«Галоўнай мэтай наменклатуры была ня гэтулькі сама Канстытуцыя, колькі ўвядзенне пасады «моцнага» прэзідэнта»
15 сакавіка 1994 года беларусы займелі ўласную Канстытуцыю. Падзея, якая мусіла стаць сапраўдным святам для маладой незалежнай краіны, у рэчаіснасці стала знакам бяды. Прыгадваем тыя дні з дапамогай архіваў тагачаснай прэсы.
Першы сакавіцкі нумар газеты «Свабода», на перадавіцы было апублікавана фота з Вярхоўнага Савета, у якім дэпутаты прымалі Канстытуцыю. На ім старшыню падліковай камісіі Віктара Ганчара віншаваў Мечыслаў Грыб.

Першы быў прадстаўніком групы дэпутатаў, якіх называлі «маладымі ваўкамі». Ганчар і ягоныя паплечнікі актыўна выступаў за ўвядзенне ў праект Асноўнага закона пасады прэзідэнта.
Генерал Грыб змяніў на пасадзе спікера парламента Станіслава Шушкевіча, якога адправілі ў адстаўку пасля карупцыйнага скандала. Таго самага скандала, да якога прыклаў руку малады дэпутат са Шклова Аляксандр Лукашэнка.

Парламенцкая апазіцыя, дэпутаты Незалежнасці актыўна выступалі супраць увядзення пасады прэзідэнта. Яны папярэджвалі пра пагрозу рэваншу антыбеларускіх сілаў, пра непазбежнасць усталявання дыктатуры ў краіне. Але ўсё было марна.
Зрэшты, ініцыятары ўвядзення пасады прэзідэнта і не хавалі, што той, хто ім стане, будзе ўвасабленнем моцнай улады. Казаў пра гэта і старшыня ўраду Вячаслаў Кебіч, які, несумненна, бачыў сябе першым прэзідэнтам суверэннай Беларусі.
Не саромеліся і «маладыя ваўкі», якія пры актыўным удзеле Віктара Ганчара арганізавалі паіменнае галасаванне па найбольш скандальных артыкулах будучай Канстытуцыі, найперш — па «прэзідэнцкім».
Як пісала «Белорусская деловая газета», калі справа была зробленая, дэпутат Дзмітрый Булахаў запэўніў журналістаў, што «будзе ў нас моцны прэзідэнт» і «абярэ яго ўвесь народ».
Галоўнаю мэтаю намэнклятуры была ня гэтулькі сама Канстытуцыя, колькі ўвядзеньне пасады «моцнага» прэзыдэнта – кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады.
Прыняцце Канстытуцыі мусіла стаць сапраўдным святам для маладой незалежнай краіны, пазітыўнай гістарычнай і лёсавызначальнай падзеяй. У рэчаіснасці гэтая падзея стала лёсавызначальнай, але найперш — знакам бяды.
У сакавіку 1994-га «Наша Ніва» надрукавала праграмны артыкул, у якім не было ні слова пра Канстытуцыю і прэзідэнцкую рэспубліку. Але была перасцярога пра набліжэнне змрочнай эпохі:
Яшчэ слаба ўсьведамляючы гэта, Беларусь спакваля ўваходзіць у новыя часы свайго існавання – часы замглёнай гістарычнай пэрпэктывы, расплывістых крытэрыяў і няясных мэтаў. Дармовая, нічым не аплочаная, ня выпакутаваная незалежнасьць аддаецца гэтак жа лёгка й бясплатна, як і далася.
Канстытуцыю, што адкрывала шлях да інстытута прэзідэнцтва, яшчэ не прынялі, а патэнцыйныя ўдзельнікі не абвешчанай кампаніі ўжо паехалі па краіне. Здагадайцеся, хто быў адным з першых?

Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное