Класкоўскі: 2020 год для Лукашэнкі стаў шокам, бо ён пра карову ў палацы думаў, а не пра тое, што беларусы хочуць сумленных выбараў
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі — пра трансфармацыю перадвыбарчых абяцанняў правіцеля.
З чым ідзе на сёмы тэрмін Лукашэнка, які пачынаў з абяцанняў запусціць заводы і перамагчы карупцыю, пасля абяцаў давесці заробкі да 500$, пазней — да 1000$, а цяпер ягонае галоўнае абяцанне гучыць «трэба будзе скакаць вышэй»? Пра гэта Филин пагутарыў з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.
— Калі канкрэтна казаць, чаму Лукашэнка цяпер не называе лічбы паляпшэння дабрабыту, думаю, прычына ў тым, што стан эканомікі вельмі няпэўны. З аднаго боку, яна расце, нават насуперак санкцыям, але з іншага боку — гэта дзякуючы моцнай завязцы на Расію і найперш на яе вайскова-прамысловы комплекс.
Калі, напрыклад, вайна скончыцца ці рэсурсы ў Расіі скончацца, таму што санкцыі ўсё ж працуюць, то, натуральна, пахіснецца і беларуская эканоміка. Плюс яна, як свярджаюць эканамічныя эксперты, вельмі перагрэтая.
Адміністрацыйныя метады штучнага стымулявання росту валавога ўнутранага прадукту, штучнае стрымліванне цэн — гэта ўсё выклікае перакосы, дысбалансы ў эканоміцы, і гэта можа рана ці позна рвануць.
Аналітык праводзіць паралель з 2010 годам: у снежні Лукашэнка паспеў правесці выбары, надрукаваць пустых грошай, а ў 2011-м адбыўся страшэнны фінансавы крызіс, інфляцыя за год была 108,7 %, у тры разы патаннеў беларускі рубель.
— Магчыма, Лукашэнка лепей ведае пра стан эканомікі, чым мы з вамі, і таму ён з гэтай прычыны спяшаецца таксама правесці хутчэй «выбары». І таму ніякіх лічбаў павышэння дабрабыту не называе, бо разумее, што ўсё гэта можа вельмі хутка ляснуцца, ну але тое-сёе людзям ён усё ж абяцае.
Калі казаць пра ягоны перадвыбарчы піяр, з аднаго боку, канешне, нічога свежага і новага ён не можа прапанаваць. Учора на нарадзе прагучала, што галоўны пасыл да электарату падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі, што мы павінны скочыць вышэй. Гэта, хутчэй, калі казаць спартыўный тэрміналогіяй, скачкі на месцы.
Так што свежых ідэй апрыёры ў яго не можа быць, бо Лукашэнка — гэта кансервацыя сістэмы. Уся сутнасць ягонай палітыкі — гэта спыніць час, закансерваваць сістэму, — адзначае Аляксандр Класкоўскі.
— Перадвыбарчы піяр у значнай ступені з’яўляецца рытуалам, і тут паказальны флэшмоб «Надо». Ён відавочна праходзіць са зрухам па фазе, таму што, відаць, выбары прыспешылі, а каляндар піяраўскіх мерапрыемстваў быў раней распрацаваны, і таму Лукашэнка сказаў «іду», а тут постфактум пачынаюць яго ўпрошваць — атрымалася храналагічная накладка.
Усё гэта, канешне, выклікае іронію і смех, і выглядае натужна, штучна. Але разам з тым ёсць і пэўныя тэзы, якія могуць працаваць на частку электарату. Вось глядзіце: Лукашэнка пэўныя пернікі падкінуў пенсіянерам, сем'ям, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю. Ён ездзіць па «Дажынках» і хваліць сялян, абяцае дарогі, жытло і гэтак далей, то бок ён працуе на свой традыцыйны электарат — на болей кансерватыўныя катэгорыі грамадства і сацыяльна ўразлівыя групы.
Плюс шырэйшай аўдыторыі — усім беларусам — ён стараецца прадаць ідэю мірнага неба над галавой. Канешне, расійскія дроны трохі псуюць карцінку, але разам з тым Беларусь наўпрост сваім войскам у вайну не ўцягнутая. Лукашэнка і ягоная прапаганда даводзяць, што гэта дзякуючы ягонай мудрай і гнуткай палітыцы.
І як паказвае незалежная сацыялогія, гэта працуе не толькі на лукашыстаў, але і на звычайнага абывацеля, таму што вайны беларусы баяцца. Гэта закладзена ў нацыянальную свядомасць.
Нарэшце ён спрабуе з болей дэмакратычным, прагрэсіўным электаратам гуляцца. Напрыклад, ягоная нечаканая заява, ён даваў у Казані інтэрв'ю «Известиям» і раптам пачаў гаварыць, што калі Расія захоча далучыць Беларусь, то гэта будзе вайна. Ні з лесу ні з бору — яго пра гэта не пыталіся.
