім абзацы напісана пасля слоў «я не ваенны эксперт». Дапусцім, што адзінае, што тут патрэбна — гэта інтэнсіфікацыя фінансава-ваеннай дапамогі.

Тут і неэксперту ясна, што яна мусіла б 1) вырасці ў разы 2) стаць сістэматычнай і гарантаванай (бо гэта неабходна для доўгатэрміновага планавання, без якога няма сэнсу казаць пра «перамогу» або хаця б «няпройгрыш»).

Скажыце, вы бачылі хоць якія прыкметы інтэнсіфікацыі фінансава-ваеннай дапамогі Украіне? Не сімвалічнай дабаўкі, не збывання састарэлай тэхнікі, а паставак найноўшага ўзбраення, распрацоўкі інфраструктуры для эфектыўных паставак? Распрацоўкі плана А, Б і В на выпадак, калі Расіі ўдасца перашкодзіць пастаўкам па тым ці іншым напрамку?

А вось што я бачыў і бачу.

У 2014 годзе, пасля анэксіі Крыма, члены НАТА прынялі на сябе абавязак прызначаць як мінімум 2% ВУП на абарону. Прайшло 10 гадоў. У 2024 Расія адсвяткавала дзясятую гадавіну анэксіі... ну, яны гэта называюць «вяртаннем» Крыма. Украіна адпакутавала два гады поўнамаштабнага ўварвання. І вось, генсек НАТА, на той час Столтэнберг хваліцца, што ажно 11 краін (!) ужо перакрочылі гэты парог. Адзінаццаць з 31 (на той час)!

І ён, Столтэнберг, «спадзяецца», што астатнія краіны таксама перакрочаць. (Тут патрэбен эматыкон, на якім паказаная горкая ўсмешка.)

Дык тут жа гаворка пра ўнутраную абарону краін НАТА, прычым тут Украіна? — скажа хтось. Вось жа гэта наўпрост звязана з Украінай. Бо:

1) дэфіцыт або старэнне ўласнага ўзбраення азначае, што ў цябе менш магчымасцяў падтрымаць суседа-ў-бядзе; апрача таго, ты баішся даваць застаўшаеся больш-менш новае ўзбраенне, бо думаеш: «А мала дзе што, а калі раптам мне самому спатрэбіцца?»

2) фінансавую дапамогу суседу-ў-бядзе нашмат прасцей (і псіхалагічна, і бюракратычна) выдзеліць з абароннага бюджэту, а не ліхаманкава збіраючы па капейцы з дзясяткаў неабаронных бюджэтаў;

3) калі б усе члены НАТА прытрымліваліся прынятага на сябе абавязку 2% выдаткаў на абарону, то сумарны бюджэт краінаў НАТА быў бы штогод прыблізна на 70-80 млрд долараў вышэйшы. Калі памножыць на 10 (гадоў), то гэта дае 700-800 млрд.

Такая квота і для расіян гучыць страшнавата, незалежна ад таго, ці гэтыя грошы пайшлі б на ўнутранае ўзбраенне членаў НАТА, ці як патэнцыйная падтрымка для Украіны.

І што ж, на працягу 10 гадоў абсалютная бальшыня членаў НАТА нават не парупілася выканаць гэты няшчасны абавязак 2%. Не зрабілі гэтага нават пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

І цяпер вы скажаце, што вось-вось з дня на дзень яны ў разы павялічылі б фінансава-ваенную дапамогу Украіне (а гэта неабходная ўмова яе перамогі, хаця б адноснай)?

Ага, ЗША пад кіраўніцтвам Байдэна або Харыс гэта зрабілі б? Не, не зрабілі б. Дыспрапорцыя ў дагэтулешняй дапамозе ЗША vs Еўропы настолькі агромністая, што хоць ты вушы пазатыкай усім амерыканскім падаткаплацельцам.

Каб мог здзейсніцца першы – адносна аптымістычны – сцэнар, мусіў бы дзейсніцца навагодні цуд. Цуд прыблізна такі: ад 1 студзеня 2025 года ўсе члены НАТО – хіба што за выключэннем Польшчы і ЗША – падымаюць выдаткі на абарону на 1-1,5% і цягам пару тыдняў апрацоўваюць стратэгію рэгулярнай, сістэматычнай і гарантаванай фінансава-ваеннай дапамогі Украіне ў значна вышэйшым аб’ёме, чым раней.

Стратэгію, у якім будзе план А, Бэ і Вэ, і ўлічаны імаверныя рызыкі, без якіх тут ніяк не абыдзешся.

Цуду не здарылася, і Трамп тут ні пры чым. І цуду гэтага не здарылася б у 2026, і не здарылася б у 2027, і не здарылася б у наступныя гады.

А гэта значыць... гэта значыць, што дзейнічаў бы іншы сцэнар. Сцэнар пад назвай «зацягнутая вайна».

