Стрыжак: «Не літоўская міграцыя, польскія чыноўнікі, в’етнамскія паліцэйскія ці хтосьці яшчэ адказныя за вашае жыццё, а вы самі»
Кіраўнік фонда BYSOL — пра кейс Васіля Верамейчыка.
— Ахвяра заўсёды ахвяра. І чалавек заўсёды адказны за сваё жыццё, учынкі і рашэнні, — піша Андрэй Стрыжак.
1) У студзені 2024 Васіль звярнуўся ў BYSOL па дапамогу і атрымаў вычэрпныя інструкцыі, як паводзіцца ва ўмовах прызнання яго пагрозай нацбяспекі Літве. Васілю было рэкамендавана пакінуць ЕЗ і накіравацца ў Грузію. Гэтую рэкамендацыю ён выканаў.
Важна! Сістэма прызнання пагрозай нацбяспекі пастаянна крытыкуецца з боку праваабаронцаў як недасканалая, і мы падтрымліваем і адкрываем зборы на адвакатаў для людзей, што ў законным парадку абскарджваюць такія рашэнні ў літоўскіх судах.
2) У ліпені 2024 Васіль Верамейчык зноў звязаўся з BYSOL ужо з Грузіі, дзе быў праінструктаваны якім чынам ён можа вярнуцца ў ЕЗ і зрабіць спробу легалізацыі. Паўтару. Мы далі яму канкрэтныя механізмы і алгарытмы, як ён можа легалізавацца ў ЕЗ. Нажаль, камунікацыя з Васілём перарвалася па ягонай ініцыятыве. Больш ён з намі не звязваўся.
3) Тое, што вядома з медыя. Васіль Верамейчык паспрабаваў уехаць у Польшчу і падацца на абарону. Я не быў на мяжы разам з ім у гэты момант, але ведаю як выглядае працэдура. Польскі бок павінны растлумачыць умовы падачы. Адна з умоваў — утрыманне заяўніка ў лагеры для бежанцаў (не ў турме), калі ў яго няма іншага месца жытла ў Польшчы.
Калі б Васіль заставаўся на сувязі з BYSOL, то мог бы прымаць кваліфікаваныя рашэнні ў гэтай сітуацыі. На жаль, ім было прынятае іншае рашэннне. Цытату пра нежаданне «сядзець з пакістанцамі» я пакіну без каментароў.
4) Дзясяткі разоў і я асабіста і мае калегі па сектары і палітыкі прагаворвалі важнасць спраўджваць бяспечнасць той, ці іншай краіны для візіту/пераезду. Я ўдзячны кожнаму і кожнай, хто піша да мяне асабіста і звяртаецца на гарачую лінію фонда @help_bysol (ТГ). З пытаннямі ці варта ехаць у тую ці іншую краіну.
Ёсць выдатны рэсурс pashpart. org, створаны Народнымі амбасадамі у супрацы з Офісам Ціханоўскай. Усе гэтыя інструменты публічныя і даступныя для таго, каб прааналізаваць пагрозу бяспекі. Васіль абраў небяспечную краіну для жыцця па ўласнай ініцыятыве.
Рэзюмэ: кожны чалавек адказны за сваё жыццё. Мы ўсе трапляем у розныя складаныя сітуацыі, часам, такія, што падаецца, што выйсця няма, але заўсёды можна звярнуцца да тых, хто ведае што і як рабіць. Прымайце рашэнні ўзважана, з улікам досведу іншых людзей, з улікам меркаванняў і практыкі экспертаў.
Падабаюся я ці BYSOL камусьці ці не, гэта не прычына адкідваць напрацаваныя намі алгарытымы і механізмы. Мы выслухваем і пры магчымасці дапамагаем усім, хто да нас звяртаецца, незалежна ад таго, як чалавек ставіцца да BYSOL ці мяне асабіста. Так было, ёсць і будзе заўсёды.
Не літоўская міграцыя, польскія чыноўнікі, в’етнамскія паліцэйскія, Стрыжак, ці Ціханоўская, ці хтосьці яшчэ адказныя за вашае жыццё, а вы самі.
Беражыце сябе і будзьце разважлівымі.
Читайте еще
Избранное