Магда: «Нават Лукашэнка ўсведамляе той факт, што для яго аддаць загад пра наступ на Украіну — значыць стаць перад велічэзнымі рызыкамі»
Палітолаг — пра ваяўнічыя словы і рухі афіцыйнага Мінска. І рэакцыю Кіева.
У Гомельскай вобласці Беларусі пачаўся чарговы этап праверкі тэрытарыяльнай абароны. Праходзіць ён на фоне чарговых заяў афіцыйнага Мінску пра перакідванне войскаў і ўзбраення да беларуска-украінскай мяжы і заклікаў Кіева «не рабіць трагічных памылак пад ціскам Масквы».
Нагадаем, нядаўна ў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу Аляксандр Лукашэнка заявіў, быццам Украіна трымае блізу мяжы каля 120 тысяч вайскоўцаў — і нібыта «ў адказ на гэтую агрэсіўную палітыку» беларускі бок таксама перакінуў на гэты накірунак амаль трэць арміі.
Паводле дзяржсакратара Рады бяспекі Вальфовіча, цяпер «спіну памежнікам прыкрываюць» не толькі вайскоўцы сіл спецаперацый, але і танкі, авіяцыя, РСЗА «Паланэз» ды іншая тэхніка.
Кіеў адрэагаваў, адзначыўшы не толькі згуртаванні тэхнікі і зброі, але і наяўнасць сярод вайскоўцаў наймітаў былой ПВК Вагнера. І папярэдзіў Мінск не рабіць пад прыкрыццём вучэнняў правакацый — інакш Украіна зладзіць захады для самаабароны, і ўсе згаданыя аб’екты «стануць законнымі мэтамі для ЗСУ».
Што адбываецца — ці Мінск працягвае «інфармацыйную спецаперацыю» ля мяжы, ці насамрэч небяспека наўпроставага ўступлення Беларусі ў вайну павялічылася?
— Трэба сказаць, што ў беларуска-украінскіх стасунках час практычна спыніўся, — канстатуе ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг, дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Мяркуйце самі: беларуская армія не стала лепшай, беларускія грамадзяне, як і раней, не хочуць ваяваць, пры тым Беларусь атрымала ад Расіі «Іскандэры», якімі ў 2022 годзе расіяне забівалі ўкраінцаў. Дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі фармальна захаваліся, але фактычна іх няма.
І сёння беларуска-ўкраінскія стасункі трымаюцца на здаровым сэнсе тых людзей, хто разумее, што ўдзел Беларусі ў вайне будзе мець наступствы на дзясяткі год наперад. Таму суседзі, у якіх тысячы кіламетраў сумеснай мяжы, не павінныя ваяваць адзін з адным.
Мяркую, нават Лукашэнка ўсведамляе той факт, што для яго аддаць загад пра наступ на Украіну — значыць стаць перад велічэзнымі рызыкамі. Так што ён не спяшаецца і не будзе спяшацца такі загад аддаваць.
Заява ж украінскага МЗС — гэта папераджальны стрэл чалавека, які бачыць, што адбываецца ў ягонага суседа. Дзе іншы сусед, які любіць называць сябе «старэйшым братам», намагаецца гаспадарыць і прасоўваць наперад, падштурхоўваць «малодшага», каб яго рукамі заграбаць жар.
І я вельмі спадзяюся, што ў беларускага народа і кіраўніцтва краіны дастане мудрасці не ўлазіць у авантуру, якую ўкраінцы і беларусы не забудуць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное