Калі б яны павялічылі колькасць консульскіх работнікаў, тады б магчыма на 5-7% удалося павялічыць колькасць шэнгенскіх візаў. Гэта значыць, што да 15-20 тысяч дадатковых візаў у год можна было б атрымаць.
Вячорка: Гэта міф, што Захад не хоча нам выдаваць візы, ці што іх не выдаюць з-за санкцыяў
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай агучыў галоўныя міфы пра вяртанне дыпмісій у Беларусь.
— Трэба разумець, што сам Лукашэнка пазбаўляўся і выганяў і амбасадараў, і дыпламатаў з Беларусі. І зараз ён не асабліва хоча іх вяртання, — адзначыў Франак Вячорка на Радыё Свабода. — Ёсць такі міф, што Лукашэнка дабіваецца вяртання амбасадараў.
Гэта не так. Бо нават тым амбасадарам, якія спрабуюць атрымаць працяг акрэдытацыі, гэтага працягу не даюць.
Часовых павераных, якія працуюць у Беларусі, пастаянна атакуюць прапагандысты, яны сочаць за імі і ствараюць абсалютна невыносныя ўмовы працы. Супрацоўнікаў некаторых амбасадаў арыштоўвалі, а некаторыя нават з’яўляюцца палітзняволенымі.
Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў вяртання амбасадаў у Мінск, ён бы не ствараў такі кашмарны клімат. Гэта адна з прычын, чаму многія краіны абмяжоўваюць склад дыпламатычнай прысутнасці ў Мінску.
Другое — гэта матэрыяльнае пытанне. І яго вырашыць больш рэалістычна. Напрыклад, мы размаўлялі з Нямеччынай і Італіяй аб павелічэнні колькасці тэхнічных работнікаў, якія б маглі выдаваць больш візаў.
Вячорка падкрэслівае, што ў Мінску не рады нават тым дыпламатам, якія засталіся ў Беларусі і спрабуюць нешта рабіць.
— Многія з іх адгукаюцца на нашы просьбы наведваць суды над палітвязнямі, сустракацца з іх сем’ямі. Але мы бачым, як на гэта балюча рэагуе рэжым.
Таму трэба раздзяляць консульскія службы, якія займаюцца выдачай візаў, каб беларусы маглі часцей падарожнічаць і мець сувязь з Еўропай, і непасрэднае вяртанне саміх паслоў.
Пакуль што не выглядае, што Лукашэнка гэтага хоча.
Магчыма, ён хацеў бы вяртання паслоў, якіх бы сам выбіраў і прызначаў.
Таму менавіта рэжым робіць усё, каб не адбывалася гэтага дыялогу, кантакту з Захадам, у тым ліку і для беларускага грамадства.
Але адказным за гэта чамусьці робяць Захад, які нібыта вінаваты, што не хоча дапамагаць беларусам. І ўсё ж адказнасць ляжыць на рэжыме Лукашэнкі — не трэба перакладаць з хворай галавы на здаровую.
Лукашэнка не гатовы зараз да нейкага дыялогу, нягледзячы на ўсе спробы і замежных дыпламатаў, і міжнародных арганізацый. Мы бачым, як яны б’юцца як аб сценку.
Рэжым не хоча асабліва рызыкаваць перад гэтымі сваімі выбарамі і не хоча раскручваць гайкі. У Лукашэнкі ўяўленне, што, калі ён нават мінімальна спыніць рэпрэсіі, людзі зноў выйдуць на вуліцу. І таму ён не рэагуе на запыты.
Між тым, спробы кантактаў з імі адбываюцца амаль кожны дзень, ёсць некалькі ліній камунікацыі, у тым ліку па дыпламатычных каналах.
Таму гэта таксама міф, што Захад не хоча нам выдаваць візы, ці што іх не выдаюць з-за санкцыяў. Гэта рэжым стварае такія ўмовы, каб гэтых візаў было як можна менш. І ўсё ў вялікай ступені ўпіраецца ў асобу самога Лукашэнкі.
Ён дакладна ведае, што трэба рабіць і што можна зрабіць. Гэта відавочнае спыненне рэпрэсіяў, вызваленне людзей, хаця б тых, хто памірае ў турмах.
На сённяшні дзень не вызвалена нават палова людзей з крытычнага гуманітарнага спісу. А з вялікага гуманітарнага спісу людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, вызвалена толькі траціна.
Калі ты хочаш пасылаць сігналы, нават калі ты там тонеш (адносна стасункаў з Расеяй — С.), то сігналы павінны быць ясныя. Але мы размаўляем з прадстаўнікамі Захаду, і ніхто не разумее, што хоча Лукашэнка.
Ён дзейнічае імпульсіўна і эмацыйна. Магчыма мы пераацэньваем яго рацыянальнасць, — разважае Вячорка.
Читайте еще
Избранное