Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Пуцін не віншаваў Аліева з перамогай у Карабаху, а Лукашэнка рассыпаўся ў хваласпевах»

Чым афіцыйны Мінск можа адказаць на дэмарш Пашыняна.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, выступаючы ў парламенце сваёй краіны, што больш не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка.

Больш за тое, паводле яго слоў, у Мінск з гэтага часу не будзе адпраўлены «ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі».

Напярэдадні стала вядома аб магчымым выхадзе Арменіі з АДКБ. А перад гэтым Пашынян абвінаваціў дзве краіны АДКБ у падрыхтоўцы вайны ў Карабаху — многія аналітыкі палічылі, што гаворка ідзе пра Расію і Беларусь.

Юрый Дракахруст

Филин абмеркаваў прычыны і магчымыя наступствы заяваў армянскага прэм’ера з палітычыным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

Дэмарш Пашыняна даўно чакаўся. І вось гэтыя словы прагучалі, але мы не пачулі прозвішча Пуцін. Пра Лукашэнку пачулі, пра адмову візітаў у Мінск пачулі, а пра Маскву нічога. Магчыма, гэта наіўнае пытанне, але чаму так?

— Думаю, тут можна назваць дзве відавочныя прычыны. Прычына першая і найбольш важная — гэта, зразумела, вага Расіі ў армянскай палітыцы. Арменія можа выходзіць з АДКБ, можа не выходзіць, але роля Расіі для яе нулявой не будзе прынамсі ў агляднай перспектыве.

Ёсць і эканамічныя сувязі, і ваенныя. Ёсць гістарычныя сантыменты. Ёсць, я думаю, у армянскім грамадстве і спадзеў на тое, што калі будзе зусім кепска, то Расія, сыходзячы са сваіх праваслаўных сантыментаў, можа іх выратаваць.

Так, падаецца, што ўжо зараз усё кепска, але можа быць і куды горш. І гэтым усім абумоўлена тое, што наўпрост пра Расію і Пуціна Пашынян не гаварыў.

А што тычыцца Лукашэнкі, то сувязі з Беларуссю даволі вузкія і абмежаваныя. Таму можна гэтым накірункам ахвяраваць і сказаць усё, што ён думае пра Беларусь і Лукашэнку. Што ён і зрабіў.

Другі момант — гэта рыторыка. Так, Масква і пальцам не паварушыла, каб прадухіліць тое вырашэнне карабахскага канфлікта, якое мы назіралі.

Мы памятаем пагадненне паміж Пуціным, Аліевым і Пашынянам, якое прадугледжвала захаванне Карабахскай рэспублікі. Гэтае пагадненне расійскія міратворцы адстойваць не сталі. Але пры гэтым Крэмль не віншаваў Аліева з перамогай у Карабаху.

А Лукашэнка віншаваў. Ён прыехаў у Баку і рассыпаўся ў хваласпевах на адрас слаўнай перамогі азербайджанскага народа. Рыторыка і жэсты маюць значэнне. Расія, я паўтаруся, такіх жэстаў не рабіла. 

І таму гэтыя два фактары і абумовілі тое, што рэакцыя Пашыняна на адрас Беларусі была больш рэзкай, выразнай і жорсткай, чым у бок Масквы.

Хоць мы памятаем, што пэўны час таму ён казаў пра дзве краіны АДКБ, якія фактычна падтрымалі Азербайджан. Усім было зразумела — хто. Зараз адна з тых краінаў названая па імені — менавіта Беларусь.

Як гэта адаб’ецца на Лукашэнку? У вачах ягоных падначаленых, калегаў па пулу кіраўнікоў, вымушаных ездзіць да Пуціна?

— Па вялікім рахунку ніяк. У тым сэнсе, што менавіта Арменія ніколі не была ключавой краінай нават на ўзроўні АДКБ і СНД. Ключавой для Беларусі.

Акрамя таго, вы слушна згадалі пул постсавецкіх кіраўнікоў. Але гэты пул пераважна складаецца ў аўтарытарыяў. Такі Пуцін, такі Лукашэнка, такі Рахмон і такі, у прынцыпе, Такаеў.

А Пашынян ад пачатку свайго прыходу да ўлады з гэтага шэрагу крыху выбіваўся. Ён усё ж, прыгадаем, быў лідарам рэвалюцыі. Ён прыйшоў да ўлады на рэвалюцыйнай хвалі. І таму стаўленне да яго, скажам так, было даволі стрыманае.

Таму ў дадзеным выпадку нейкай велізарнай рэпутацыйнай страты, мне здаецца, тут для Лукашэнкі няма. І ў гэтым сэнсе фактычны курс на супрацу з Азербайджанам быў узяты даўно. 

