Вольга Філатчанкава: «Самае складанае было — расстаньне зь дзецьмі»
Фігурантка «справы студэнтаў» у фільме Радыё Свабода «Скрадзеная маладосьць» расказала пра разлуку зь дзецьмі, пра тое, што падтрымлівала яе ў турме, і пра жыцьцё ў Варшаве.
Вользе Філатчанкавай — 45 гадоў, яна былая выкладчыца БДУІР. У 2017 годзе Вольга стала асыстэнткай катэдры праграмнага забесьпячэньня інфармацыйных тэхналёгій БДУІР.
Яна ўдзельнічала ў відэазвароце выкладчыкаў супраць гвалту, у забастоўцы. 12 лістапада 2020 году яе затрымалі і прысудзілі два з паловай гады турмы. Яна цалкам адбыла свой тэрмін.
На волі заставаліся яе дзеці — 7-гадовая Марыя і 18-гадовы Іван.
— Самае складанае — расстаньне зь дзецьмі. Вельмі шкада гэтага страчанага часу, таму што дзіцё вельмі моцна зьмяняецца. Нават за месяц дзіцё можа дастаткова моцна зьмяніцца, а тут два гады, — кажа Вольга.
Беларуска даўно займаецца танцамі, і гэта падтрымлівала яе ў турме:
— Нас называлі «танцуючая камэра». Мы заўсёды танцавалі на шпацырах. Я хутка замярзаю на вуліцы, таму пачала танцаваць. Потым да мяне далучыліся іншыя сукамэрніцы. Пад танцы мы сьпявалі прыпеўкі. Некаторыя крымінальніцы часам прасілі мяне засьпяваць і вельмі радаваліся. Гэта такі штуршок, каб жыць. Глыток сьвежага паветра.
Пакараньне Філатчанкава адбывала ў гомельскай калёніі № 4. У лістападзе 2022 году Вольга выйшла на волю і яшчэ больш за год заставалася ў Беларусі. У красавіку 2024-га стала вядома, што яе эвакуаваў BySol. Цяпер Вольга жыве зь дзецьмі ў Варшаве, вучыць польскую мову і навучаецца на IT-курсах.
— Я ні пра што не шкадую. Я перастала б сябе паважаць, калі б не далучылася. Бо гэта мая радзіма. Я хачу жыць і дыхаць нармальна ў сваёй краіне, не баяцца, што да цябе прыйдуць, што ты штосьці ня тое сказаў ці апрануўся ня так. Я чэсная і хачу, каб усё было па-чэснаму, — кажа жанчына.
Читайте еще
Избранное