Общество

«Чарадзей беларускага слова». 90 гадоў з дня нараджэння Рыгора Барадуліна

Уладзімір Някляеў піша з нагоды юбілею народнага паэта.

— Дзень з'яўлення ў Божым свеце Рыгора Барадуліна.

90 гадоў.

Глухому не раскажаш, як пяе салоўка, сляпому не пакажаш, як узыходзіць над салаўіным спевам сонца. А духоўна глухому, духоўна сляпому ды яшчэ й бязмоўнаму не давядзеш, што Рыгор Барадулін — гэткі самы цуд, як салаўіны спеў і ўзыход сонца...

На ўзыходзе сонца мы стаялі на ўзлеску пад Каралішчавічымі і глядзелі на мураша, які бегаў па пні ўчора спілаванай сасны. Ён бег і бег кругамі па колцах дрэва, пашыраючы кругі ад стрыжня да абалоні, не падбіраючы нічога ні для сябе, ні для мурашніка — і немагчыма было вызначыць мэту гэтага бегу.

«Гады лічыць», — сказаў Барадулін.

Для яго было зусім натуральна, што мураш, бегаючы па колцах на пні спілаванага дрэва, лічыць гады, якія яно пражыло. Бо сапраўдны паэт — гэта цэласнае ўяўленне свету. Непадзельнае ў вялікім і малым, чалавечым і мурашовым — у жыцці і смерці.

«Смерці няма», — сказаў ён напрыканцы жыцця. 

Калі на Бутаўскіх кладах у Вушачах хавалі ягоную маці, ён, тады яшчэ малады, адышоў ад магілы і стаў кідаць у неба сасновыя шышкі. Немагчыма было вызначыць мэту гэтага дзеяння — як бег мураша па крузе. Але на небе быў Бог. А ў зямлю хавалі маці.

Пасля ён напіша, што маці — суперніца смерці. І выдыхне вершы з выяўленнем такой любові да жанчыны, якая падаравала яму жыццё, такога жалю праз яе страту, якіх ніхто ў паэзіі да яго не выяўляў.

У фізічных высілках чалавек здольны не на шмат большае, чым мураш. Калі нават нешта закіне ў неба. А ў высілках духоўных ён можа наблізіцца да Бога.

«Паэт будуе сам сябе, як храм…» — сказана Барадуліным не ў маладосці — на схіле веку. Калі ўжо з’явілася адчуванне, што ён «адзін, як час».

Да зоркі лёсу
Пазычаным ценем
Прывязаны,
Я пасуся тут…

Хвароба, якая ў апошнія гады бязлітасна яго згрызала, адбірала рухі, адбірала рукі — не закранула дух, розум, талент. Бог не даў. Абараніў свайго абранца. І да апошняга радка, да апошняга свайго выдыху Рыгор Барадулін — светлы, ясны, высокі, пранізлівы. Паэт неверагоднай сілы і красы. Найпершы паэт крывіцкай мовы, чарадзей беларускага слова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(13)