Яўген Бароўскі: «Я важу 55 кг. Чым я мог напужаць амапаўцаў?»
Былы палітзняволены распавёў «Салідарнасці», як патрапіў за краты на чатыры гады «за пагрозу прымянення гвалту» ў дачыненні да сілавікоў у 2020-м.
У кастрычніку 2020-га Яўген Бароўскі хацеў абараніць пратэстоўца. Справа скончылася для яго прысудам — чатыры гады за кратамі. У вялікай гутарцы хлопец расказаў «Салідарнасці» пра малавядомыя, але частыя разводы палітвязняў, два тыдні ў ШІЗА з гаймарытам і кумаўство ў турме, а таксама пра тое, ці знайшоў пазней таго самага пратэстоўца.
BYSOL абвясціў збор, каб дапамагчы Яўгену ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць, калі для вас гэта бяспечна, можна тут.
«Павярнуў галаву на 45 градусаў — і тут мне прылятае ўдар»
Яўген Бароўскі трапіў за краты ў кастрычніку 2020-га. Тады 30-гадовы мінчук працаваў на сябе — арандаваў гараж, дзе фарбаваў машыны, а па выходных імкнуўся не прапускаць пратэстныя маршы.
11 кастрычніка, пасля аднаго з маршаў, хлопец вяртаўся дахаты і праходзіў міма ўваходу ў метро — станцыя «Кальварыйская». Пад’ехалі аўтазакі, і людзі разбегліся, Яўген з сябрам пабеглі ў бок «Пушкінскай». Недалёка ад метро пабачыў, як чатыры амапаўцы спрабуюць загрузіць у свой транспарт нейкага пратэстоўца, які да гэтага перабягаў праз дарогу і, выглядае, сказаў нешта крыўднае ў іх бок.
Кіроўца амапаўцаў выйшаў, каб дапамагчы ім з пратэстоўцам, і тады іншы пратэстовец ударыў яго па твары. Кіроўца скокнуў за руль, і сілавікі з’ехалі, а таго пратэстоўца пакінулі на волі. Яўген кажа, што хацеў дапамагчы і абараніць таго мужчыну, але людзей было так шмат, што ён не здолеў трапіць у цэнтр падзей.
Праз чатыры дні затрымалі самога Яўгена:
— А пятай вечара я выходзіў з крамы, быў з сябрам. Я выйшаў на вуліцу і пачуў, як да мяне бяжыць мо пяць чалавек. Павярнуў галаву на 45 градусаў, і тут мне прылятае ўдар. Падаю і чую, як крычаць — маўляў, вы затрыманыя. Мой таварыш стаіць каля мяне і нічога не разумее.
Потым сябра пайшоў да маёй на той час дзяўчыны, яна спыталася, дзе я. Таварыш хвіліну стаяў і нічога не мог сказаць, потым паглядзеў на яе і сказаў: «Яго затрымалі».
Адразу пасля затрымання, успамінае Яўген, яму так адбілі ногі, што сляды збіцця праходзілі яшчэ тыдзень. Канчатковае абвінавачванне ў бок хлопца — «народны» 342 артыкул за сам факт пратэстаў і артыкул 364, то бок пагроза гвалту ў дачыненнi да супрацоўнікаў МУС:
— Інкрымінавалі, што я прымаў баявыя стойкі, пагражаў і запужваў, здзяйсняў агрэсіўныя выпады і праз усё гэта прынёс ім маральныя пакуты. Калі б ведаў, што так будзе, хаця б нешта ў іх кінуў, было б не так крыўдна. А то паглядзіце на мяне, я важу 55 кг. І чым я мог іх напужаць?
У выніку Яўгена прысудзілі да чатырох гадоў за кратамі. Незадоўга да этапу ў калонію ён распісаўся са сваёй дзяўчынай: хлопец — сірата, і таму рэгістрацыя шлюбу дазволіла б ягонай каханай нашмат больш дапамагаць за кратамі і часам бачыцца з Яўгенам. У хлопца ёсць браты, але цесных зносінаў яны не маюць, і Яўген адзначае, што не атрымаў ад аднаго з братоў падчас зняволення той дапамогі, якую чакаў.