Думаю, што гэта такое жаданне засвяціцца незалежнікам. Канешне, малыя надзеі, што так званыя, як ён з'едліва кажа, «змагары» за яго прагаласуюць, ну але ўсё ж такі казырнуць тым, што я ўсё ж такі стаю на варце незалежнасці, ён хоча.
Вызваленне некалькіх груп палітзняволеных — гэта спроба яшчэ і закінуць вуду на Захад, паказаць, што не такі ўжо я крывавы дыктатар, не такі зацяты, мы можам з вамі пачаць нейкую гульню.
Так што, калі падсумоўваць, з аднаго боку, дзяржаўны апарат павінен адпрацаваць перадвыбарчы рытуал, і тут шмат фармалізму, шмат таго, што выглядае камічна нават, але разам з тым ёсць і такі прагматычны піяр, які можа ў пэўнай ступені на пэўныя групы насельніцтва працаваць.
Пуга пугай, але ўсё ж такі чым меней фальшаваць, чым болей пераканаць грамадства, ва ўсякім разе, што цяперашні правадыр — гэта найменшае зло — вось у гэтым кірунку працуюць.
Тут можна згадаць пра дэманізацыю апазіцыі, што яны паспрабуюць перакуліць краіну, калі прыйдуць да ўлады, тут усіх будуць вешаць на ліхтарах, і будзе вайна з Расіяй.
Дэманізацыя апанентаў улады з'яўляецца часткай перадвыбарчага піяру, маўляў, можа, Лукашэнка і не анёл, але без яго будзе горай, страшней і наогул краіна можа страціць незалежнасць.
— Чаму Лукашэнка дбае пра карову, якая, паводле яго, заслужыла палац, а не пра людзей на сяле, у якіх нізкія заробкі? Ці спрацуе ягоная рыторыка на сялян?
— Канешне, карова ў палацы — гэта ягоны ідэфікс, гэтая метафара адлюстроўвае мысленне «крэпкага хазяйственніка». Свая логіка тут ёсць: чым будзе вышэйшая прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы, тым болей людзі будуць зарабляць. Але, канешне, у яго перакошана мысленне ў тым плане, што ён марксіст. Ён жа і чыноўнікам увесь час паўтарае: дайце мне эканоміку, астатняе я вам забяспечу.
Гэта ягоная фатальная памылка, таму што ён не разумее, што беларускае грамадства па многіх параметрах яго перарасло. 2020 год для яго стаў шокам, таму што ён пра карову ў палацы думаў, а не пра тое, што беларусы хочуць яшчэ і справядлівасці, сумленных выбараў, каб закон працаваў і г.д.
Усе гэтыя рэчы ён, можа, і разумее, але пра іх не кажа, таму што для гэтага трэба рэфармаваць і ламаць ягоную сістэму, а цяперашняя сістэма працуе на ягонае захаванне ўлады. Таму нязручныя для сябе пытанні ён адсоўвае ўбок.
І самае галоўнае — паколькі ён нацэлены на кансервацыю сістэмы, то яму зручней у нейкіх тэхналагічных катэгорыях вымалёўваць перспектыву, а не ў чалавечых. Вось у чым і ягоная праблема, і прычыны 20-га года.
Лукашэнка — правадыр, які мысліць у савецка-камуністычнай ці марксісцкай парадыгме. Гэта ў мяне выклікае асацыяцыі са сталінскімі часамі — пяцігодкі, ДнепраГЭС, болей сталі выплавіць і гэтак далей. Усё гэта там рабілася, але разам з тым душылі людзей, яны жылі абы як. Лукашэнка да мозгу касцей савецкі чалавек, і кіруе краінай ён па-савецку — як вялікім калгасам.
— Пяцігодкі для моладзі нафталінам патыхаюць, яны чыталі пра гэта ў падручніках, што калісьці за савецкім часам яны былі, а вось цяпер ізноў. Гэта вяртанне ў СССР атрымліваецца. Ці ёсць для яго сэнс у подкупе выбаршчыка, бо ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы і без «выбараў» ясна, хто «пераможа»?
— Усё адно трэба нешта гаварыць. І ён кажа гэтыя тэзы, якія яму бліжэйшыя — пра карову ў палацы, абяцае пернікі сялянам, пенсіянерам, сем'ям з дзецьмі з інваліднасцю, шырэйшай катэгорыі — мірнае неба над галавой.
Гэта ўсё ж разлічана і на практычны эфект, што людзі нейкім чынам згодзяцца, што не так усё кепска, што калі ламаць гэтую сістэму, калі апазіцыя паспрабуе прыйсці да ўлады, то можа быць горай, то можа быць як ва Украіне. Гэтыя рэчы таксама яго прапаганда стараецца людзям даводзіць.
Таму ў выніку разлік на тое, каб усё ж такі зняць напружанасць у грамадстве, зняць ступень непрымання цяперашняй улады, каб грамадства ці большая ягоная частка пагадзілася, што цяпер, канешне, не вельмі добра, але можа быць яшчэ горш.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное