Филин

Сяргей Васілеўскі

Магда: Уявіце, што Мусаліні на старонках прэсы заклікае, каб мірныя перамовы з Нямеччынай праходзілі ў Італіі

Украінскі палітолаг – пра «чырвоныя лініі» НАТА і міратворчыя заявы беларускага МЗС.

НАТА канфідэнцыйна і без афіцыйных камунікацый вызначыла прынамсі дзве «чырвоныя лініі», за якімі магчымае прамое ўмяшанне ў вайну Украіны з Расіяй, напісала італьянскае выданне La Repubblica.

Першая «чырвоная лінія» — прамы або ўскосны старонні ўдзел у вайне супраць Украіны. У прыватнасці, у выпадку прарыву на паўночна-заходняй мяжы. Таму што гэта, паводле аўтараў артыкула, можа стварыць калідор паміж Кіевам і Беларуссю.

— Тады Мінск быў бы непасрэдна ўключаны ў ваенны канфлікт. Яго войскі і арсенал мелі б вырашальнае значэнне для Масквы. І гэтая акалічнасць магла толькі актывізаваць абарону на карысць Украіны, — сцвярджаецца ў публікацыі італьянскай газеты.

Амаль адначасова ў інтэрв’ю расійскаму агенцтву РИА Новости міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што афіцыйны Мінск бачыць сябе часткай перамоўнага працэсу:

— Будзем спадзявацца, што рана ці позна гэтыя перамовы адновяцца, але яны адновяцца сапраўды ў правільным фармаце, паміж Расіяй і Украінай, натуральна. І мы сябе бачым часткай гэтага працэсу, паколькі гэты канфлікт непасрэдна закранае і Беларусь.

Филин абмеркаваў публікацыю ў італьянскай газеце і заяву кіраўніка беларускага МЗС з палітолагам, дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдай.

— Наколькі рэалістычны сцэнар, які прапануе La Republicca?

— Па-першае, я не люблю такія публікацыі, бо яны скіраваныя на тое, каб павялічваць наклад газет. Але пры гэтым яны, як правіла, не маюць нічога агульнага з рэальнасцю.

Па-другое, я думаю, што ў НАТА цвяроза ацэньваюць вайсковы патэнцыял Беларусі і разумеюць, што фармальнае ўцягванне яе ў вайну — гэта не галоўны выклік.

Галоўны выклік — гэта тое, што з беларускай тэрыторыі можа дзейнічаць расійская армія. Гэта нашмат больш небяспечна.

Па-трэцяе, у мяне ёсць адчуванне, што Расія зараз напаўняе інфармацыйную прастору самымі рознымі чуткамі, каб стварыць паралельную інфармацыйную рэальнасць і дзякуючы гэтаму паспрабаваць дасягнуць уласных інтарэсаў.

Каб калі і выходзіць на нейкія перамовы, то на ўмовах, якія будуць зручныя Маскве. Гэта тое, што на сённяшні момант выглядае найбольш верагодным.

— Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што такая публікацыя — падарунак для Лукашэнкі, бо дае яму дадатковыя аргументы перад Масквой, каб не ўцягвацца ў вайну. Як вы лічыце, што для Мінска насамрэч азначае такая публікацыя?

— Згодны, што гэта можа быць падарункам для Лукашэнкі. Але тут узнікае пытанне, ці не арганізавалі гэта самі беларускія спецслужбы з дапамогай расійскіх?

То бок, я не сказаў бы, што тут усё выглядае так лінейна. Думаю, тут задзейнічана шмат фактараў і праблем, якія на сённяшні момант існуюць.

— Каго хоча пераканаць у міралюбівасці Беларусі міністр Алейнік? Ці ёсць яшчэ зацікаўленыя бакі ва ўдзеле Мінска ў перамоўных працэсах акрамя Лукашэнкі і, магчыма, Масквы?  

— У Алейніка праца такая, яму грошы плацяць, каб ён пераконваў, што Беларусь можа быць усходнееўрапейскай Швейцарыяй.

Але пасля 24 лютага 2022 года толькі абсалютны вар’ят можа паверыць у тое, што Лукашэнка можа забяспечыць у Беларусі перамоўную пляцоўку.

Алейнік, які выступаў у РИА Новости, у галоўным рупары расійскіх прапагандыстаў, гэта рэальны дыягназ. Гэта ўсё адно, калі б Мусаліні на старонках Völkischer Beobachter (друкаванага органа НСДАП – Ф.) заклікаў, каб мірныя перамовы з Нямеччынай праходзілі ў Італіі, годзе так у 1942-м.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)