Мы памятаем гісторыю, за якую Лукашэнка потым дзякаваў Аліеву. У пачатку нулявых яму трэба было разлічыцца з расійскім «Газпромам», штосьці каля двухстот мільёнаў даляраў. І азербайджанскі прэзідэнт даў яму гэтыя грошы.

А потым былі пастаўкі «Паланэзаў» у Азербайджан, якія, як кажуць, удзельнічалі ў ваенных аперацыях азербайджанскіх войскаў у Карабаху.

У гэтым сэнсе палітыка Мінска была паслядоўнай. І калі паўстала пытанне выбару паміж Ерэванам і Баку, Мінск выбраў апошні, не зважаючы на магчымыя выдаткі па лініі ўзаемаадносінаў з Арменіяй.

Так, у свой час былі візіты Лукашэнкі ў Арменію. Але выглядае, яны былі не надта важнымі. Калі браць эканамічныя адносіны, то таваразварот з Арменіяй быў значна меншы, чым з Азербайджанам.

Зразумела, што армянская эканоміка больш сціплая, і сама краіна меньшая. Але, наколькі я памятаю, суадносіны былі непрапарцыйныя нават памерам іхніх эканомік. Таваразварот з Ерэванам быў значна меншы.

А што тычыцца Расіі, то тут можна казаць пра пэўны рэпутацыйны ўдар. Фактычна, гэта азначае, што постсавецкая інтэграцыя ідзе назад. Вось яшчэ адна краіна выпадае з гэтых інтэграцыйных саюзаў. Прынамсі, з АДКБ.

Гэта, зразумела, кепскі сімвалічны знак. Думаю, важным тэстам зараз будзе лёс расійскай ваеннай базы ў Гюмры. Гэта немалая база, і цяпер паўстае пытанне: ці застанецца яна ў Арменіі?

Тут можна параўнаць з Беларуссю, дзе сталая ваенная прыстунасць расійскіх вайскоўцаў на ваенных аб’ектах РФ у Вілейцы і Ганцавічах складае некалькі сотняў чалавек.

Так, расійскія ваенныя прыходзяць у Беларусь, потым сыходзяць. І зараз іх тут, здаецца, не так і шмат.

А ў Гюмры месціцца салідная база. І яна там знаходзіцца на сталай аснове. Менавіта яе лёс будзе вызначаць ступень сур’ёзнасці гэтых заяваў: ці сапраўды Арменія выходзіць з ваеннага саюза — у першую чаргу з Расіяй.

— Якой можа быць рэакцыя афіцыйнага Мінска на заяву Пашыняна?

— Яна ўжо ёсць на неафіцыйным узроўні. Я пачытаў і Дзерманта, і Шпакоўскага. Шпакоўскі не проста палітолаг ці блогер, ён і дэпутат, і, самае галоўнае, — дарадца-пасланнік беларускай амбасады у Маскве. Гэта афіцыйная пасада, ён прадстаўляе дзяржаву.

Іх рэакцыя вельмі агрэсіўная — гэта абвінавачванні і знявагі на адрас Пашыняна. Што тут цікава: розныя забурэнні ў розных краінах, тыя ж каляровыя рэвалюцыі, гэтымі людзьмі, як правіла, тлумачацца рукой Вашынгтона. Як гэта было ў сувязі з нядаўнымі падзеямі ў Грузіі.

А вось цяперашнія хваляванні ў Ерэване для іх такімі не выглядаюць. Маўляў, усё нармальна, гэта народ абураецца. Дзеянні тыя ж самыя, але трактуюцца яны па-рознаму.

Што тычыцца афіцыйнага Мінска, то я думаю, з яго боку будзе досыць халодная рэакцыя. І яна, мне здаецца, ужо ёсць. Маўляў, мы выказваем шкадаванне, мы любім армянскі народ, мы яго падтрымліваем. І спадзяемся, што адносіны будуць адноўленыя.

Штосьці такое можа прагучаць. Што, уласна кажучы, і гаворыцца ўжо цяпер у паўафіцыйных каментарах, у якіх абазначаецца гэтая лінія, толькі ў больш агрэсіўнай форме.

Бо што тут, зрэшты, можна зрабіць? Загнаць сілай Арменію назад у АДКБ? Такіх магчымасцяў у Лукашэнкі няма. Калі нейкі ціск і будзе аказвацца, то тут будзе вырашаць Расія, у якой ёсць і эканамічныя, і нават ваенныя інструменты. Я ўжо казаў пра базу ў Гюмры.

А ў астатнім Беларусь тут ніякі не гулец. Яна на дзеянні армянскага кіраўніцтва ніяк паўплываць не можа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(11)