Васілевіч: «Арміяй зомбі кіраваць прасцей, чым жывымі людзьмі са сваімі думкамі, пачуццямі і планамі на жыццё»

Экспертка ў галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны — пра страляніну па «сваіх».

У Беларусі працягваюць «прарэджваць» шэрагі прадстаўнікоў царквы. Прычым, паводле выразу эксперткі ў галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталлі Васілевіч, свецкія і царкоўныя ўлады пачалі ўжо «страляць па сваіх» — пераследаваць нават цалкам лаяльных дзяржаве дзеячаў, замяняючы іх расейскімі місіянерамі. Што адбываецца?

— Мы сталі заўважаць, што святароў, якія нават былі цалкам лаяльнымі, але былі актыўнымі ў нейкіх сферах — працы з моладдзю, працы з прыхаджанамі, нешта рабілі больш, чым проста служба — пачалі здымаць з настаяцельства, — распавядае экспертка ў эфіры Еўрарадыё.

Фота з асабістага архіву Наталлі Васілевіч

Так, быў зняты айцец Павел Сярдзюк (храм Мікалая Японскага ў сталічным раёне Каменная Горка, дзе ён служыў, з’яўляўся ў тым ліку месцам рэалізацыі місіянерскіх і шматлікіх культурніцкіх ініцыятыў, а жонка Сердзюка — адна з самых вядомых актывістак пралайферскага руху). Ліквідавалі фонд Ефрасінні Полацкай, які падтрымліваў сацыяльныя праекты Беларускай праваслаўнай царквы. Таксама днямі стала вядома пра адхіленне ад службы яшчэ аднаго праваслаўнага святара.

— Пачалася стандартызацыя пад кандовае праваслаўе, — гаворыць Наталля Васілевіч. — І гэта выклікае занепакоенасць. Фактычна, актыўныя людзі з беларускай царквы аказваюцца ў дзіўным свеце, дзе ўжо нельга быць актыўнымі. А любая дзейнасць, якая не «спушчана» зверху і не з’яўляецца імітацыяй дзейнасці, а грунтуецца на шчырай актыўнасці саміх людзей — усё гэта не прымаецца сістэмай, нягледзячы на тое, што нічога апазіцыйнага і «экстрэмісцкага» ў тым няма.

Чым гэта тлумачыцца? Тым, што пастулат «часам не да законаў» распаўсюдзіўся на ўсе сферы жыцця, і ніякіх тармазоў і механізмаў абароны ад перагрэву ў гэтым механізме ўжо няма, канстатуе экспертка.

Сістэма проста пайшла ўразнос, звар’яцела — ніхто не глядзіць на перспектывы, на тое, што трэба адбудоўваць грамадства, падымаць эканоміку, урэшце, каб прафесіяналы былі на працоўных месцах.

Пра гэта ўсе ўжо забылі, усё разбураецца і самаразбураецца, як мы бачым — каб захавацца хаця б на кароткатэрміновую перспектыву ў тым выглядзе, як ёсць. На прыкладзе царквы гэта добра бачна. І я думаю, што гэтыя з’явы будуць нарастаць.

А калі сістэма працуе толькі на тое, каб рэпрэсаваць, ад яе нельга чакаць справядлівасці нават у звычайных рэчах, дадае Наталля Васілевіч:

— Калі судовая сістэма цалкам разбураная, калі амаль кожны суддзя, які працуе цяпер у Беларусі, быў уключаны ў рэпрэсіі і выносіў заведама неправасудныя рашэнні — усё, незалежнага суда няма. Ці можам мы чакаць справядлівасці ў справах па разводах, крымінальных расследаваннях, якія тычацца сур’ёзных злачынстваў? Не, не можам.

Наталля Васілевіч нагадала, што ў Беларусі і праваслаўная, і каталіцкая царква прынялі рэкамендацыі да сваіх прадстаўнікоў, сутнасць якіх — не высоўвацца ў сацсетках, быць як мага менш публічнымі і заўважнымі.

— Бо калі ты прыцягваеш увагу сваёй прысутнасцю, «адсвечваеш» дзесьці — гэта нядобра. Трэба знікнуць. Зайдзі ў цень, стань нябачным, і тады, магчыма, цябе пранясе. Бо калі ты бачны, калі ў цябе ўнутры нейкае святло ёсць — ты падазроны. Калі ты жывы — ты падазроны. Таму давайце ўсе станем такімі зомбікамі, каб перажыць час рэпрэсй.

Канешне, гэтага рэжым і хоча. Арміяй зомбі кіраваць прасцей, чым жывымі людзьмі са сваімі думкамі, пачуццямі, жаданнямі і планамі на жыццё.

Для любога таталітарнага рэжыму (а беларускі рэжым, як мы бачым, імкнецца менавіта да гэтай формы, ніякага сацыяльнага кантракту, перніка ў яго не засталося, могуць толькі паганяць бізуном) актыўнасць людзей, іх прага жыць і ствараць вакол сябе нейкую супольнасць, дзе можна атрымаць унутраны камфорт — цалкам лішнія, ён імкнецца іх разбурыць.

Наколькі атрымаецца, вялікае пытанне.  Таму рэжым спрабуе грунтавацца на страху, каб людзі самі разбуралі ўсё і пераставалі будаваць вакол сябе станоўчае. Такая логіка рэпрэсій. Аднак баяцца не ўсе — нават цяпер, у 2024 годзе, і ёсць такія адчайныя людзі <хто выказвае сваю нязгоду>.