Тата — украінец, жылі на памежжы. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомельскім раёне за «здраду дзяржаве»
Пра затрыманьне сям’і Прохаравых стала вядома 28 сьнежня. Падрабязнасьцяў пра іхную справу амаль няма. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх сямейнікаў абвінавачваюць у адным — «здрада дзяржаве».
Як стала вядома Свабодзе, Прохаравы жывуць у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. Яна знаходзіцца ў памежнай зоне, за 15 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і 17 — ад вёскі Зябраўка, дзе зь зімы 2022 году разьмяшчалася база расейскіх вайскоўцаў. Зь Зябраўкі зь лютага 2022 году рэгулярна выляталі расейскія вайсковыя самалёты і верталёты, адтуль запускалі ракеты па Ўкраіне.
Як паведамілі Свабодзе ў BelPol, старэйшы Прохараў, Васіль Васільевіч 1969 году нараджэньня, — этнічны ўкраінец. Ён нарадзіўся ва ўкраінскім Чарнобылі (Кіеўская вобласьць). Васіль Прохараў часта езьдзіў зь Беларусі ва Ўкраіну. Паводле стану на 2021 год на яго не было распачатых крымінальных спраў. Працаваў Васіль у асноўным у сфэры будаўніцтва, прарабам і майстрам.
У 2021 годзе выданьне «Вестник Кавказа» пісала пра яго як пра пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.
Пра жонку Васіля, Ларысу, вядома, што яна 1975 году нараджэньня, беларуска, нарадзілася ў Грабаўцы Гомельскага раёну. Там жыла і зарэгістраваная. Раней працавала санітаркай у адным з гомельскіх шпіталяў. З 2008 па 2020 год чатыры разы выяжджала ва Ўкраіну. Да затрыманьня ня мела крымінальных ці адміністрацыйных спраў.
Іхняя дачка, Анастасія, нарадзілася ў 2000 годзе ў Гомлі. Зарэгістраваная ў Грабаўцы, дзе і бацькі. Вядома, што яна некалькі разоў выяжджала за мяжу, у тым ліку тройчы ва Ўкраіну, з 2008 па 2019 год. Працуе мэдычнай сястрой.
Сын Прохаравых 1996 году нараджэньня. З 2007 па 2019 год 7 разоў быў за мяжой — ва Ўкраіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсьце.
Читайте еще
Избранное