Янушкевіч: «У эміграцыі няма татальнага дыктату рускага міру, які цісне на ўсё жывое беларускае»
Выдавец — пра адраджэнне дзейнасці ў эміграцыі.
Выдавецтва «Янушкевіч» паспяхова працавала ў Беларусі амаль дзесяць гадоў. Але ў 2022-м яго спачатку пазбавілі офіса, а потым прыйшлі з ператрусам у кнігарню «Кнігаўка», канфіскаваўшы ў выніку 200 кніг. Пасля содняў дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч вымушана з’ехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе змог аднавіць дзейнасць.
Зараз дзверы «Кнігаўкі» адчыненыя ў Варшаве (па адрасе ul. Kłopotowskiego 4), а кнігі можна замаўляць анлайн з дастаўкай па Беларусі, краінах Еўропы, ЗША, Мексіцы і Канадзе. Сам Янушкевіч адзначае, што дзейнасць выдавецтва працягваецца дзякуючы зацікаўленасці беларусаў у беларускіх кнігах, але шмат патэнцыйнай аўдыторыі не ведае яшчэ пра магчымасць набываць кнігі на роднай мове.
«Салідарнасць» паразмаўляла з Андрэем Янушкевічам пра тое, на якіх маркетплэйсах можна замаўляць беларускія кнігі, як выдавецтва прабівалася на амерыканскі Amazon, а таксама ў чым сёння зацікаўленыя беларускія чытачы і што чакае беларускае кнігавыданне.
— Канешне, я ганаруся, што працу выдавецтва ўдалося аднавіць у эміграцыі. Але больш я ганаруся нашымі людзьмі, што яны не забываюцца пра кнігі і чытанне, — кажа Андрэй Янушкевіч. — Кнігі, якія мы выдаем, патрэбны ім.
Тое, што мы знаходзімся на плаву — гэта ўсё дзякуючы вялікай аўдыторыі. Калі б сёння мы мелі магчымасць працаваць таксама на беларускім рынку, думаю, як кампанія мы б падвоіліся, або і патроіліся ў сваіх продажах. Але нават у эміграцыі мы трымаемся і маем стабільную зацікаўленасць ад чытачоў.
«Гандлёвы суб’ект з такім таварам, як беларускія кнігі, увогуле экзотыка»
Цяпер у выдавецтва тры асноўныя анлайн-каналы продажаў: уласная анлайн-кнігарня «Кнігаўка», польскі маркетплэйс Allegro, які працуе з дастаўкай не толькі па гарадах Польшчы, але і на большасць краін Еўропы, а таксама ўсім вядомы Amazon. Каб прысутнічаць на апошнім, трэба было пераадолець пэўныя бар’еры.
— На дадзены момант мы адкрылі пункты продажаў у 12 краінах, дзе прысутнічае Amazon. Гэта дзевяць еўрапейскіх краін і тры паўночнаамерыканскія: ЗША, Канада, Мексіка.
Калі мы хочам быць бліжэйшымі да нашай аўдыторыі, якая жыве ў Заходняй Еўропе ці Паўночнай Амерыцы, то выхад на Amazon — гэта самы аптымальны і рацыянальны шлях.
На пачатку гэтага шляху мы сустрэліся з немалымі цяжкасцямі — сістэма Amazon вельмі складаная. Гандлёвы суб’ект з такім таварам, як беларускія кнігі, увогуле экзотыка. Два ці тры тыдні яны правяралі, што гэта ў нас за бібліяграфічныя нумары, ці яны сапраўдныя, і ўвогуле, з якой мы планеты прыляцелі.
Пераадолець цяжкасці дапамагла перадусім камунікацыя са службай падтрымкі, адзначае выдавец, а таксама тое, што юрыдычна кампанія зарэгістравана ў Польшчы.
— Гэта была праверка кшталту «а ці не выпадковыя мы людзі і ці сур'ёзныя ў нас намеры». Калі прыходзіш на Amazon, трэба разумець, што прыйдзецца доўга і ўпарта працаваць, напачатку нават губляючы грошы.