Тут я даю слова экспертам CSDS, азнаёмцеся, калі ласка, уважліва:

«Украінскія сілы ўсё больш знясіленыя і вычарпаныя, але працягваюць захоўваць баявы дух і гатоўнасць ваяваць. Да сярэдзіны 2025 года большасць аналітыкаў пачынае апісваць вайну як тупіковую сітуацыю, але ніводзін з бакоў не праяўляе цікавасці да перамоваў».

«Кадравы голад застаецца праблемай, змушаючы ўкраінскае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва прасоўваць новую стратэгію мабілізацыі. Па меры таго як узрост навабранцаў – і колькасць стратаў – зніжаецца, стомленасць ад вайны ўзрастае. Уступленне ў NATO ізноў адкладаецца».

А што з Расіяй пры такім сцэнарыя? Вось што:

«Нягледзячы на вялікія людскія страты і страты тэхнікі, Масква і расійскае грамадства ў цэлым застаюцца непахісна адданымі барацьбе.

Вайскоўцы ўсё часцей ужываюць свае найноўшыя ракеты і авіяцыю для атакі важных ваенных аб’ектаў на тактычным і аператыўным узроўні. У выніку ўкраінская супрацьпаветраная абарона становіцца ўсё менш эфектыўнай, а страты на полі бою – усё больш значнымі».

Канец цытаты. Гэта далёка не поўнае апісанне сцэнарыя, але зацытаванага дастаткова, каб зразумець, наколькі ўсё дэпрэсіўна.

Шмат хто з нас жыве рамантычным чаканнем, што вось, здарыцца нешта, і Пуцін, а з ім і Лукашэнка, апынаюцца ў Гаазе, Украіна вяртае ўсе тэрыторыі, Расія пакорліва выплочвае рэпарацыі, а ў Беларусі праходзяць свабодныя выбары.

Як гэта зрабіць — няма плана. І яго не было.

Ні ў Байдэна, ні ў Харыс, ні тым больш у еўрасаюзных чыноўнікаў. Плана перамогі Украіны – хаця б адноснай перамогі – ніколі не было. Была пафасная рыторыка, але плана не было.

Тое, што я напачатку назваў «планам Трампа» – рэч умоўная. Бо пакуль што ў публічнай прасторы маем толькі разрозненыя намёкі план. Магчыма, нават у блізкім атачэнні Трампа яшчэ яго няма, хутчэй за ўсё, ён у працэсе распрацоўкі. А нават калі ён ёсць, у поўным выглядзе не будзе прадстаўлены грамадскасці цяпер.

На дадзены момант ясныя дзве рэчы, прынамсі для мяне:

1. Амаль напэўна план будзе прадугледжваць саступкі з абодвух бакоў. У выпадку Украіны гэта будзе азначаць тэрытарыяльныя саступкі.

2. Калі няма шанцаў перамагчы, кампраміс – лепшая опцыя, чым поўная перамога праціўніка або зацягванне вайны на чарговыя тры-пяць-дзесяць гадоў.

Ну і напрыканцы — як жа тут абмінуць «каронны аргумент»: любая саступка дыктатару-агрэсару вядзе да таго, што агрэсар пойдзе яшчэ далей і яшчэ далей.

Вось жа справа тут не ў саступках. Справа ў тым, як яны робяцца і якімі дзеяннямі суправаджаюцца.

Гітлер не спыніўся на Судэтах не таму, што былі зроблены саступкі, а таму, што пасля саступак лідэры заходнедэмакратычнага блоку дэмастратыўна паціралі рукі і ўсімі сваімі дзеяннямі казалі: Ну, цяпер можна расслабіцца! Вайна прайшла міма! Можам спакойна вяртацца кожны ў свой агарод і бавіцца кожны ў сваёй пясочніцы. Мы накармілі Гітлера на сто гадоў наперад, таму баяцца яго ўжо больш не трэба. Брава для нас, хітрых і ўмелых!

Вось гэта і было тым, што заахвоціла Гітлера да далейшай агрэсіі. Не саступкі заахвоцілі, а расслабленасць заходніх элітаў і адсутнасць рэальных намаганняў правесці буйную чырвоную рыску пасля гэтай саступкі.

Вяртаючыся ў наш час. З таго, што я чую, намёкі Трампа на непазбежнасць некаторых саступак суправаджаюцца іншым месыджам. Напрыклад, патрабаваннем ад членаў НАТА павысіць расходы да... 5% ВУП.

Не думаю, што гэта адзіны пункт у плане па прадухіленню далейшай агрэсіі Пуціна. Але нават калі б гэта быў адзіны пункт, то ўдумайцеся толькі: павышэнне абаронкі да 5% азначае, што сумарны абаронны бюджэт краінаў НАТА пачынае складаць раптам... 2,4 трыльёны долараў. Увесь ВУП вялікай Расіі — 2,2 трыльёны.

Пры такім абаронным бюджэце можна не толькі сябе эфектыўна абараніць, але пры неабходнасці ўзброіць да зубоў Украіну – і зрабіць гэта хутка і эфектыўна.

Саступка саступцы розніца.