Политика

Гары Адамчук

Карбалевіч: «Такія спробы робяцца не ад добрага жыцця»

Палітолаг Валер Карбалевіч даў экспрэс-каментар «Салiдарнасцi» наконт ліста беларускага кіраўніка да генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

– Валер, як можна расцэньваць гэты ліст Лукашэнкі?

– Гэта працяг той лініі, якая была распачата лістом Уладзіміра Макея на адрас Еўразвяза. Гэта спроба выкруціцца з той непрыемнай сітуацыі, у якой апынулася Беларусь у адной звязцы з Расіяй. То бок апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі.

І афіцыйны Мінск разумее, што гэта стратэгія не працуе. Адсюль спробы запэўніваць, што Беларусь не агрэсар, Беларусь за мір. І таму да яе мусяць ставіцца па-іншаму.

– А ці выпадкова гэты ліст быў накіраваны менавіта зараз, акурат напярэдадні сустрэчы з Пуціным у Сочы?

– Гэта паралельныя працэсы. З аднаго боку, дэманстраваць Расіі сваю звышлаяльнасць, падтрымліваць наратывы расійскай прапаганды, атрымліваць з гэтага дывідэнты. З другога, спроба шукаць нейкія іншыя кропкі апоры, іншыя механізмы выжывання.

І гэта адбываецца абсалютна ў стылі Лукашэнкі.

Адначасова казаць «мы не агрэсар, мы за мір», і ў той жа час пужаць захад ракетамі «Іскандэр» і выкарыстоўваць іншыя элементы шантажу.

То бок вядзіце са мной дыялог і здымайце санкцыі. Але ж ясна, што такія спробы робяцца не ад добрага жыцця.

– Якой яшчэ рэакцыі на гэты ліст чакаюць улады Беларусі?

– Справа ў тым, што ААН не настолькі ўплывовая арганізацыя. У тым сэнсе, што зараз яна не надта ўплывае на міжнародныя працэсы. Гэта хутчэй пра тое, што блакуецца экспарт зерня з Украіны, блакуецца экспарт калія з Беларусі.

І, паколькі ў ААН зараз распрацоўваюцца нейкія праекты, каб не дапусціць голада і экспартаваць зерне праз балтыйскія парты, гэты ліст быў накіраваны менавіта ім. Зразумела, улады Беларусі чакаюць змягчэння санкцый. У гэтым галоўны сэнс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)