Мы да гэта гатовыя, але разумеем, што патэнцыял там вельмі вялікі, і мы станем бліжэй да аўдыторыі на Захадзе.
«У цябе быццам расчышчанае поле: бяры, засейвай і працуй»
Да пераезду ў Польшчу, адзначае Андрэй Янушкевіч, асноўная аўдыторыя выдавецтва знаходзілася ў Беларусі. Іншыя рынкі былі, так бы мовіць, прыдаткам. А зараз выдавец канстатуе — «Янушкевіч» працуе на ўвесь свет.
— Я мог бы засяродзіцца на сваёй звычайнай кнігарні ў Варшаве і толькі на дастаўцы па Польшчы, і не думаць пра іншыя краіны. Але і беларусы раскіданыя, і я сам разумею патэнцыял, які хаваецца ў іншых краінах, бо там склаліся беларускія супольнасці.
Яшчэ важны момант, што ў замежжы ёсць усе тэхналагічныя магчымасці для працы: дапамагаюць маркетплэйсы, кур’ерскія службы. Працаваць з іншымі краінамі даволі лёгка, не праблема атрымліваць грошы з розных краін, як і адпраўляць кнігі поштай.
Сёння ў нашых продажах іншыя краіны (акрамя Польшчы) займаюць каля 40%, і гэтая доля расце. Гэта паказчык, які кажа пра тое, што пра нас больш вядома, што ёсць няўлоўны інтарэс нашых людзей па ўсім свеце.
У эміграцыі, адзначае суразмоўнік «Салідарнасці», працы выдавецтва ніхто не перашкаджае.
— Нават спрыяе, гэта па-першае. Па-другое, беларусы, якія хочуць заставацца беларусамі, будуць імкнуцца да ўласнай культуры. Па-трэцяе, тут няма татальнага дыктату рускага міру. Вось гэтага ціску — інфармацыйнага, культурнага, медыйнага, які не дае развівацца беларускаму.
У Польшчы, як бы ты добра не вывучыў польскую мову, яна ўсё-такі застаецца чужой, а руская тут прысутнічае ў мінімальнай ступені. І калі ты ўсведамляеш сябе сапраўдным беларусам, ты будзеш выбіраць беларускае.
Таксама тут у нас няма пастаяннага змагання з расійскім прадуктам, бо ў Беларусі з Расіі ішла татальная рэклама. Тут гэтага фактару няма, што падсвядома вельмі дапамагае — у цябе быццам расчышчанае поле. Бяры, засейвай і працуй. Праблема ў тым, што мы павольна рухаемся і доўга запрагаем коней.
— Ці памянялася ў эміграцыі аўдыторыя выдавецтва? Магчыма, да нейкіх кніг зараз падвышаная зацікаўленасць, а да нейкіх наадварот?
— Па вялікім рахунку, адрозненняў няма, аўдыторыя пераехала з тымі самымі ўпадабаннямі. Але мне падаецца, што тут менш купляюць дзіцячую літаратуру.
Можа, гэта звязана з тым, што дзяцей імкнуцца акліматызаваць у мясцовым асяроддзі, больш робяць акцэнт на вывучэнне мясцовых моў. Не ведаю. Але здаецца, што ў Беларусі дзіцячых кніг куплялі больш.
Аднак я магу адзначыць падвышаны інтарэс да арыгінальнай беларускай літаратуры, асабліва да літаратуры злабадзённай, на актуальныя тэмы, звязаныя з сённяшнім часам, з тымі праблемамі, якія мы перажываем.
Напрыклад, кнігі Альгерда Бахарэвіча заўсёды ў топе продажаў і заўсёды роўна канкурыруюць з замежнымі бестселерамі. А ў Беларусі ў нас на першым месцы былі пераклады, як ні круці.
