История

Сяргей Васілеўскі

Што чытаць i глядзець беларусу, які хоча даведацца пра гісторыю сваёй краіны глыбей

З чаго варта пачаць? Парада гісторыка Аляксандра Пашкевіча. 

— Думаю, такім людзям у цяперашняй сітуацыі можна параіць звярнуць увагу на тыя серыйныя праекты па папулярызацыі беларускай гісторыі, якія цяпер ёсць у інтэрнэце. Многія беларускія гісторыкі не застаюцца ўбаку ад сучасных тэндэнцый і спрабуюць папулярызаваць гістарычныя веды пры дапамозе новых тэхналогій. І прынамсі ў некаторых някепска атрымліваецца. 

Сярод тых гістарычных праектаў, якія працуюць больш-менш сістэмна, можна згадаць, напрыклад, падкаст «Так склалася гістарычна», серыю відэа «Кава з гісторыкам», ролікі пад хэштэгам «гісторыяза5хвілін», каналы «Слухай сюды» ці «Размовы пра ваенную гісторыю» на YouTube.

Увогуле ўвесь час у Сеціве нешта такое рэгулярна з’яўляецца, і для пашырэння ды паглыблення сваіх ведаў падобныя праекты маюць немалое значэнне.

Асабліва ва ўмовах, калі ў Беларусі зніклі ўмовы для выхаду папулярных перыдычных выданняў на гістарычную тэматыку, сярод якіх галоўнае значэнне ў апошнія гады займалі «Наша гісторыя» і «Arche».

Аляксандр Пашкевіч

З ліку цікавых выданняў на гістарычную тэматыку, якія і цяпер выходзяць у Беларусі, можна згадаць «Краязнаўчую газету», якая апошнім часам значна павысіла свой узровень і ў якой друкуецца нямала цікавых ды арыгінальных матэрыялаў.

На гэта выданне можна нават падпісацца праз «Белпошту», а агляды найбольш цікавых яго матэрыялаў рэгулярна робяцца на хвалях беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя».