Филин

Юлія Кот

«Кітай дае зразумець: нам усё роўна, якім чынам вы памірыцеся, галоўнае, каб не перашкаджалі нашаму транзіту»

Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам, для каго гучыць кітайскае папярэджанне ля беларуска-польскай мяжы.

На гэтым тыдні ў Беларусі стартавалі сумесныя беларуска-кітайскія вучэнні  спецназу «Атакуючы сокал». Падобнае «зладжванне» ладзіцца не ўпершыню, але цікавы кантэкст: усё адбываецца на фоне напружаных стасункаў з Польшчай, і без аніякага прадстаўніцтва Расіі.

Што стаіць за вучэннямі і для каго яны больш важныя: для беларускага рэжыму, каб зблізіцца з мацнейшым за РФ саюзнікам, ці для КНР, прадэманстраваць Еўропе свой уплыў? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.

— Варта зазначыць, што гэтыя беларуска-кітайскія вучэнні ўжо пятыя з 2011 году, — звяртае ўвагу аналітык. — Гэта ня нешта такое, што адбываецца ўпершыню.  Што да мэтаў — мяркую, падзея шматфункцыянальная, важная і для Кітая, і для Беларусі.

У часы СССР кітайскія салдаты ў сярэдзіне Еўропы не з’яўляліся, а цяпер — з'яўляюцца. Гэта не значыць, што ў Беларусі неўзабаве будзе кітайская ваенная база. Але адбываецца пашырэнне акна Авэртона: раней камусьці здавалася, што гэта немагчыма, а зараз усё можа быць, і да гэтага прывучаюць свет. Польшчу, напрыклад, Еўразвяз, на мяжы якога гэта ўсё адбываецца.

Дый Расею таксама. І сяброўствам у ШАС, і тым, што, як-ніяк, першая афіцыйная паездка новага міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова (за выключэннем Астаны, дзе ён проста суправаджаў Лукашэнку на саміт ШАС) — у Кітай. Раней, наколькі я памятаю, усе новаспечаныя міністры замежных спраў Беларусі першы візіт рабілі ў Маскву, а тут — вось такая адметнасць.

Зразумела, гэтаму будзе дадзены мільён тлумачэнняў чыста практычных, што  была неадкладная неабходнасьць, што трэба было выканаць працэдуры ўступлення ў ШАС, штаб-кватэра якой у Кітаі — але, тым не менш, гэта званочак Пекіну і Маскве. Ён акуратны, не грубы — з Кітаем і Расеяй спадар Рыжанкоў размаўляе не так, як з генсекам ААН Гуціерышам, якога вучыць жыццю, але пасланне дасланае.

Яшчэ адным магчымым сігналам, дзеля якога праводзяцца вучэнні, Юрый Дракахруст называе канфлікт Беларусі і Польшчы, які пры пэўным развіцці можа прывесці да спынення таварнага транзіту.

— Вядома, што на гэты конт прэзідэнт Анджэй Дуда вёў у Пекіне перамовы з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам, — нагадвае аналітык, — і тады Кітай выдаў гладкую, хоць і даволі рэдкую заяву, што Беларусі і Польшчы лепш не чапаць інтарэсы трэціх краін і неяк улагодзіць свае адносіны.

Некаторыя палічылі гэта «вывалачкай» толькі Лукашэнку, якому пагразіў пальчыкам таварыш Сі — і часткова гэта так, у тым сэнсе, што пасля кітайскай заявы паток мігрантаў істотна зменшыўся (але ж не да нуля). Можна сказаць, што заклік да абодвух бакоў Лукашэнка пачуў і ў пэўным сэнсе адрэагаваў на яго крокам дээскалацыі.

Але, з другога боку, «візіт» кітайцаў у пагонах можа быць наступным сігналам — Варшаве. Яны ж прыехалі не ў Польшчу на вучэнні, а ў Беларусь. Магчыма, гэта паказвае, што імпульс быў дадзены не толькі Лукашэнку, і не толькі да яго, у выпадку чаго, будуць прад’яўляцца прэтэнзіі.

Цяпер Кітай дае зразумець: нам усё роўна, якім чынам вы памірыцеся, галоўнае, каб вы гэта зрабілі і не перашкаджалі нашаму транзіту. Мы ні на чыім баку, а на сваім уласным. І будзем папярэджваць, нават ціснуць на абодвух. У гэтым сэнсе сумесныя вучэнні — частка ціску.

Не сказаць, каб вельмі грубая, каб кітайцы паставілі пад Берасцем базу, адкуль добра бачны Цярэспаль — не, прыехалі і з’едуць, сітуацыя лютага 2022 года не паўторыцца. Але сігнал пасланы.

— Гэткае не апошняе, але відавочнае кітайскае папярэджанне?

— Калі прыгадаць узнікненне гэтага мему, то гэта быў час, калі Кітай быў слабы. Ён рабіў сотні заяваў наконт дзеянняў Злучаных Штатаў, а тыя іх ігнаравалі. І «кітайскае папярэджанне» было сінонімам бяссільнага папярэджання, якое ніхто не слухаў.

Але ж цяпер Кітай іншы. І рэагаваць на ягоныя папярэджанні, як тое рабілі раней, ня вельмі атрымаецца.

Юрый Дракахруст дадае, што не варта падманвацца наконт матываў Кітая і разважаць, быццам Сі можа загадаць беларускаму правіцелю праводзіць дээскалацыю далей — прыбраць усіх мігрантаў ці выпусціць канкрэтных палітзняволеных:

Кітай, строга паліталагічна кажучы, — таталітарная аднапартыйная дыктатура. На правы чалавека нават у сябе яны пляваць хацелі, тое, што яны робяць у Сіндзяні адносна уйгураў —  рэчы, надзвычай далёкія ад выканання правоў чалавека.

Таму і што Лукашэнка нешта парушае — для іх не праблема. Міграцыйныя атакі, якія ладзіць беларускі рэжым  — напэўна, не вельмі добра, з іх гледзішча, але па вялікім рахунку іх гэта мала турбуе.

— Трэба ўлічваць, што яны сябе ўспрымаюць як Чжун-го, «сярэдзіннае царства», цэнтр, сярэдзіну свету. І ў рамках гэтага іх гістарычнага і палітычнага наратыву канфлікт Польшчы і Беларусі ўспрымаецца так: нейкія варвары на ўскраіне свету вядуць свае нікчэмныя сваркі, ахвярай чаго можа стаць святы кітайскі транзіт. І хай бы гэтыя варвары свае звады ўлагодзілі  — усё роўна  як, толькі б не чапалі транзіт.

З улікам гэтага бачання Кітай не разглядае Беларусь як раўнапраўнага саюзніка, у цэнтру свету паводле вызначэння ня можа быць раўнапраўных саюзнікаў з пэрыферыі свету. Але па некаторых пазіцыях Пекін гатовы браць пад увагу інтарэсы афіцыйнага Менску.

І таму прыгаданая заява МЗС КНР, адрасаваная Менску і Варшаве, якая насамрэч адлюстроўвае пазіцыю Пекіну: што ён ні на чыім баку і ў выпадку праблем з транзітам прэтэнзіі будзе прад'яўляць абодвум.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(15)