Пакуль Яўген знаходзіўся ў СІЗА, у яго памёр бацька. Хлопец рос у школе-інтэрнаце і таму тлумачыць сваё стаўленне да бацькі так — маўляў, той яму практычна нічога ў жыцці не даў.
«Гутарым з жонкай па тэлефоне — усё класна, а праз пяць дзён прыходзіць папера пра развод»
Яўген адбываў тэрмін у калоніі №15, што ў Магілёве. Праз некалькі месяцаў пасля прыезду ў калонію, у студзені 2022-га, ён сур’ёзна захварэў — выглядае, што гаворка была пра гаймарыт:
— Пачала балець галава, лоб. Думаў, само пройдзе, хадзіў далей на прамзону. Праз тры-чатыры дні памераў тэмпературу — было 38 градусаў. На наступны дзень пайшоў на «промку», да абеда пратрымаўся, потым адпрасіўся ў медчастку.
Прыйшоў туды, прачакаў паўгадзіны. Апісваю доктарцы свае сімптомы, яна кажа — не здолею цябе прыняць, калі ў цябе няма тэмпературы, бо ты ж не запісаўся загадзя. Намералі 37,8, і яна паклікала мужчыну, які робіць рэнтген, кажа яму, што трэба мне зрабіць здымак. А ён стаіць і кажа: «Феафанаўна, мо заўтра? Ужо дзве гадзіны, такая лянота яго запускаць, вы проста не ўяўляеце». У выніку мне і не зрабілі той здымак, бо чалавеку лянота была запускаць апарат, хаця ў яго працоўны дзень да чатырох. Выпісалі мне таблеткі і далі бальнічны.
На наступны дзень хлопца адправілі ў ШІЗА, нягледзячы на папярэднія прызначэнні. Нагодай стала тое, што на ложку ў яго пабачылі пачак рулетаў, які ён перад гэтым узяў з пакою асабістых рэчаў, а таксама тое, што гэты пакой ён назваў жаргонным словам «кяшарка».
Перад ШІЗА Яўгена прывялі на медагляд, каб там выдалі дазвол на пакаранне, і тэмпературу перамервалі, пакуль тэрмометр не паказаў 36,9 — столькі, каб хворага хлопца можна было адправіць у ШІЗА. Там ён правёў 14 дзён.
Да турмы такой хваробы з ім не было:
— Я вызваліўся ў ліпені, і яшчэ калі быў у Беларусі, зноў гэтая сітуацыя абвастрылася. Цяпер я эвакуяваўся ў Польшчу і на ўсякі выпадак набыў сабе антыбіётыкі. Цяпер гэта ў мяне хранічнае, маленькі скразнячок — усё абвастраецца.
Гэтая хвароба ёсць у большасці вязняў, і шмат у каго ёсць таблеткі. Калі наступны раз у мяне былі такія праблемы, прайшоўся па атрадзе і папрасіў у хлопцаў лекі. У медчастку больш стараўся не звяртацца.
За кратамі Яўген яшчэ і перажыў развод. Расказвае, што здолеў адысці ад навіны толькі праз некалькi тыдняў:
— Для мяне гэта было нонсэнсам. Гутарым з ёй падчас званка — усё класна, а праз пяць дзён прыходзіць папера пра развод, маўляў, «прашу скасаваць шлюб у сувязі з дрэнным узаемаразуменнем». Адразу падумаў: можа, гэта прыкол, як такое можа быць?
Аказалася, што не прыкол. Мне далі пазваніць ёй, яна расказала, што стамілася і ёй цяжка. Было трохі непрыемна, але гэта яе выбар, і я яе разумею, яна таксама са мной хапнула гора. У яе потым нарадзілася дзіця, яна гэтага хацела.
Думаў, палітвязняў чакаюць, але насамрэч разводы ў іх бываюць вельмі часта. Сустракаў шматдзетнага бацьку-палітвязня, у якога быў год тэрміну, і з ім разышлася жонка, гэта ўвогуле сумная гісторыя. Так разумею, жонкі мо і хацелі б чакаць, але на іх ціснуць на волі. Можна ўсё зразумець, але… Карацей, пакутуюць усе.
