Общество

BYSOL: «Калі можаце не ехаць у Беларусь — не едзьце»

На гарачую лінію BYSOL пачалі часцей паступаць запыты ад беларусаў адносна бяспекі паездкі на радзіму.

Паездкі ў Беларусь застаюцца небяспечнымі — нават нягледзячы на тое, колькі часу мінула ад 2020 года, рэпрэсіі працягваюцца ў поўным аб'ёме. Мы прапануем наступныя крокі:

  • Узважце сваю сітуацыю. Калі можаце не ехаць у Беларусь — не едзьце.
  • У выпадку, калі не паехаць нельга, ацаніце рызыкі. Старыя фота, лайкі, падпіскі, каментары ў сацсетках і данаты абавязкова будуць падставай для затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Нават калі сацсеткі раней былі пачышчаныя, гэта не дае аніякіх гарантый: сілавікі маюць вялізную базу скрыноў.
  • Спраўдзіце асабістыя перапіскі. Нават непублічная перасылка матэрыялаў, якія рэжым лічыць экстрэмісцкімі, вельмі небяспечная, а спіс такіх матэрыялаў папаўняецца ўвесь час.
  • Праверце тэхніку, выдаліце адчувальны кантэнт, праверце воблачныя сховішчы, архівы і сметню мабільнага тэлефона. Праверце, каб не было магчымасці аднавіць акаўнты з беларускага нумару.
  • Праверце свой статус: калі былі пратаколы, суткі, допыты ці штрафы, рызыка затрымання вельмі высокая.
  • Будзьце пільныя на мяжы. Праверка прылад — распаўсюджаная практыка. Нават калі мяжу атрымалася прайсці добра, гэта не гарантуе бяспекі падчас паездкі.
  • Не варта ехаць, калі ёсць нават дробныя сумневы. Кароткі візіт можа скончыцца затрыманнем, калі родным давядзецца шукаць грошы на перадачы. Пад рэпрэсіі трапляюць нават тыя, хто не лічыў сябе актыўным у 2020 годзе.

Варта памятаць, што ёсць сітуацыі, калі людзі былі ўпэўненыя ў бяспецы паездкі, але трапілі пад пераслед. Беражыце сябе. Бяспека важней за ўсё. І яшчэ раз: калі можаце не ехаць у Беларусь — не едзьце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)