Зараз, у неспакойныя часы, бачна, што чытач вымагае рэфлексіі, хоча разважаць аб сваім лёсе, аб лёсе краіны, і хоча чуць на гэты конт думкі і меркаванні пісьменнікаў. І я бачу вялікую важнасць у тым, каб пісьменнікі адказвалі ўзаемнасцю на гэтыя грамадскія запыты і аператыўна рэагавалі.
— Вы кажаце, што дзіцячую літаратуру зараз купляюць менш. Але ў вашых планах выданне як мінімум дзіцячай кнігі «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік». Гэта больш пра місію, чым продажы?
— Зразумела, мы не хочам забывацца на дзіцячую літаратуру. Аб’ём продажаў паменшыўся, але дзіцячыя кнігі мы выдаем. Канешне, я ўжо не знаходжуся, так бы мовіць, у тым стане эйфарыі, калі выданне дзіцячай кнігі азначала даволі хуткі поспех.
Зараз я разумею, што трэба быць гатовым да рознага развіцця сітуацыі. У рэшце рэшт, калі сённяшнія дзеці не прачытаюць, то добрыя кнігі застануцца новаму пакаленню.
І гэта не праблема бацькоў, а праблема кантэксту жыццядзейнасці, у якім апынуліся нашы людзі. Бацькі не пакінуць дзіця без кнігі, але зараз ёсць іншыя неабходнасці ў сацыялізацыі ў новым асяроддзі. У Беларусі было прасцей і такіх выклікаў не было. Магчыма, гэта таму, што тут менш людзей, а можа, я проста спяшаюся з высновамі? Так ці інакш, трэба далей працаваць.
«Час для Беларусі — самая вялікая каштоўнасць, якую мы павінны не губляць, а кожную хвіліну думаць, як зрабіць новыя ўкладанні»
Дасяжныя кнігі выдавецтва і для чытачоў з Беларусі — іх адпраўляюць поштай.
— Але яна дарагая і кнігі ідуць даволі працяглы час. Людзі баяцца замаўляць кнігі на беларускай мове, бо гэта могуць палічыць маркерам іншадумства, таксама яны не ўпэўнены, што кнігі да іх дойдуць. Вось гэтыя фактары не дазваляюць працаваць па-сур’ёзнаму.
Добра было б, каб беларускія кнігарні куплялі ў нас кнігі оптам, але гэта негалосна забаронена. Але ёсць безліч выпадкаў, калі беларусы, якія жывуць у краіне, прыязджаюць да нас і закупляюцца кніжкамі — не толькі для сябе, але і для знаёмых.
— Як вы думаеце, што чакае беларускае кнігавыданне, улічваючы кантэкст, у якім мы жывем?
— Беларускае кнігавыданне залежыць ад таго, ці будзе існаваць беларуская нацыя, ці будуць людзі, якія хочуць чытаць на беларускай мове. Я думаю, выдаўцы так ці інакш будуць падладжвацца пад умовы і займацца гэтай справай.
Трэба, канешне, вылучаць маральна-патрыятычны чыннік, што ты маеш пэўны культурны доўг, але трэба і не забываць, што светам усё ж кіруюць эканамічныя чыннікі і кнігі — гэта тавар, які прадаецца за грошы.
Каб яго зрабіць, патрэбны немалыя выдаткі. І калі эканамічна гэта становіцца немэтазгодным, то справа гібее, бо жыць за штосьці трэба.
Нашай дзейнасцю кіруюць як культурныя, так і камерцыйныя фактары. Я гэтага ніколі не хаваў. Мы таму і праіснавалі 10 гадоў.
А калі просім аб дапамозе — гэта не таму, што былі на грані банкруцтва, а таму, што хацелі выдаць новыя кнігі, а нам не ставала рэсурсаў. Калі мы бралі крэдыты, гэта таму, што не хацелі чакаць, пакуль назапасім, а зрабіць зараз, бо час — гэта самае каштоўнае.
