Эўразьвяз забараніў закупкі мэблі зь Беларусі
Згодна з новым пакетам санкцыяў, прынятым у чэрвені, Эўразьвяз больш ня будзе закупляць мэблю ў Беларусі, заўважыла некамэрцыйная арганізацыя Earthsight, якая праводзіць расьсьледаваньні для выяўленьня экалягічных і сацыяльных злачынстваў.
Паводле Earthsight, пад санкцыі ЭЗ патрапіла фактычна ўся мэбля, акрамя мэдыцынскай, піша Радыё Свабода.
Паводле інфармацыі арганізацыі, толькі за год (з красавіка 2023 па красавік 2024 году) ЭЗ закупіў беларускай драўлянай мэблі на суму больш за 112 мільёнаў эўра, а з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — агулам на суму больш за чвэрць мільярда эўра. У апошнія месяцы асноўнымі пунктамі ўвозу гэтай прадукцыі былі Нямеччына і Польшча, за імі ідуць Літва і Румынія, адзначае Earthsight.
Згодна з рэзалюцыяй ЭЗ, для кантрактаў, заключаных да 1 ліпеня 2024 году, забарона ня будзе прымяняцца да 2 кастрычніка 2024 году.
Як адзначае Earthsight, беларуская мэбля, якую набываў ЭЗ, сярод іншага, вядомая сваёй сувязьзю з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі: акрамя прадпрыемстваў, яе таксама вырабляюць у беларускіх турмах, у тым ліку палітвязьні, з прымяненьнем катаваньняў, а дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы закупляюць прадукцыю з гэтых турмаў.
Раней сёлета Earthsight далучылася да беларускіх праваабарончых групаў і вядучых дзеячаў апазыцыі, запатрабаваўшы ад міжнароднага лідэра сэртыфікацыі ў сфэры лясной гаспадаркі FSC, чые знакі якасьці стаяць на мэблі, вырабленай у турмах Беларусі, з прымяненьнем катаваньняў, атрымаў патрабаваньне расьсьледаваць абставіны выдачы сэртыфікатаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное