Навучыцца ўзаемнай павазе, супрацы, падтрымцы ў адпаведнасці з дэвізам «беларус беларусу беларус» — найпершая патрэба сённяшняга часу і для майстроў, і для змагароў.
Севярынец: «Ніякаму чорту лысаму не ўдасца зламіць народ, які адчувае сябе адзіным, цэласным арганізмам»
Былы палітвязень разважае на тэму «змагароў» і «майстроў».
— Падзел беларускага руху на ўмоўных «змагароў» і «майстроў» — адзін з самых згубных для Беларусі, — піша Павел Севярынец. — «Змагары», схільныя да вулічнай альбо збройнай барацьбы, маюць гучны голас, гавораць рэзкія прамовы, ганарацца тым, што ідуць за ідэю і да канца, і часта ставяцца грэбліва да тых, хто выбірае іншыя шляхі.
«Майстры» больш займаюцца дыпламатыяй, бізнесам, адміністраваннем, творчасцю, робяць сваю справу без шуму і пылу, любяць падкрэсліць свой прафесіяналізм, вытрымку і абачлівасць, і не менш часта (хаця і менш гучна) дакараюць «змагароў» за безвыніковасць і безадказнасць.
— Вы толькі крычыце, правакуеце і шкодзіце, — кажуць «майстры» «змагарам».
— А вы наогул здраднікі і грантасмокі! — хорам адказваюць «змагары».
Сённяшні падзел на «гераічных лузераў» і «рэспектабельных здраднікаў» напоўніцу выкарыстоўваюць усе ворагі Беларусі.
За апошнія пару дзён тройчы сутыкнуўся з такімі ацэнкамі нават сярод беларускамоўных вернікаў — у дачыненні да вядомых асобаў і кіраўніцтва хрысціянскіх грамадаў.
Дарагія мае беларусы і беларускі!
Варта зразумець адну простую рэч: ёсць час змагароў, і ёсць час майстроў. Ёсць час і абставіны, якія патрабуюць адказнай і руплівай працы дзеля Беларусі — з поўнай аддачаю, часам без асаблівага піяру і публічнай падзякі. А ёсць час і абставіны, якія проста крычаць: усе — да змагання!
У пачатку 2000-х альбо ў пару так званай «нармалізацыі» быў час майстроў — і нават ад змагароў патрабаваліся адпаведныя ўласцівасці ды вынікі.
А вось у 2020-м большасць была змагарамі — і цяпер згадвае той час з настальгіяй.
Масавы турэмны досвед, вайна ва Украіне з тысячамі добраахвотнікамі і вымушаная эміграцыя пашырылі і паглыбілі гэты падзел на самую актыўную і творчую частку нацыі, на ўсе яе пласты. Сваркі на ўяўнай і шмат у чым штучнай мяжы «змагары» — «майстры» паглынаюць сілы і час, так патрэбныя беларусам для гарту як адзінай нацыі.
І змагары, і майстры аднолькава крытычна патрэбныя сённяшняму беларускаму руху.
Без вулічных і правадыроў і байцоў мы будзем няздольныя скарыстацца вакном магчымасцяў і прайграем рэжыму альбо Расеі.
Без прафесійных дыпламатаў, штабістаў, дасведчаных менеджараў мы завалім парыў нацыі да перамогі.
Ніякаму чорту лысаму не ўдасца зламіць народ, які адчувае сябе адзіным, цэласным, зладжаным і здаровым арганізмам.
Бог дасць нам перамогу — калі мы самі будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь.
Читайте еще
Избранное