Для Беларусі ўвогуле час — гэта самая вялікая каштоўнасць, якую мы павінны не губляць, а кожную хвіліну думаць, як зрабіць новыя ўкладанні. У рэшце рэшт, каб нам было з чым вяртацца на радзіму.
Падтрымліваюць дзейнасць выдавецтва шмат людзей. Гэта можна ўбачыць як мінімум па зборах сродкаў у падтрымку праектаў на платформах Zrzutka і Patreon.
— Думаю, трэба гэтым займацца, бо я бачу, што гэта дадатковы канал для інвестыцый, і шмат хто хацеў бы нам дапамагаць. Калі казаць пра буйныя ўкладанні ў нас, то ёсць дапамога шэрагу інстытуцый і прыватных фундатараў, але гэта, як правіла, грошы, якія потым трэба будзе аддаваць, то бок, мы іх пазычаем.
Але дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць рабіць нешта вялікае і значнае ўжо сёння. І я спадзяюся, што ўсе гэтыя зборы дазволяць нам вальней дыхаць і рэалізоўваць свае планы. А планаў у нас шмат.
— Якія, калі не сакрэт?
— Хочам закончыць выданне трылогіі Джона Толкіна, працягваем працу над «Вядзьмаром» Анджэя Сапкоўскага, таксама будзем выдаваць шэраг кніг беларускіх аўтараў і думаем над далейшым працягам нобелеўскай серыі.
Калі казаць пра анлайн-прасторы, то мы хочам ахапіць краіны, дзе жыве шмат беларусаў. І, напэўна, узмацняць працу на тых платформах, дзе мы ўжо прысутнічаем. Таксама наша задача, каб пра нас даведалася больш людзей.
— А ці будзе працягвацца барацьба за выданне кніг пра Гары Потэра на беларускай мове? І як вы ўвогуле ўспрынялі, што праваўладальнікі забаранілі іх друкаваць?
— Я ўспрыняў гэта са скрухай. У кастрычніку я меў на руках гатовы дагавор, не хапала толькі канчатковага подпісу. Не ведаю, што здарылася. Але неспадзявана ўсё змянілася, і яны вырашылі не супрацоўнічаць з намі, нягледзячы на тое, што з Беларуссю тут сувязь ёсць толькі ў дзвюх рэчах: я, як заснавальнік выдавецтва, маю беларускі пашпарт, і кніга выходзіць на беларускай мове.
Усе іншыя юрыдычныя моманты ніяк не звязаны з Беларуссю. Фірма зарэгістраваная ў Польшчы, тут жа банкаўскі рахунак. Да нас няма ніякіх пытанняў ні з польскага боку, ні з еўрапейскага. І тут такое рашэнне.
Я не ведаю да канца матывацыю, хаця цудоўна разумею, што гэта звязана з тым, што эканамічна мы не прыносім ім вялікіх даходаў, а іміджавыя страты ў выпадку невядома чаго, могуць быць вялікія. Думаю, яны так разважаюць.
У мяне адзінае пытанне: пры чым тут беларуская культура, беларускія чытачы? Думаю, не пры чым, і спадзяюся, што рашэнне будзе зменена — мы працягваем над гэтым працаваць.
Тут патрэбна шырокая тлумачальная работа з прыцягненнем аўтарытэтных меркаванняў. Гэта ненармальная сітуацыя, мы гэтага не заслугоўваем.
— Гэта адзіны такі выпадак ці ўжо тэндэнцыя, калі ёсць цяжкасці з друкаваннем кніг у перакладзе на беларускую мову?
— Былі такія пытанні і па іншых кнігах. Але там удалося канструктыўна разабрацца па ўсіх пытаннях…
Але вось іміджавы шлейф Беларусі як краіны-суагрэсара вельмі псуе імідж усім беларусам. Не хапае нашых сіл, рэсурсаў, уплыву, каб нам паверылі, што мы — па іншы бок.
Вось гэта праблема — наш голас такі ціхі, што нас проста не чутно. Трэба яго ўзмацняць.
Партнёрскі матэрыял
Читайте еще
Избранное