Магда: «Паўстае пытанне да ўсіх еўрапейцаў – калі вайна прыйдзе на вашу зямлю, супраціўляліся б, як украінцы?

Кіраўнік украінскага Інстытута сусветнай палітыкі — пра спробы Лукашэнкі стаць удзельнікам мірных перамоў і перспектывы беларуска-украінскіх стасункаў у 2025 годзе.

Название

— Калі называць самыя важныя падзеі за год у стасунках Беларусі і Украіны, трэба адзначыць як мінімум  тры, — зазначае палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда на Еўрарадыё. — Гэта чарговы форум Астрожскіх, бо гэта патрэба нашага агульнага дыялогу, гэта захаванне дыпламатычных адносінаў, якія застаюцца, хоць і фармальныя. Таксама трэба назваць пачатак прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі — ва Украіне яго мала бачаць, і гэта блага.

А літаральна днямі (гэта ўжо будзе «тры плюс», але таксама важна згадаць) украінскі ўрад ухваліў рашэнне пазбавіць рускую і беларускую мову абароны. І гэта вельмі недальнабачна. Я, са свайго боку, буду імкнуцца ўплываць на тое, каб гэтае рашэнне было зменена.

Яўген Магда зазначае: паводле даследавання «Індэкс беларуска-украінскіх стасункаў», у якім эксперты з дзвюх краін паспрабавалі даць комплексную ацэнку сувязяў паміж Беларуссю і Украінай, сумарны бал атрымаўся вельмі нізкі — 1,54.

— То бок, гэта двойка і трэба бацькоў выклікаць у школу. Але ўсё ж лепш глядзець на сітуацыю рэалістычна, чым наогул не згадваць і не гаварыць пра праблемы. А рэч у тым, што Украіна, на жаль, не мае стратэгіі адносна Беларусі, і гэта рэальнасць, — разважае палітолаг. — У нас ёсць Ігар Кізім, які заклапочаны беларускім пытаннем больш, чым шмат хто ва ўрадзе.

Ёсць група «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце. Але ж прынятым рашэннем яго аўтары распісаліся: яны не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца з мовай, і фактычна закрываюць магчымасць беларуска-украінскага дыялогу без выкарыстання рускай мовы.

Прапанова ўрада Украіны выключыць беларускую мову з пераліку тых, якія патрабуюць абароны і падтрымкі — гэта яскравы прыклад, што можна шмат гаварыць, стукацца ў розныя дзверы, што беларускія добраахвотнікі гінуць за Украіну, але ўсё адно стасункі з Беларуссю не выходзяць на парадак дня.

Як грамадзянін Украіны, я разумею, што ёсць іншыя актуальныя праблемы, але атрымліваецца: суседзяў, з якімі ў нас тысяча кіламетраў мяжы, наўпрост не бачым.

Гэтак сама, як не бачым Малдову. І калі мы, робячы тысячу крокаў насустрач адно адному, прайшлі дзясяткі крокаў наперад — то цяпер сотню крокаў здалі назад.

Затое Аляксандр Лукашэнка не дае аб сабе забыць і паўсюль заяўляе, што мірныя перамовы па Украіне немагчымыя без удзелу Беларусі, «гарантый бяспекі» і ўліку беларускіх інтарэсаў. Гэтыя тэзы прасоўваюць і праўладныя палітолагі.

Але наколькі верагодна, што гэтыя жаданні здзейсняцца?

— Калі ўявіць сабе, што Лукашэнка трапіць на такія перамовы, ён мусіць вельмі дакладна пазіцыянаваць сябе. І калі ён — саюзнік Расіі, суагрэсар, то гэтым прыклейвае сябе да Пуціна назаўжды, — лічыць Яўген Магда. — А на маю думку, ён бы гэтага не вельмі хацеў, бо яны суіснуюць разам, але яны не сябры.

Для чаго Лукашэнка патрэбны Пуціну? Каб падкрэсліць праз яго сваю «міратворчасць», здольнасць да перамоў і гэтак далей.

Не забывайцеся, якая ў Пуціна формула: Расія  гатовая шукаць кампрамісы, зыходзячы з уласных інтарэсаў і «рэалій на зямлі». А рэаліі на зямлі — гэта 25% акупаванай зямлі Украіны. І тут насамрэч паўстае пытанне і да беларусаў, і да ўсіх еўрапейцаў: калі вайна прыйдзе на вашу зямлю (а гэтая сітуацыя, на жаль, робіцца ўсё больш рэальнай), вы б супраціўляліся так, як украінцы?

І калі б усе еўрапейцы, хаця б у нашым Балта-Чарнаморскім рэгіёне, ставілі пытанне такім чынам, — гэта робіць ацэнку сітуацыі больш цвярозай.

Аднак, на думку Яўгена Магды, самі мірныя перамовы — вельмі ўяўная канструкцыя, бо калі Пуцін на іх пойдзе, гэта будзе значыць, што ён прызнае Украіну дзяржавай, роўнай сабе — а гэта немагчыма для чалавека, які паўтарае наратыў, быццам «Украіну прыдумаў Ленін».

На двухбаковыя перамовы Расія з Украінай на адным гектары не сядзе. Пуцін хоча весці перамовы з Трампам. Яму трэба, каб ЗША прызналі ягоную веліч. А Трампу патрэбныя хуткія рашэнні.

Як гэта рэалізаваць, калі ва Украіне больш як 1000 дзён працягваецца супраціў? Калі сказаць: мы перастанем вам даваць зброю, то ў нас вырастуць антызаходнія настроі. А калі штурхануць Украіну ў адбымкі Расіі — спадзяюся, усе разумеюць, што наступны крок — бок расійскага акупанта ў Польшчы, краінах Балтыі і далей на Захад.

— Таму Захаду дапамагаць Украіне абараняцца — гэта танней і палітычна больш выгадна. І гэта трэба выразна разумець.

І ўсё ж такі хачу сказаць — беларусам, украінцам і не толькі. Мы пераможам. Таму што рана ці позна кожная імперыя разваліцца. І мы станем сведкамі, як расійскую імперыю пахаваюць, і скажам «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» на яе магіле. У мяне няма ў гэтым сумневаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(26)