Гісторык: «Трэба памятаць і пра тых абаронцаў-беларусаў, якія поплеч з палякамі бралі ўдзел у змаганні з акупантамі»

Роўна 80 гадоў таму, 1 жніўня 1944 года, пачалося Варшаўскае паўстанне. Яго лічаць адным з найбуйнейшых збройных чынаў антынацысцкага падполля ў акупаваных гарадах Еўропы.

Повстанческий патруль в Варшаве. 1 августа 1944 года. Muzeum Powstania Warszawskiego / Wikimedia Commons

Удзел у баях узялі каля 50 тысяч паўстанцаў. Замест планаваных некалькі дзён паўстанне доўжылася больш за два месяцы.

Трэба адзначыць, што побач з палякамі ўвесь той гераічны ды пакутніцкі шлях прайшлі і беларусы.

— Прысутнасць беларусаў у Варшаве была заўважанай яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны. Польская сталіца ніколі не была чужой беларусам, — тлумачыць перадгісторыю Юрый Грыбоўскі на канале Belarusian Institute of Public History. — У міжваенны час беларуская супольнасць Варшавы складала, па заніжаных падліках, недзе каля тысячы жыхароў.

Юрый Грыбоўскі

Калі пачалася вайна, колькасць беларусаў імкліва павялічылася, у тым ліку за кошт польскіх ваеннапалонных беларускай нацыянальнасці, якія апынуліся ў выніку кампаніі 1939 года ў нямецкай няволі. Частка з іх потым была вызвалена з лагераў і пасялілася менавіта ў Варшаве альбо ў яе ваколіцах.

Напачатку вайны ў горадзе існавалі нават розныя беларускія арганізацыйныя структуры грамадскага, культурнага і рэлігійнага характараў.

Сярод іх — беларуская пачатковая школка і дзве парафіі, праваслаўная і рымска-каталіцкая.

Гісторык адзначае, што калі пачалося Паўстанне, лёс варшаўскіх беларусаў склаўся па-рознаму, частка з іх пакінула горад, спынілі дзейнасць і амаль усе арганізацыйныя структуры.

— Але ўсё ж такі значная частка беларусаў працягвала заставацца ў горадзе. Яны знаходзіліся там на працягу ўсіх двух месяцаў, калі адбываліся баявыя дзеянні.

Некаторыя беларусы непасрэдна альбо ўскосна ўдзельнічалі ў Паўстанні. Былі тыя, што бралі ўдзел у змаганні з гітлераўцамі на вуліцах горада. Шмат хто загінуў, — кажа гісторык і ўзгадвае старэйшага сына вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага — Вацлава. Ён жыў у Варшаве, браў удзел у паўстанні і загінуў.

— Акрамя таго ў баях з гітлераўцамі падчас паўстання бралі ўдзел некаторыя выхаванкі і настаўнікі беларускай пачатковай школкі. Так, настаўніцы Сафія Дабрынская і Клеапатра Паўлоўская, якія раней былі звязаныя з польскім незалежніцкім падполлем, далучыліся да ўзброенага змагання.

Узгадваючы беларусаў, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях, нельга не сказаць пра батальён Арміі Краёвай з-пад Стоўбцаў. Гэта быў такі даволі ўнікальны выпадак, калі вайсковая адзінка, якая дзейнічала раней на тэрыторыі Заходняй Беларусі, прайшла маршам у бок Варшавы, каб паўдзельнічаць у баях з нямецкімі войскамі.

У шэрагах гэтага батальёну, паводле звестак камандавання Арміі Краёвай, да 40% асабовага складу былі менавіта беларусы. Таксама беларусы змагаліся ў падпольным ды партызанскім руху, — распавёў гісторык.

Падчас Варшаўскага паўстання загінулі 10 тысяч паўстанцаў, 17 тысяч патрапілі ў палон, 7 тысяч зніклі без вестак. Загінула і каля 150 тысяч грамадзянскага насельніцтва, каля 520 тысяч жыхароў былі выгнаны з горада.

Вялікую частку самога гораду гітлераўцы разбурылі наўмысна. Спецыяльныя нямецкія брыгады знішчалі ўсе ацалелыя будынкі.

— Сярод цывільных жыхароў Варшавы, якія загінулі, таксама шмат прозвішчаў беларусаў. Адным з вядомых быў манах, святар аднаго з Варшаўскіх праваслаўных прыходаў айцец Феафан (Пратасевіч).

Падчас акупацыі ён кіраваў мясцовым варшаўскім дзіцячым прытулкам. І калі пачаліся баявыя дзеянні, гэты прытулак знішчылі фактычна жыўцом. Спалілі яго выхаванцаў, сярод ахвяр быў і айцец Феафан.

Калі паўстанне скончылася, беларусы, якія знаходзіліся ў Варшаве, падзялілі лёс палякаў. Большую частку немцы прымусілі пакінуць горад.

Некаторыя з вымушаных перасяленцаў у першыя пасляваенныя гады вярнуліся ў Варшаву. Сярод іх — настаўніцы Сафія Дабрынская і Клеапатра Паўлоўская, якія перажылі вайну.

Але значнай частцы людзей было наканавана загінуць, — кажа гісторык.

Дагэтуль сярод гісторыкаў працягваюцца спрэчкі наконт таго, ці варта было пачынаць бітву, у якой не было шанцаў на перамогу. Варшаўскае паўстанне не дасягнула ні ваенных, ні палітычных мэт.

Хоць гітлераўцы таксама панеслі значныя страты: загінулі каля 10 тысяч салдат, каля 6 тысяч зніклі без вестак, нямецкія войскі страцілі 300 танкаў, гармат і бронеаўтамабіляў.

І ўсё ж Варшаўскае паўстанне стала для палякаў сімвалам мужнасці і рашучасці ў барацьбе за незалежнасць. У сучаснай польскай гістарыяграфіі яно лічыцца барацьбой за незалежнасць не толькі польскай сталіцы, але і за свабоду і незалежнасць цэлай краіны.

— Кажучы пра Варшаўскай паўстанне, пра гераічнае змаганне польскага народу, жыхароў сталіцы, безумоўна, трэба памятаць і пра тых абаронцаў-беларусаў, якія таксама поплеч з палякамі бралі ўдзел у змаганні з нямецкімі акупантамі, — падкрэслівае Юрый Грыбоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)