Общество

Ціханоўская: «Дачка спытала: навошта пісаць лісты, калі тата не адказвае?»

Лідарка дэмсіл у інтэрв’ю Маланка Медыя — пра асабісты боль апошніх пяці гадоў: пра ізаляцыю мужа, слёзы дачкі і дзе бярэ энергію, калі здаецца, што ўсё вакол развальваецца.

Як дзеці перажываюць адсутнасць бацькі

— Што тычыцца дзяцей, то мой старэйшы сын абмінае тэму бацькі — яму занадта балюча. Тата для яго заўсёды быў прыкладам. Ён нават адмаўляецца пісаць лісты, таму што для яго гэта занадта балюча.

Дачка рэагуе па-іншаму — праз слёзы. Адзін раз яна хацела хутка напісаць ліст  і адправіць. Я папрасіла яе нешта намаляваць. Яна пытае, навошта — я тлумачу ёй: тата не бачыць сонца, неба, зеляніны. Таму прашу намаляваць нешта яркае, каб хоць праз ліст ён змог убачыць колеры.

Гэта цяжка, але дзеці павінны разумець, які подзвіг здзяйсняюць іх бацькі і дзеля чаго гэта.

Пра балючае пытанне ад дачкі

— Мая дачка стабільна лістуе, але перад Новым годам сказала: «Навошта пісаць, калі тата ўсё адно не адказвае?» Давялося тлумачыць ёй, у якіх умовах ён знаходзіцца. Гэта зноў слёзы, ізноў боль, і так кожны месяц.

Як муж нават з-за кратаў дае сілы

— Калі ты адчуваеш пастаянны боль, ты з ім проста жывеш. Ты да яго не прызвычайваешся, ён проста ў табе сядзіць. Я намагаюся ператвараць гэты боль у энергію.

Калі апускаюцца рукі, калі здаецца, што ўсё развальваецца, я гляджу на партрэт Сяргея і кажу сабе: «Не маеш права. Устала, пайшла, працуй».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)