Политика

Ірына Марозава

Казакевіч: «У сітуацыях падобнага кшталту ўжо можна было б чакаць шматузроўневых праклёнаў і з боку прапаганды, і ад МЗС, і ад самога Лукашэнкі»

Палітолаг Андрэй Казакевіч — пра дыпламатычны дэмарш Арменіі.

Стасункі афіцыйнага Мінска і Ерэвана ахалоджваюцца літаральна на вачах. Прэм’ер-міністр Мікол Пашынян абвясціў, што ні ён, ніхто з іншых афіцыйных прадстаўнікоў краіны не прыедзе ў Беларусь пры Лукашэнку, пасол Арменіі ў Беларусі адкліканы для кансультацый. Прадстаўніка пасольства Арменіі выклікалі ў МЗС Беларуси.

У сваю чаргу, Святлана Ціханоўская вітала магчымы выхад Арменіі з АДКБ і намер не сустракацца з беларускімі ўладамі і выказала надзею на больш шчыльнае супрацоўніцтва.

І толькі Аляксандр Лукашэнка ніяк не адрэагаваў, трымаючы МХАТаўскую паўзу і раздаючы даручэнні сваім новым міністрам ды іншым назначэнцам.

Як разумець цяперашнюю сітуацыю: ці ідзе справа да разрыву стасункаў Ерэвана і Мінска і збліжэння кіраўніцтва Арменіі з дэмсіламі, ці ўсё гэта эмацыйна, але пакуль няпэўна?

— Трэба сказаць, што гэта адлюстраванне агульнай тэндэнцыі ў армянскай знешняй палітыцы — адыход ад інтэграцыі на постсавецкай прасторы і ўзмацненне стасункаў з заходнімі краінамі, перш за ўсё, ЕС і Злучанымі Штатамі, — адзначае доктар палітычных навук, дырэктар інстытута даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

Андрэй Казакевіч

— Мы бачым шмат прыкладаў таго, як стасункі паміж Расіяй і Арменіяй значна пагоршыліся. Таму дастаткова лагічна, што гэтая сітуацыя негатыўным чынам пачынае ўплываць на стасункі з Беларуссю.

Тым больш, што і Беларусь прымала розныя захады, якія можна разглядаць як несяброўскія ў дачыненні да Арменіі — перадусім, праз супрацоўніцтва з Азербайджанам. У тым ліку супрацоўніцтва ў ваенных пытаннях, пастаўка зброі, а таксама засваенне тэрыторый, якія былі ўзятыя пад кантроль Азербайджанам, наогул развіццё рознага кшталту партнёрства з гэтай краінай.

Як вядома, Арменія мінімізавала свае стасункі з АДКБ, пад пытаннем стаіць ЕўраЗЭС — і ў гэтай плыні ахалоджання стасункаў паміж Беларуссю і Арменіяй трэба было чакаць. Тое, што зараз адбываецца, можна назваць лагічным працягам ранейшай сітуацыі.

Адзінае, што крыху здзіўляе — можа быць, апублічанасць, бо ўсё гэта магло адбывацца нефармальна, без агучвання дакладных пазіцый і стаўлення.

Але тое, што пасля пагаршэння стасункаў паміж Ерэванам і Масквой і перспектывы для стасункаў паміж Ерэванам і Мінскам не было — гэта відавочна.

Андрэй Казакевіч дадае, што і з эканамічнага пункту гледжання, і ў іншых накірунках супрацоўніцтва Арменія ніколі не была важным партнёрам для Беларусі — хіба ў кантэксце палітычных гульняў на ўзроўні ЕўраЗЭС і АДКБ, альбо ў якасці рычага ўздзеяння на Азербайджан.

— Двухбаковы таваразварот паміж Беларуссю і Арменіяй мінімальны, ніколі значных памераў не ўтвараў. Таксама цяжка знайсці нейкія агульныя пытанні, звязаныя са сферай бяспекі. Азербайджан, безумоўна, для беларускіх уладаў выглядае значна больш прывабным партнёрам.

— Тое, што беларускі рэжым ніяк не адрэагаваў на заявы Пашыняна, — наколькі гэта, на вашу думку, істотны момант? Ці проста чакаюць, што само неяк рассмокчацца?

— Думаю, што ўсё-ткі маўчанне істотна, і гэта значыць, што няма жадання рабіць эскалацыю. Бо мы ведаем, што ў розных сітуацыях падобнага кшталту ўжо можна было б чакаць шматузроўневых праклёнаў і з боку прапаганды, і ад МЗС, і ад самога Лукашэнкі.

Тое, што ўзятая паўза і афіцыйнай рэакцыі пакуль не было, паказвае: беларускі бок не хоча эскалацыі.

Магчыма, Лукашэнка разлічвае, што армянскую карту калі-небудзь яшчэ можна будзе разыграць — зноў жа, уклініцца нейкім пасярэднікам у стасункі паміж Арменіяй і Расіяй ці Азербайджанам і Арменіяй. Але могуць быць і іншыя разлікі. У любым разе, адназначна не хочацца закрываць такія магчымасці для сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(5)