Новости

У Варшаве абвесцілі прысуд за згвалтаванне і забойства беларускі Лізы

Вінаватым у злачынстве прызналі 23-гадовага грамадзяніна Польшчы Дарыяна С., паведамляе Еўрарадыё.  Яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення. 

Хлопцу Лізы Даніілу абвінавачаны павінен сплаціць 200 тысяч злотых маральнай кампенсацыі.

Трагедыя адбылася летась 25 лютага ў цэнтры Варшавы. Беларуску Лізу знайшлі распранутай і ў непрытомным стане. Некалькі дзён медыкі змагаліся за жыццё дзяўчыны, але 1 сакавіка яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць.

Вулічная відэакамера зафіксавала, як мужчына ў балаклаве напаў ззаду на дзяўчыну, прыставіў нож да шыі і пхнуў у падваротню. Нож і іншыя доказы паліцыя выявіла падчас затрымання Дарыяна С.

Выпадак справакаваў хвалю абурэння ў сацсетках і публічных споведзяў пад хэштэгам #ХопіцьГвалціць, а ў Варшаве прайшоў мітынг супраць гвалту «Яе звалі Ліза».