«Пуцін – малодшы брат Лукашэнкі. Беларусь і Украіна патрэбныя Расеі як буфэр»
Змрочныя прагнозы Васіля Быкава, якія збываюцца на нашых вачах. 100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
— Пуцін — малодшы брат Лукашэнкі. Расея можа пайсці цяперашнім шляхам Беларусі, — казаў студэнтам Карлавага ўніверсітэта Васіль Быкаў у часе аднаго са сваіх прыездаў у Прагу ў 2001 годзе.
Пра тое, што Масква выкарыстоўвае Беларусь у якасці паліттэхналагічнага палігона, адмыслоўцы тады толькі пачыналі загаворваць. А Пуціна многія ўвогуле лічылі надзеяй на ўмацаванне дэмакратыі ў Расіі.
Зрэшты, Быкаў ад пачатку быў крытычна настроены да інтэграцыйных ініцыятываў Лукашэнкі. 8 снежня 1999-га, калі ў Крамлі падпісалі сумнавядомую дамову, пісьменнік даў змрочны і жорсткі каментар:
— Падпісанне саюзнай дамовы — гэта не толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагоддзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі — канец яе гісторыі.
А напрыканцы студзеня 2003-га Быкаў у інтэрв’ю еўрапейскім журналістам скажа, што Расія рыхтуе аншлюс нашай краіны. Што Беларусь і Украіна патрэбная Маскве ў якасці буфера перад Захадам.
Пра тое, чым можа скончыцца гульня ў саюзы з імперыяй, пісьменнік прамаўляў не толькі са старонак прэсы. Да гэтай тэмы ён неаднойчы звяртаўся ў зборніку прыпавесцяў «Пахаджане». Найбольш яскрава гэтая тэма раскрытая ў «Вуціным статку».
Чародка качак не паляцела ў вырай насуперак намаганням старога вуцяка, які заклікаў родзічаў паслухацца інстынктаў. А тыя былі нібы глухія пасля таго, як знайшлі сабе пракорм: на беразе возера стаяў завод, з якога па бетоннай трубе ў ваду сцякала «штосьці мутнае, але прыемнае на смак».
Гэта быў празрысты намёк пісьменніка на залежнасць ад чужой трубы. Залежнасць згубную, як сведчыць сумны фінал той прыпавесці.
Читайте еще
Избранное