Красулін: «Былі сустрэчы з Крыстаферам Смітам у Мінску, але мы не пабачылі фотаздымкаў»

Гісторык Яўген Красулін — пра адносіны новай амерыканскай адміністрацыі з беларускім рэжымам і дэмсіламі.

— Давайце прыгадаем папярэднюю кадэнцыю Трампа, яго ініцыятывы па замірэнні з Паўночнай Карэяй, — разважае Яўген Красулін на Еўрарадыё. — Чым яны скончыліся?

Тым, што ўвесь свет даведаўся, што Кім — добры хлопец. Але пасля амерыканцы пабачылі, наколькі ім нявыгадна лезці ў гэтую здзелку з «добрым хлопцам Кімам».

І зараз можа быць тое ж самае. Трамп нагуляецца ў гэтую гульню, пабачыць, што Пуцін — гэта фактар, які стаіць на шляху да міру ва Украіне, ён можа таксама не прыняць тыя ўмовы, якія яму прапануюць, і канфлікт працягнецца.

Яўген Красулін

То бок тут больш фактараў супраць таго, што будуць дасягнутыя нейкія дамоўленасці, якія прызнае значная частка міжнароднай супольнасці. Тая частка, якая зробіць гэтыя дамоўленасці эфектыўнымі.

Таксама гісторык прааналізаваў кантакты прадстаўнікоў новай амерыканскай адміністрацыі з беларускімі дэмсіламі і рэжымам Лукашэнкі.

— Калі глядзець на кантэкст, у якім, напрыклад, адбыўся візіт прадстаўніка Злучаных Штатаў у Беларусь, адкуль ён вярнуўся з трыма зняволенымі, мы пабачым, што гэта адно са звёнаў у даволі доўгім ланцугу дыпламатычных акцый, прадпрынятых новай адміністрацыяй Злучаных Штатаў.

Акрамя Беларусі такі ж візіт быў нанесены і ў тую ж Венесуэлу. Адтуль вярнуліся з шасцю амерыканскімі грамадзянамі, вызваленымі з турмаў. Наўслед ляцелі вітанні ад Мадуры, маўляў, цудоўна, мы гэта разумеем як двухбаковае супрацоўніцтва.

Але Трамп, прыйшоўшы да ўлады, не ануляваў узнагароду за інфармацыю, якая дазволіць арыштаваць Мадуру. Яшчэ ў 2020 годзе ён прапанаваў за гэта 15 мільёнаў даляраў, адміністрацыя Байдана пасля апошняй так званай інаўгурацыі Мадуры падвысіла ўзнагароду да 25 мільёнаў.

Але калі паглядзець на палітыку адміністрацыі Байдана да Венесуэлы, то яе ў амерыканскай прэсе як раз вельмі гучна называлі палітыкай заспакаення агрэсара, бо, як мы памятаем, Байдан зняў санкцыі з Венесуэлы пад абяцанне правесці выбары.

Мадура паабяцаў, санкцыі былі прыпыненыя, канешне, Мадура не выканаў свайго абяцання, і ў выніку санкцыі аднавілі, а Гансалес, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах і якому Мадура не аддаў уладу, прызнаецца як законны прэзідэнт Венесуэлы.

То бок тут не адбылася легалізацыя рэжыму Мадуры.

Прапаную праз гэтую паралель паглядзець і на тое, што можа быць у Беларусі.

Пакуль мы бачылі, што былі перамовы і сустрэчы з Крыстаферам Смітам. Але што мы не пабачылі з гэтых сустрэч у Мінску? Мы не пабачылі фотаздымкаў: дзе яны — абдымкі з Лукашэнкам ці з Церцелем?

І ў той жа час па вяртанні з Мінску ў Вільні адбылася сустрэча Сміта са Святланай Ціханоўскай. І адтуль ёсць вялікая колькасць фотаздымкаў. Зноў жа ў Мюнхене ў Ціханоўскай таксама адбылася вялікая колькасць сустрэч з амерыканскімі палітыкамі, у тым ліку з главой дэлегацыі ЗША.

Гэта ўсё не сведчыць пра занадта добрыя перспектывы для Лукашэнкі і яго рэжыму ў плане зняцця санкцый, легітымацыі, аднаўлення дыпламатычных сувязяў і г.д.

Калі б гэта адбылося, гэта, канешне, стала б вельмі цяжкай перспектывай для Беларусі і для Еўропы таксама. Дзякуй, што давялося данесці да заходніх партнёраў, што без свабоднай недэмакратычнай Беларусі казаць пра нейкую сістэму бяспекі ва Усходняй Еўропе не выпадае.

Бо гэта заўжды будзе плацдарм, які будзе пагражаць не толькі краінам Усходняй, але і Цэнтральнай Еўропы. А далей паўсюль. Як той Судэцкі рэгіён у першай палове ХХ стагоддзя.

Таму мы бачым, як ініцыятывы Трампа, з аднаго боку, выглядаюць для нас даволі непрыемна, а з іншага боку, яны прымушаюць мітусіцца і той бок.

І гэтая ўвага амерыканцаў да беларускіх дэмакратычных сіл і іх лідараў паказваюць, што Трамп не абавязковы гатовы аддаць усё што заўгодна Расіі, — лічыць Красулін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)