У Мінску затрымалі былых партнёраў Мазепіна па «Уралкаліі»
Сябры па Мінскай сувораўскай вучэльні Дзмітрый Мазепін, Дзмітрый Лобяк і Яўген Шавель — вялікія постаці ў расійскім бізнэсе. Мазепін не рызыкуе ездзіць у Мінск. А вось Шавель і Лобяк вялі справы яшчэ і ў Беларусі, дый паплаціліся.
Як стала вядома Нашай Ніве, некалькі дзён назад у Беларусі затрымалі былых партнёраў Дзмітрыя Мазепіна па «Уралкаліі» Яўгена Шавеля і Дзмітрыя Лобяка. А разам з імі, напярэдадні, топ-менеджараў ААТ «Юрас-Ойл».
«Юрас-Ойл» — гэта беларуская кампанія, дылер прамысловай хіміі і ўгнаенняў, у якой Лобяк і Шавель — суакцыянеры.
Паводле папярэдняй інфармацыі, усе прэтэнзіі датычаць менавіта гэтай фірмы і маюць падатковую прыроду.
Ніякай афіцыйнай інфармацыі не публікавалася.
Шавель і Лобяк — беларусы каранямі, якія зарабілі свае асноўныя грошы ў Расіі. Як можна меркаваць, і жылі яны збольшага тамсама.
Яны былі найбліжэйшымі бізнэс-партнёрамі былога ўладальніка «Уралкалія» Дзмітрыя Мазепіна. Усе трое разам вучыліся ў 5-й роце Мінскай сувораўскай вучэльні 29-га выпуска.
Чым цяпер валодаюць гэтыя бізнэсоўцы, мы не ведаем праз агульны трэнд на зашыфроўванне актываў у Расіі.
На сёння «Уралкаліем» на 100% валодае кампанія «Уралхім». Да сакавіка 2022 года «Уралхімам» на 100% валодаў Дзмітрый Мазепін. Цяпер структура ўласнасці кампаніі не раскрываецца.
Раней Дзмітрый Лобяк валодаў 20% «Уралкалія» і быў дарадцам генеральнага дырэктара. Пасля гэтая доля перайшла Мазепіну. Шавель быў топ-менеджарам у той самай кампаніі, імаверна, і з доляй у бізнэсе.
Акрамя таго, Шавель і Лобяк валодалі па 17% акцый Верхнякамскага электрамеханічнага завода. Шавель і на сёння саўладальнік «Казфасфата» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў фосфарных угнаенняў у свеце.
Беларуская кампанія партнёраў займалася дылерствам хімічных прадуктаў, і гэта, як можна меркаваць, далёка не асноўны і не галоўны для іх бізнэс.
Затрыманні па падатковым артыкуле ў Беларусі нярэдка выкарыстоўваюцца, каб «падстрыгчы» паспяховых бізнэсменаў. Звычайна людзі такога калібру выплачваюць выкуп за сваю свабоду, які патрабуецца, а справы часцей за ўсё не даходзяць да суда.
Падатковае заканадаўства часта двухсэнсоўнае, і таму лёгка выкарыстоўваецца для выстаўлення прэтэнзій.
Выкупляць сябе ў беларускіх сілавікоў толькі за апошнія гады прыйшлося многім: крыніцы «НН» паведамлялі, што Генадзь Кірэйкаў, уласнік «Green», выйшаў на свабоду за 5 мільёнаў даляраў, за 10 мільёнаў — уласнік «Сігмаплюс» Віталь Сініцкі, за столькі ж экс-кіраўнік Прыёрбанка Сяргей Касцючэнка і гэтак далей.
Шавель і Лобяк, па нашай інфармацыі, маюць і беларускія, і расійскія пашпарты адначасова.
Читайте еще
Избранное