У калоніі ставіліся да палітвязняў нашмат горш, чым да сапраўдных крымінальнікаў
На думку Яўгена, людзі на волі не разумеюць, што ў беларускай турме вельмі шмат кумаўства, асабліва ў тых, у каго вялікія тэрміны. Калі асудзілі нейкага бізнэсмена ці дырэктара, у ПК-15 ён плаціць грошы ў фонд атрада і можа не хадзіць на прамзону, напрыклад, або пры першай магчымасці яго могуць адпусціць на хімію.
Начальнік магілёўскай калоніі Аляксей Лазарэнка вядомы тым, што асабіста збіваў вязняў. Яўген расказвае, як аказаўся ледзь не сведкам такой сітуацыі. Хлопца накіравалі ў ШІЗА і, пакуль ён чакаў сваёй чаргі на пакаранне, пабачыў Лазарэнку.:
— Ішоў начальнік, гляджу, у яго кашуля расшпіленая, і з ім яго каманда, усякія намеснікі, а сам ён нейкі ўвесь ускудлачаны і эмацыйны. Прыйшлі яны, прызначылі мне ШІЗА і закінулі ў камеру да аднаго хлопца. Заходжу, а ён сядзіць ля батарэі і амаль што плача, губа ў яго пабітая.
Я пачынаю думаць: яны ішлі з гэтага боку, былі нейкія эмацыйныя і ўскудлачаныя. Спытаўся ў хлопца, ці яго білі, кажа: так. А яны даведаліся, што мяне закінулі ў гэтую камеру, і хутка прыбег да нас супрацоўнік, перавёў у іншую камеру.
На думку Яўгена, супрацоўнікі калоніі асцярожнічалі з палітвязнямі, бо хлопец не чуў пра збіццё палітычных зняволеных — праўда, пра такое расказвалі іншыя. І ўсё ж, кажа Бароўскі, для супрацоўнікаў важна, якія могуць быць наступствы, бо ў выпадку з палітвязнямі гісторыя са збіццём выйшла б за межы калоніі. Таму хутчэй нападуць на тых, хто нікому не паскардзіцца.
Яўгена таксама абурала тое, што ў калоніі ставіліся да палітвязняў нашмат горш, чым да сапраўдных крымінальнікаў:
— Гэта ўсё так мярзотна. Да прыкладу, ідзеш ты і каля цябе — звычайны вязень. У яго можа быць адзенне расшпіленае і яму нічога не скажуць, а ў цябе адзін гузік расшпілены — усё, рапарт. Як гэта зразумець? Хаця ён забіў жанчыну, падзяліў яе на часткі і расклаў па трохлітровых слоіках.
Там людзей з нізкім статусам лічаць лепшымі за цябе, палітычнага. Мужык, які згвалціў маленькую дзяўчынку, там не працуе, проста цэлы дзень сядзіць і чытае кнігу.
«Хочацца, каб усе выйшлі, але, напэўна, пакуль гэта немагчыма»
Яўген успамінае, што ў ноч перад вызваленнем некалькі гадзін не мог заснуць. А калі яго вывялі на волю, то, хаця і адчуваў радасць, перажываў трывогу: глядзеў на шлагбаўм удалечыні і хваляваўся, каб каля яго не было ніякіх бусаў з сілавікамі. Успамінае, што да ад’езду з Беларусі любыя бусы наводзілі на яго паніку.
У лістападзе 2024-га Яўген даведаўся, што ім зноў зацікавіліся сілавікі, і вырашыў з’ехаць у Польшчу. Цяпер хлопец падаўся на міжнародную абарону і чакае рашэння польскіх уладаў.
Пра пратэстоўца, якога жадаў абараніць тады на маршы, Яўген дагэтуль нічога не ведае, хаця і ўспамінаў пра яго:
— Я ж яго бачыў толькі са спіны. Болей скажу — даведаўся, што яго не затрымалі, толькі на судзе, бо не запомніў тую частку падзей.
Шмат людзей застаецца за кратамі, ёсць тыя, у каго вялікія тэрміны, як у хлопцаў з «Рабочага руху», і гэта сапраўды страшна. Як кажуць на зоне, да пяці гадоў — гэта не тэрмін, вось пасля пяці ты пачынаеш адчуваць гэты час. Зразумела, хочацца, каб усе выйшлі, але, напэўна, пакуль гэта немагчыма.
Читайте еще
Избранное