Скандалы

БХД: Адзін з лідараў партыі Яўген Дудкін прызнаўся, што з'яўляецца даўнім агентам КДБ (абноўлена)

Яўген Дудкін — 36-гадовы палітычны дзеяч у эміграцыі, беларускамоўны ўсмешлівы хрысціянскі дэмакрат у стылёвым капелюшы. З Беларусі ён, настаўнік па адукацыі і рэгіянальны актывіст па жыцці, з’ехаў яшчэ ў 2018-м, асеў у Польшчы як эканамічны мігрант, піша Наша Ніва.

Яўген Дудкін. Фота: яго фэйсбук

Пасля 2020-га, так атрымалася, дзясяткі ці нават сотні тысяч палітычных мігрантаў рушылі з Беларусі на Захад. Палітычнае жыццё завіравала ў Варшаве, і Дудкін пакрысе зноў уцягнуўся ў працэс. Цяпер ён ужо не рознарабочы і не кіроўца пагрузчыка, а кіраўнік фонда «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (Białoruska Chrześcijańska Demokracja).

Аднак можа так стацца, што ў палітычнай кар’еры Дудкіна гучыць апошні акорд. Як стала вядома «Нашай Ніве», польскія сілавыя ведамствы знайшлі доказы таго, што Дудкін — завербаваны агент беларускіх спецслужб.

Беларускіх актывістаў выклікаюць на допыты, спрабуюць разабрацца, ці ведаў хтосьці пра агенцкую дзейнасць Дудкіна.

Пакуль апытвалі сяброў БХД, арганізацыя выпусціла заяву:

«Барацьба з рэжымам вымушае беларускія партыі і арганізацыі быць пільнымі і ачышчацца ад ворагаў, засланых у розныя гады. Па шматлікіх скаргах сяброў БХД — Białoruska Chrześcijańska Demokracja fundacja на дзеянні старшыні фундацыі была праведзена праверка, падчас якой выявілася спроба рэйдарскага захопу арганізацыі Яўгенам Дудкіным.

Далейшыя разбіральніцтвы па дэструктыўнай дзейнасці ў партыі БХД гэтай асобай выявілі, што Яўген Дудкін даўно з'яўляецца таемным супрацоўнікам КДБ. Пра што ён сам пацвердзіў на пасяджэнні Управы партыі БХД 30 студзеня 2025 года ў прысутнасці сяброў партыі».

Крыніцы «НН» адзначаюць, што Дудкін нібыта прызнаўся, што быў завербаваны яшчэ падчас вучобы ў Магілёўскім універсітэце ў канцы 2000-х ці пачатку 2010-х.

Сам Дудкін не адказаў на паведамленні і званкі карэспандэнта «НН». Апошнія дні палітык піша ў фэйсбуку метафарычныя допісы на тэму віны і здрады:

«У кожнага палітыка-хрысціяніна ёсць адзін важны этап у жыцці як у Езуса: здрада за грошы — укрыжаванне паплечнікамі — палітычная смерць. І тут для верных Богу існуе палітычнае ўваскрасенне. Але ўмова — чыстае сумленне».

«Як лёгка сказаць, што «я апошні грэшнік» ці абвінаваціць і як цяжка назваць па імені свой грэх. … Хаця і апостал Павел не адразу атрымаў давер ад апосталаў: не верылі, што ён змяніў сваё жыццё, і з забойцы хрысціян стаўся іх абаронцам. Час паказаў. Час».

***

Пасля 2020 года Беларуская хрысціянская дэмакратыя падзялілася на дзве частку — адну з іх узначаліў Георгій Дзмітрук (тут у кіраўніцтве быў і Яўген Дудкін), сярод лідараў другой Віталь Рымашэўскі.

Партыя Дзмітрука і Дудкіна ўступіла ў кааліцыю з актывістамі колішняй «Народнай Грамады», якую цяпер узначальвае Яўген Вільскі. На выбарах у Каардынацыйную раду іх кааліцыя заняла перадапошняе месца. Цяпер яны аб'ядналіся з тымі, хто стаў увогуле апошнім, і ўтварылі блок «Мемарандум», які аспрэчвае лідарства Святланы Ціханоўскай.

Дудкін: «Ідзе мэтанакіраваная кампанія супраць маёй асобы»

Яўген Дудкін у фэйсбуку пракаментаваў інфармацыю, апублікаваную ў НН. Ён напісаў, што пра «мэтанакіраваную кампанію супраць маёй асобы як вынік праверкі тых людзей, хто вакол мяне».

У каментарах да гэтага допіса яго запыталі, ці насамрэч ён прызнаваўся ў сваёй супрацы з КДБ перад паплечнікамі. На што ён адказаў: «Гэта была праверка сябры партыі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(9)