Филин

Сяргей Васілеўскі

Карбалевіч: «Сітуацыя на мяжы вайны — гэта не тое, з чым Лукашэнка хацеў бы ісці на выбары»

У чым прычына хвалі міралюбівых заяваў афіцыйнага Мінска.

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў назваў дзеянні Польшчы на беларуска-польскай ​​мяжы «ліхаманкавымі і бессістэмнымі».

— Нічога, акрамя вялікіх нязручнасцей перавозчыкам, сярод якіх у асноўным толькі польскія перавозчыкі, нічога, акрамя гуманітарных праблем для грамадзян, якія перасякаюць граніцу, гэтыя дзеянні не прыносяць, — заявіў чыноўнік.

І дадаў, што Лукашэнка асабіста запрасіў польскі бок сумесна вывучыць сітуацыю на мяжы. Але Варшава ад прапановы не толькі амовілася, але і «пачала вылучаць палітычныя патрабаванні».

Сітуацыю па просьбе Филина пракаментаваў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

— Што могуць азначаць гэтыя словы новага міністра замежных спраў? І які водгук яны могуць мець у Варшаве?

— Калі казаць пра гэтую заяву Рыжанкова, то тут відавачна, што такія дзеянні беларускага боку моцна стымулюе Кітай. Быў і вядомы заклік Пекіна да паразумення паміж Беларуссю і Польшчай, і заява кітайскага МЗС.

І ўлады не могуць гэта ігнараваць. Асабліва тады, калі Польшча зрабіла шэраг захадаў, каб прадэманстраваць гатоўнасць да поўнага закрыцця мяжы.

І тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца грузаперавозчыкі на мяжы, тое, што Рыжанкоў называе «хаатычнымі дзеяннямі», яны відавочныя. Гэта дэманстрацыя рашучасці з боку Польшчы.

І вось у такой сітуацыі беларускі бок прапануе дыялог. Аднак, праблема тут у тым, што няма агульнага парадку дня для перамоваў.

Таму што Варшава патрабуе спыніць мігранцкія атакі на мяжы, выдаць мігранта, які забіў польскага жаўнера, вызваліць Анджэя Пачобута. А Мінск нічога не адказвае на гэтыя патрабаванні, а толькі кажа пра нейкі абстрактны дыялог.

Узнікае пытанне: дыялог аб чым? Калі ў бакоў розны парадак дня гэтых перамоваў, то плён ад іх будзе невялікі. Таму спачатку трэба дамовіцца аб парадку дня, а ўжо потым пачынаць дыялог. Такая пазіцыя Варшавы.

А пазіцыя беларускага боку іншая: спачатку пачнём размаўляць, а тады ўжо выпрацуем парадак дня. І вось гэтае несупадзенне пазіцый сведчыць пра тое, што Мінск гатовы да дыялогу на ўзроўні рыторыкі. І пакуль што няма ніякіх дзеянняў, якія б прадэманстравалі, што ён гатовы да рэальнага вырашэння праблем, якія існуюць у двухбаковых адносінах.

— А чаго варта чакаць ад польскага боку, калі афіцыйны Мінск працягне абмяжоўвацца заявамі, але за словамі не будзе канкрэтных дзеянняў?

— Цяжка тут нешта прагназаваць. Пакуль што я бачу толькі нейкі абмен рэплікамі, падчас якога бакі не чуюць адзін аднаго. І пакуль цяжка сказаць, што тут можа прапанаваць Варшава. І ці гатовая яна да такога абстрактнага дыялогу.

Але тут я, акрамя іншага, бачу пэўныя амбіцыі новага міністра замежных спраў, які б хацеў атрымаць нейкі эфект ад сваёй працы. Маўляў, папярэднікі нічога змаглі, а я прышоў, і ў мяне можа нешта атрымацца. 

Здаровыя амбіцыі новага міністра ў гэтым плане, мне падаецца, у плюс. Але ці многа сёння залежыць ад аднаго міністра, ці ад цэлага міністэрства, калі пакуль што за словамі няма дзеянняў? Бо заклік да дыялогу — гэта добра, але польскі бок хацеў бы пэўных рэальных крокаў. А іх няма.

Вось і Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым паседжанні да 3 ліпеня, заявіў, што рух мігрантаў праз мяжу не будзе перакрыты, бо супраць Беларусі ўведзеныя санкцыі.

Праўда, іх колькасць зменшылася, але, тым не менш, сама плынь не спынілася. І не зразумела, часова гэтая хваля прыпынілася, ці гэта нейкі доўгатэрміновы трэнд. У любым разе, польскі бок чакае канкрэтных дзеянняў, а не словаў. Я так бачу сітуацыю.

— На мінулым тыдні Лукашэнка даволі нечакана заявіў пра паляпшэнне сітуацыі на мяжы з Украінай. Ці можна сказаць, што і заява наконт украінскай мяжы, і словы міністра замежных спраў — гэта падзеі аднаго парадку, што гэта нейкая агульная спроба зняць напружанне на межах краіны?

— Сапраўды, гэта кладзецца адно на другое. І міралюбівыя заявы Лукашэнкі на адрас Украіны. Здаецца, мы такіх заяваў з пачатку вайны не чулі.

Іх падхапілі кіраўнікі сілавых структур. І Хрэнін, і Церцель таксма заявілі, што з украінцамі ў нас усё нармальна, што мы адводзім войскі. 

А сёння яшчэ БЕЛТА апублікавала рэпліку часовага паверанага Беларусі ў ЗША, у якой ён кажа, што Мінск зацікаўлены ў нармалізацыі адносінаў з Вашынгтонам. Я думаю, што невыпадкова і гэтая рэпліка з’явілася.

Акрамя таго, дзіўнаватае вызваленне палітзняволеных. Усё гэта кладзецца ў нейкі адзін шэраг. У чым прычыны гэтага — сказаць пакуль цяжка.

Пра Кітай і беларуска-польскую мяжу я ўжо казаў. Як і пра амбіцыі новага мінстра. Магчыма, гэта звязана яшчэ і з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі.

Сітуацыя жалезнай заслоны на мяжы, сітуацыя крэпасці ў аблозе падабаецца не ўсім беларусам. І гаворка не толькі пра прыхільнікаў апазацыі, але, магчыма, і пра прыхільнікаў самога Лукашэнкі, нейтральных людзей.

Такая сітуацыя на мяжы вайны — гэта не тое, з чым бы Лукашэнка хацеў ісці на выбары. І таму ён спрабуе гэта вобраз трошкі палепшыць.

А магчыма ёсць яшчэ прычыны, пра якія мы не ведаем. Можа нейкія цёркі з Масквой узніклі. Гэта выключна фантазіі, бо ніякіх фактаў мы не маем і можам вылучаць выключна спекулятыўныя гіпотэзы.  

Але сам гэты шэраг заяваў з боку афіцыйнага Мінска сам па сабе даволі цікавы і нечаканы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(10)