Махоўскі: «Баланс даволі шакуючы»

Эканамічны аглядальнік — пра тое, што не так з балансам насельніцтва ў нашай краіне і па-за межамі.

У ААН ацанілі колькасць беларусаў, якія жывуць па-за межамі нашай краіны. Станам на 2024 год, падлічылі эксперты, колькасць эмігрантаў з Беларусі перавышала 790 тысяч чалавек, альбо 8,7% ад усёй колькасці насельніцтва. І можна меркаваць, што на сёння лічбы яшчэ вышэйшыя.

— Гэта жудасная лічба насамрэч, — каментуе эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ў эфіры Еўрарадыё. — Бо яна вышэйшая за ўсе самыя песімістычныя ацэнкі, якія былі да гэтага часу.

Андрэй Махоўскі

Так, у Лукашэнкі лічбы вельмі вагаюцца: то ён казаў, што 9 тысяч з’ехалі, то — што 100 тысяч. Міліцыя ацэньвала ў 2021-2022 годзе, што краіну пакінулі каля 200 тысяч чалавек. Былі незалежныя ацэнкі, дзе гучала лічба ў 600 тысяч. А цяпер мы бачым — амаль 800.

Натуральна, трэба разумець, што гэта агульная колькасць, і не ўсе тыя людзі з’ехалі пасля 2020 года. Але можна прыкінуць суадносіны: калі на пачатак 2020 года ў Польшчы жылі легальна меней за 30 тысяч беларусаў, то зараз — ужо ў 5 разоў болей.

І ў 2025 годзе эміграцыя ж працягвалася. Можа, яна была не настолькі вялікай, як у папярэднія гады, але вышэйшай, чым да 2020-га.

Наколькі гэтая колькасць адчувальная для Беларусі, якія рызыкі для эканомікі і дэмаграфіі яна з сабой нясе? Аглядальнік разважае наступным чынам:

Колькасць блізкая да крытычнага ўзроўню. Бо праблема не ў тым, колькі адсоткаў людзей з’ехала, а ў балансе між тымі, хто з’ехаў з краіны, і тымі, хто прыехаў у яе.

Той жа ААН дае статыстыку па Польшчы: 11% палякаў з’ехалі і жывуць за мяжой, але на іх месца прыехалі ў значнай колькасці ўкраінцы, беларусы і г.д. А ў Беларусь прыехалі 34 тысячы працоўных мігрантаў — гэта смешна. Баланс даволі шакуючы, на маю думку.

На меркаванне, што абвешчаны Лукашэнкам Год жанчыны нейкім чынам выправіць дэмаграфічную сітуацыю — мо, спрацуюць заклікі ідэолагаў нараджаць болей маленькіх беларусаў — аглядальнік нагадвае: «калі Лукашэнка абвяшчае год чаго-небудзь, з гэтым чым-небудзь здараецца катастрофа».

— Калі 2021 год быў годам народнага адзінства, акурат больш за ўсё людзей з’язджалі з краіны, — прыводзіць Андрэй Махоўскі прыклад з нядаўняга мінулага. — Я, крый божа, не хачу, каб нешта здарылася з беларускімі жанчынамі. Але калі Лукашэнка абвяшчае якісьці год, значыць, з гэтай тэмай зусім усё дрэнна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)